Аб’яднаны штаб паведаміў, што не пагаджаецца зь лічбамі галасаваньня, агучанымі Лідзіяй Ярмошынай. Раніцай 10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская правяла прэс-канферэнцыю, на якой выклала сваё стаўленьне да падзеяў вечара 9 жніўня ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паводле папярэдніх дадзеных ЦВК, Лукашэнка мае 80.23%, Ціханоўская — 9.9%Кандыдат у прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская лічыць сябе пераможцай на выбарах кіраўніка дзяржавы. Сваю выснову яна аргумэнтавала колькасьцю ахвотных за яе прагаласаваць на ўчастках: «Вы бачылі, што адбывалася на ўчастках. У нас ёсьць зьвесткі незалежных назіральнікаў».
Штаб Ціханоўскай лічыць, што ў краіне павінны быць празрыста пералічаныя галасы выбарнікаў.
Ціханоўская адзначыла, што цяпер найважнейшае — спыніць гвалт у краіне.
«Тое, што ўчора адбывалася, гэта недапушчальна, — сказала Ціханоўская. — Гэта проста злачынства. Да нас ішла супярэчлівая інфармацыя пра тое, што ёсьць загінулыя. Я спадзяюся, што гэтая інфармацыя не пацьвердзіцца. Калі яна пацьвердзіцца, то гэта будзе пачатак канца (для ўлады. — РС)... Мы прасілі ўлады не ўжываць гвалтоўных мэтадаў. Мы не былі пачутыя... Я была ўпэўненая, што ўлада ня пойдзе на такі крок. Я хачу выказаць падтрымку ўсім тым, хто пацярпеў. Мы будзем усім пацярпелым дапамагаць у гэтай сытуацыі».
З словаў кандыдаткі ў прэзыдэнты, яна не ведае, ці варта ёй выходзіць на вуліцу ў тым выпадку, калі пратэсты ў Менску будуць працягвацца.
«Вы хочаце, каб я выйшла на вуліцу? Вам ад гэтага будзе лягчэй? Вы думаеце, што гэта ня ўзмоцніць супрацьстаяньне? Я ня ведаю, як адказаць на гэтае пытаньне. Я з народам, я нікуды ня зьехала».
Паводле Марыі Калесьнікавай, аб’яднаны штаб будзе працягваць працу. «Усё толькі пачынаецца, — сказала Калесьнікава. — Мы гатовыя да доўгатэрміновага пратэсту».
Яна таксама паведаміла, што ўначы спрабавала зьвязацца з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Сергеенкам і міністрам унутраных справаў Караевым.
«Я ведаю, што наш зварот з просьбай спыніць ужываньне гвалту дайшоў да адрасатаў, — сказала Калесьнікава. — Аднак мы дагэтуль не атрымалі ад іх адказу».
Калесьнікава паведаміла, што ў аб’яднаным штабе будуць чакаць канчатковых вынікаў галасаваньня, якія агучаць 14 жніўня. Пасьля гэтага будуць прадпрымаць наступныя дзеяньні. З лічбамі, агучанымі Лідзіяй Ярмошынай раніцай 10 жніўня, у аб’яднаным штабе не пагаджаюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начны пратэст у Менску. ШМАТ ФОТАУвечары 9 жніўня ў Менску, усіх абласных цэнтрах і іншых гарадах Беларусі прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, пратэсты зафіксавалі ў 33 гарадах, каля 3000 чалавек затрымалі, зь іх каля тысячы ў Менску. «У выніку сутыкненьняў» пацярпелі 50 грамадзянаў і 39 супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя шпіталізаваныя. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што адзін чалавек загінуў падчас пратэсту мінулай ноччу ў Менску. У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі заявілі, што падчас акцыяў пратэсту ніхто не загінуў.
Паводле зьвестак ЦВК, на выбарах прэзыдэнта Беларусі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка набраў 80,23% галасоў.
Усяго ўдзел у галасаваньні ўзялі 5.798.908 чалавек (84,23%).
Паводле папярэдніх зьвестак ЦВК, за Лукашэнку голас аддалі 4.652.423 выбарнікі, за Сьвятлану Ціханоўскую — 574.312 (9,9%), за Ганну Канапацкую — 97.926 (1,68%), Андрэя Дзьмітрыева — 60.543 (1,04%), Сяргея Чэрачня — 65.784 (1,13%), супраць усіх выказаліся 6,02% выбарнікаў.