Марыя Калесьнікава, паплечніца кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у жывым эфіры тэлеканалу «Настоящее время» зачытала зварот Святланы Ціханоўскай да беларусаў.
"Я — Сьвятлана Ціханоўская. У нас няма інтэрнэту, усю інфармацыю мы атрымліваем з паступаючых смс-паведамленьняў. Гэта вельмі трывожная і ўрыўкавая інфармацыя. Я прашу ўсіх, хто цяпер прымае рашэньні, і перш за ўсё камандзіраў спэцпадразьдзяленьняў: ня трэба ўжываць сілу супраць мірных грамадзян. У выпадку правакацый, калі ласка, ужывайце толькі сувымерныя і самыя неабходныя захады. Зараз любое сілавое супрацьстаяньне — гэта бессэнсоўна: краіна зьмянілася.
Мы не павінны адказваць гвалтам на мірны пратэст. Мы павінны берагчы сябе, берагчы ўсіх беларусаў. Я заўсёды падкрэсьлівала, што мы дзейнічаем толькі а рамках закону і выключна мірна.
Яшчэ раз прашу міліцыю і войскі памятаць пра тое, што яны частка народу. Яшчэ раз прашу выбарнікаў: ніякіх правакацыі, не трэба даваць падставу да ўжываньня да вас гвалту.
Я ведаю, што сёньня раніцай беларусы прачнуцца ў новай краіне і спадзяюся на тое, што заўтра будуць толькі добрыя навіны.
Калі ласка, спыніце гвалт. Перш за ўсё, афіцэры, я ведаю, вы можаце гэта зрабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі