Кіраўніца выбарчага штабу экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава ў жывым эфіры Свабоды распавяла пра навіны ад Віктара Бабарыкі і пракамэнтавала ад'езд Веранікі Цапкалы.
Яна распавяла, што цяпер да яе ўжо не даходзяць лісты ад Віктара Бабарыкі, як і яму не даходзяць лісты ад яе, але ў штабе атрымліваюць інфармацыю ад тых, хто атрымлівае ад яго лісты.
«Мы ведаем, што зь ім фізычна ўсё ў парадку, што ён у курсе сытуацыі. Ён піша нам лісты, у якіх падбадзёрвае і перадае, што мы натуральна павінныя трымацца разам, што мы дзейнічаем правільна і што не павінны здавацца і павінны ведаць, што пачуцьцё ўласнай годнасьці — гэта самае важнае, што ў нас ёсьць, і любы з нас можа вельмі моцна паўплываць на на гэтыя зьмены і перамены», — распавяла Марыя Калесьнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вераніка Цапкала расказала, чаму зьехала ў МасквуШто да адʼезду Веранікі Цапкалы, Марыя Калесьнікава паведаміла, што яна ніяк не папярэджвала абʼяднаны штаб пра свой адʼезд, а паведаміла ўжо толькі 9 жніўня, што празь некалькі гадзінаў яна будзе ў Маскве і будзе галасаваць.
«Са свайго боку і ад імя штабу хачу сказаць, што мы паважаем яе выбар, бо ў гэтай складанай сытуацыі кожны чалавек вырашае для сябе сам, якім чынам засьцерагчы сябе і сваю сямʼю. Натуральна, калі яна адчувае пагрозу — гэты выбар правільны, таму што вельмі важна асабіста для сябе знаходзіцца ў бясьпецы ці хаця б адчуваць гэта», — сказала Марыя Калесьнікава.
Пра гэтую выбарчую кампанію Калесьнікава кажа, што на яе думку, 9 жніўня ва ўсёй Беларусі як «нейкае незвычайнае сьвята і магчымасьць пачатку пераменаў», бо людзі «адчуваюць салідарнасьць адзін з адным і гатовыя будаваць грамадзянскую супольнасьць і свабодную дэмакратычную Беларусь».
Яна сказала, што як толькі Віктар Бабарыка распавёў ёй пра сваё жаданьне балятавацца, яна тут жа прыняла рашэньне, што «пойдзе зь ім да канца» і яна ні на сэкунду не пашкадавала, хоць гэта часам вельмі цяжка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў БеларусіПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.