З раніцы 9 жніўня беларусы паведамляюць пра праблемы з доступам да некаторых інтэрнэт-сэрвісаў. Што вядома.
Чытачы Tut.by паведамляюць пра марудны доступ да Telegram бяз проксі-сэрвэра. Павольна грузіцца Youtube, і Google-сэрвісы. Паведамляюць таксама аб праблемах з шыфраваным трафікам на сайты, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.
Як паведамляюць карыстальнікі, ні праз А1, ні праз МТС, ні праз ByFly не працуе сайт незалежнага назіраньня zubr.in (сайт пераехаў на люстэрка zubr.app, але і там дасяжны ня ўсім).
Апэратар А1 у твітэры напісаў: «Сябры! Сёньня па незалежных ад нас прычынаў назіраюцца складанасьці з доступам да сэрвісаў праз мабільны і фіксаваны інтэрнэт. Як толькі наш выйшэйстаячы правайдэр працягне карэктнае абслугоўваньне, доступ будзе адноўлены аўтаматычна».
Twitter на час публікацыі не таксама ў Беларусі працуе зь перабоямі.
У Telegram-чаце менчукоў паведамляюць аб праблемах з VPN-сэрвісамі, у прыватнасьці з TunnelBear (нагадаем, што напярэдадні гэты сэрвіс падарыў беларусам 10 Гб бясплатных дадзеных). А таксама з сэрвісам 1.1.1.1.
З Tor і VPN, у браўзэры Opera пакуль праблем няма, працуюць некаторыя ананімайзэры.
Праблемы з доступам да інтэрнэт-сэрвісаў назіраюцца ў Менску, Менскай вобласьці, Віцебску, Бабруйску і іншых гарадах.
У «Белтэлекаме» расказалі, што «назіраюцца праблемы і спэцыялісты працуюць над гэтым».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць, калі заблякуюць Telegram ці зусім адключаць інтэрнэтГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З раніцы 9 жніўня праблемы з доступам да сайту «Эўрарадыё» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі