Восем чалавек з каманды кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі 8 і 9 жніўня. Некаторых зь іх ужо асудзілі на «суткі», што прад’яўляюць астатнім — пакуль невядома.
Як апавяла Tut.by прэс-сакратарка штабу Ганна Красуліна, на раніцу 9 жніўня затрыманыя:
- Начальніца штабу і давераная асоба Ціханоўская Марыя Мароз (цяпер на Акрэсьціна),
- Давераныя асобы Ціханоўскай Алег Маісееў,
- Тацяна Канеўская,
- Андрэй Смалянчук (асудзілі на 15 сутак арышту).
- Юры Ўласаў,
- Дзьмітры Ціт (Горадня) не выходзіць на сувязь,
- Павал Мялькоўскі (Горадня) асуджаны на 5 сутак арышту, яго машыну са 100 тысячамі ўлётак канфіскавалі,
- Антон Сташэўскі, затрыманы 8 жніўня, перавялі ў Сьледчы камітэт.
«На жаль, пра многіх зь іх мы ня можам атрымаць далейшую інфармацыю — дзе яны знаходзяцца, што ім прадʼявілі і гэтак далей», — адзначылі ў штабе.
Сама кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская ўвечары 8 жніўня ў мэтах бясьпекі пакінула сваю кватэру. Перад гэтым пад домам Ціханоўскай стаялі супрацоўнікі ў цывільным і падʼехаў мікрааўтобус.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.