У Менску затрымалі і хутка адпусьцілі Марыю Калесьнікаву

Марыя Калесьнікава каля кінатэатру «Перамога» пасьля вызваленьня, 8 жніўня

У Менску на вуліцы Веры Харужай каля штабу Віктара Бабарыкі каля паловы на адзінаццатую невядомыя захапілі Марыю Калесьнікаву.

Каля 23.00 Марыя Калесьнікава на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Менску паведаміла карэспандэнту Свабоды, што яе нібыта затрымалі памылкова.

Your browser doesn’t support HTML5

Інтэрвію Марыі Калесьнікавай карэспандэнту Свабоды пасьля вызваленьня

«Відаць, мяне вырашылі затрымаць памылкова. Вельмі хутка высьветлілася, што Калесьнікава Марыя Аляксандраўна 1982 году нараджэньня — гэта ня той чалавек, якога яны хацелі затрымаць. Мяне пасадзілі ў аўтобус і вельмі ветліва спыталіся, куды я зьбіралася. Я сказала, што на вячэру. І тады яны мяне прывезьлі вось сюды», — гэтак Марыя Калесьнікава пракамэнтавала здарэньне ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды.

Марыя Калесьнікава пасьля вызваленьня на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Менску

«Калі селі ў машыну і пачалі выяжджаць з паркоўкі, дарогу заблякаваў серабрысты мікрааўтобус. Адтуль выйшлі прадстаўнікі міліцыі. Марыю сілай завялі ў бус і зьехалі», — паведамілі раней у штабе Ціханоўскай.

Паводле папярэдняй інфармацыі, Калесьнікаву адвезьлі ў Цэнтральнае РУУС, прычыну затрыманьня не назвалі.

8 жніўня ў Менску затрымалі начальніцу штабу Сьвятланы Ціханоўскай Марыю Мароз. Яшчэ двух прадстаўнікоў штабу Ціханоўскай Антона Сташэўскага і Алега Маісеева выклікалі ў Галоўную ўправу барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Сташэўскага пазьней даставілі ў Сьледчы камітэт. Усе затрыманыя не выходзяць на сувязь.

Увечары 8 жніўня Сьвятлана Ціханоўская ў мэтах бясьпекі пакінула сваю кватэру. Перад гэтым пад домам Ціханоўскай стаялі супрацоўнікі ў цывільным, падʼехаў мікрааўтобус.

Сёньня ў Youtube апублікаваны відэазварот Марыі Калесьнікавай:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў мэтах бясьпекі пакінула кватэру

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі начальніцу штабу Ціханоўскай. Цяпер яна на Акрэсьціна

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.