А 17-й гадзіне 8 жніўня ў Менску затрымалі начальніцу штабу Сьвятланы Ціханоўскай Марыю Мароз, паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка штабу Ганна Красуліна.
Паводле Красулінай, міліцыянты сказалі, што затрымалі Мароз у межах адміністрацыйнага працэсу, але не ўдакладнілі, якога.
Пазьней Ганна Красуліна паведаміла Свабодзе, што Марыю Мароз з Фрунзэнскага РАУС даставілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніка выбарчага штабу Чэрачня асудзілі на 10 сутак арышту«Яе завезьлі ў гэтую турму ў лёгкай летняй сукенцы. Адміністрацыя ЦІП адмовілася прыняць перадачу для Марыі Мароз з асабістымі рэчамі, сродкамі гігіены і адзеньнем, спаслаўшыся на тое, што час на прыёму перадач на сёньня ўжо скончыўся.
У Марыі засталіся дома двое дзяцей, у тым ліку двухгадовая дачка. Мяркуем, што яна будзе на Акрэсьціна да панядзелка, да суду», — сказала Красуліна.
Яна таксама распавяла, што 8 жніўня двух прадстаўнікоў штабу Сьвятланы Ціханоўскай выклікалі ў Галоўную ўправу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. У ГУБАЗіК быў выкліканы Антон Сташэўскі, пасьля яго адвезьлі ў Сьледчы камітэт. Таксама ў ГУБАЗіК выклікалі Алега Маісеева, цяпер зьвестак пра яго няма, яго тэлефон адключаны.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.