Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала заявіў, што ня вернецца ў Беларусь пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі.
«У Беларусь пры Лукашэнку немагчыма, вядома, вярнуцца. Гэта зразумела», — сказаў Цапкала «РИА Новости».
Ён спадзяецца, што ягоная жонка Вераніка Цапкала таксама ў агляднай будучыні пакіне Беларусь.
«Вядома, натуральна. Гэта цалкам відавочна. Мы дзяцей ужо вывезьлі, і калі будзе Лукашэнка, то мы ня зможам жыць у Беларусі. Я не змагу жыць у Беларусі, і жонка, натуральна, будзе са мной. Трэба будзе нейкія новыя формы прыдумляць», — сказаў Цапкала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цапкала ўжо ў Варшаве, там ён сустрэнецца з польскімі і эўрапейскімі палітыкаміЦэнтарвыбаркам Беларусі 14 ліпеня не зарэгістраваў Валера Цапкалу кандыдатам у прэзыдэнты, прызнаўшы сапраўднымі менш за неабходныя 100 тысяч подпісаў, хоць ягоная ініцыятыўная група у выбаркамы здала 160 тысяч.
24 ліпеня праз асьцярогу быць затрыманым Валер Цапкала пакінуў Беларусь і зьехаў у Маскву разам зь дзецьмі. Ягоная жонка Вераніка засталася ў Беларусі і працягнула працу ў аб’яднаным штабе кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.
Пазьней Цапкала заявіў, што зьбіраецца даць сэрыю прэс-канфэрэнцый аб перадвыбарнай сытуацыі ў Беларусі ва Ўкраіне, краінах Эўразьвязу і ЗША. З Масквы ён паехаў у Кіеў, а 7 жніўня прыбыў у Варшаву.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.