У Горадні перанесьлі традыцыйны забег «Горадзенская бегавая дзясятка», які меўся прайсьці позьнім вечарам і ноччу з 8 на 9 жніўня. Яго арганізацыяй займаўся дырэктар горадзенскага стадыёну «Нёман» Віктар Шумель.
Пра перанос паведаміў у горадзенскім бегавым Viber-чаце начальнік упраўленьня спорту і турызму Горадзенскага аблвыканкаму Алег Андрэйчык. Ягонае ўпраўленьне было галоўным арганізатарам прабегу. Андрэйчык патлумачыў, што перанос адбываецца «ў сувязі з адменай масавых мерапрыемстваў» і што бліжэйшым часам прызначаць новую дату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар горадзенскага стадыёна «Нёман» заклікаў прафсаюзы не падтрымліваць ЛукашэнкуВіктар Шумель, які займаўся асноўнай падрыхтоўкай, пацьвердзіў, што яму сказалі пра перанос. Прычыны ён ня ведае, як ня ведае і таго, калі адбудзецца «дзясятка». На гэты прабег, які меўся адбыцца ў Горадні пяты раз, зарэгістравалася каля 250 чалавек.
Напярэдадні стала вядома пра адмену па ўсёй Беларусі канцэртаў з удзелам расейскіх, украінскіх і беларускіх зорак. Анонсы гэтых імпрэзаў зьявіліся ў сацыяльных сетках за некалькі дзён да 8 жніўня, калі яны меліся адбыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па ўсёй Беларусі скасоўваюць анансаваныя ўладамі канцэрты 8 жніўня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэдэрацыя футболу адмяніла матчы ў Менску 7 і 8 жніўня пасьля воклічаў «Жыве Беларусь!» у Салігорску
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.