Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп падпісаў 6 жніўня распараджэньне аб забароне ў краіне кітайскай сацыяльнай сеткі TikTok, а таксама асобнае распараджэньне пра забарону кітайскага мэсэнджара WeChat. Забароны набудуць моц праз 45 дзён.
На сайце Белага дома апублікавалі таксама тэксты лістоў Трампа да сьпікера Палаты прадстаўнікоў і прэзыдэнта Сэнату аб дзьвюх забаронах. У распараджэньнях згадваецца, што падобныя забароны ўводзілі некаторыя іншыя краіны, у прыватнасьці Аўстралія і Індыя. У Сэнаце ЗША раней ужо ўхвалілі забарону TikTok на ўрадавых прыладах.
Праз 45 дзён у ЗША стануць забароненыя любыя транзакцыі ад любой асобы або адносна любой маёмасьці пад юрысдыкцыяй ЗША, да кампаніяў ByteDance Ltd. (Zìjié Tiàodòng) і Tencent Holdings Ltd. (Téngxùn Kònggǔ Yǒuxiàn Gōngsī) або іхных «дачок». Міністру гандлю даюцца паўнамоцтвы прымаць правілы і рэгуляцыі, каб выканаць загады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: «TikTok павінен прадаць бізнэс у ЗША да 15 верасьня»«Распаўсюд у ЗША мабільных праграмаў, якія распрацавалі і якімі валодаюць кампаніі Кітайскай Народнай Рэспублікі, працягвае пагражаць нацыянальнай бясьпецы, замежнай палітыцы і эканоміцы ЗША, — гаворыцца ў абодвух распараджэньнях. — Каб абараніць нашу нацыю, я прыняў захады для барацьбы з пагрозай, якую ўяўляе адна мабільная праграма, TikTok. Неабходны дадатковыя захады для ліквідацыі аналягічнай пагрозы, якую нясе іншая мабільная праграма, WeChat».
TikTok спампавалі ў ЗША 175 мільёнаў разоў (насельніцтва ЗША — 330 мільёнаў). WeChat, можа, саступае ў папулярнасьці іншым мэсэнджарам у ЗША, але зьяўляецца самым папулярным у Кітаі, дзе ім карыстаецца больш за мільярд чалавек. У адпаведнасьці з законам, прынятым у 2017 годзе, кітайскія кампаніі абавязаны супрацоўнічаць з кітайскімі спэцслужбамі.
«TikTok аўтаматычна фіксуе велізарную колькасьць інфармацыі ад сваіх карыстальнікаў, у тым ліку інфармацыю пра актыўнасьць у інтэрнэце і іншых сетках, зьвесткі аб месцазнаходжаньні, гісторыю прагляду і пошуку, — гаворыцца ў адпаведным распараджэньні. — Гэты збор зьвестак пагражае доступам Камуністычнай партыі Кітаю да асабістай і патэнтаванай інфармацыі амэрыканцаў, што можа дазволіць Кітаю адсочваць месцазнаходжаньне фэдэральных супрацоўнікаў і падрадчыкаў, ствараць дасье асабістай інфармацыі для шантажу і весьці карпаратыўны шпіянаж».
Тое ж гаворыцца пра WeChat у адпаведным распараджэньні. Асобна дадаецца, што праграма фіксуе асабістыя зьвесткі кітайцаў, якія наведваюць ЗША, што дазваляе Камуністычнай партыі Кітаю мець мэханізм сачэньня за грамадзянамі, якія «атрымліваюць перавагі жыцьця ў вольным грамадзтве ўпершыню ў жыцьці».
Пра TikTok адзначаецца, што сацсетка цэнзуруе кантэнт, які Камуністычная партыя лічыць непажаданым з палітычных прычынаў, у тым ліку аб пратэстах у Ганконгу і абыходжаньне ў Кітаі з уйгурамі і іншымі мусульманскімі меншасьцямі.