«Улада выбрала за апазыцыю адзінага кандыдата». Незалежны прадстаўнік у выбаркаме — пра выбары, паразы старой апазыцыі і новыя пратэсты.

Кастусь Смолікаў

«Улада выбрала за апазыцыю адзінага кандыдата». Незалежны прадстаўнік у выбаркаме — пра выбары, паразы старой апазыцыі і новыя пратэсты.

Пра тое, ці зьменіцца ўлада 9 жніўня, чым адметная сёлетняя выбарчая кампанія і чаму ня варта байкатаваць выбары, Свабода пагутарыла з кіраўніком Віцебскай арганізацыі Партыі БНФ Кастусём Смолікавым. Ён адзіны апазыцыйны актывіст, уключаны сёлета ў склад абласной камісіі па выбарах.

«Атрымліваецца, што функцыя абласных камісій — дэкаратыўная»

«Сёлета мяне аднаго з прадстаўнікоў апазыцыі ўключылі ў склад абласной камісіі па выбарах. Я таксама быў сябрам выбарчай камісіі ў 2015 годзе. Гэтым разам мы падавалі дакумэнты больш для праформы, і ўключэньне стала для мяне нечаканасьцю.

Па Выбарчым кодэксе абласная камісія кіруе ўсім выбарчым працэсам на тэрыторыі вобласьці. Але па сутнасьці праводзіць выбары аддзел аблвыканкаму. Пэўнае камісійнае рашэньне ніколі ня будзе прынятае, калі яно не адпавядае ўстаноўкам улады. Фактычна атрымліваецца, што функцыя абласных камісій — дэкаратыўная.

Праца камісіі складаецца з агульных паседжаньняў, дзе разглядаюцца некаторыя пытаньні, у тым ліку дзяжурстваў, камандзіровак. Мы будзем хадзіць па выбарчых участках у Віцебску. Магчыма, паедзем па раёнах, наведваць рэгіянальныя ўчасткі.

За выключэньнем некалькіх чалавек, склад камісіі не зьмяніўся з 2015 году. Гэта ўсё людзі сыстэмы».

«Доступ да інфармацыі сябрам камісіі абмежавалі»

«Ня ўсе сябры камісіі маюць аднолькавыя паўнамоцтвы. Старшыня камісіі валодае большымі правамі. Звычайна скаргі падчас праверкі подпісаў за кандыдатаў разглядае камісія. Сёлета старшыня прысвоіў сабе гэтае права і аднаасобна адпісваўся па скаргах членаў штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў. У Віцебску шмат подпісаў не прынялі.

Пасьля выбараў камісія цягам месяца будзе працаваць у сваім паўнамоцным складзе. І магчымасьць удзелу ў разглядзе скаргаў застаецца.

Сёлета доступ да інфармацыі сябрам камісіі абмежавалі. Раней уся ўваходная дакумэнтацыя была ў адкрытым доступе. У гэтым годзе шэраг дакумэнтаў, у тым ліку акты аб праверцы подпісаў з раённых камісіяў, у якой мы ня ўдзельнічалі, схаваныя ў сэйф. Тое самае зь некаторымі скаргамі кандыдатаў.

Абласная выбарчая камісія — гэта орган, які працуе паводле пляну. За два месяцы працы сябры камісіі ў поўным складзе зьбіраліся тры разы. Першы раз абралі старшыню, другі — засьведчылі вынікі праверкі подпісаў. І трэці — прынялі ўдакладненьні па фінансах: зьявіліся свабодныя грошы, і іх пусьцілі на набыцьцё сродкаў ад вірусных інфэкцый».

«Улада выкарыстоўвае вірус для сваіх мэтаў»

«Некалькі разоў на ўваходзе ў аблвыканкам у мяне правяралі тэмпэратуру бескантактным тэрмомэтрам. Самае нізкае паказаньне было 34,6. Я падазраю, што любыя спробы вызначэньня, хворы чалавек ці не, у нас не спрацоўваюць.

Па статыстыцы, у краіне ўсё менш хворых на каранавірус. А на выбарах — такія жорсткія захады перасьцярогі. Улада выкарыстоўвае вірус для сваіх мэтаў. Гэты падыход чыста палітычны. Абмежаваньне назіральнікаў — крок ЦВК, каб спыніць хвалю незадаволеных. Я не разглядаю гэта як спробу змаганьня зь вірусам».

«Ціхае бухценьне з кухняў пачынае прарывацца»

«Кожная выбарчая кампанія заўсёды нечым адметная. Для мяне было нечаканасьцю, як і для ўлады, што людзі самаарганізуюцца і ў іх такі пратэставы настрой. Гэтая кампанія засьведчыла, што тое ціхае бухценьне ў беларусах, якое раней гучала на кухнях, пачынае прарывацца. Сымбалем гэтай кампаніі я б назваў скараварку, якая стаіць на агні. Зь яе выходзіць пара, але ўнутры яшчэ застаецца вада. Трэба спускаць пару, або яна рване.

Несумненная адметнасьць сёлетніх выбараў — удалае рашэньне вызначыць, што тры жанчыны могуць весьці кампанію. І людзям гэта падабаецца. Заўсёды цікавей гартаць „Плэйбой“ замест даведніка сельскагаспадарчай тэхнікі.

Тут няма зьнявагі ці нейкага прыніжэньня. Выявілася: калі садзяць беларускіх мужчынаў, беларускія жанчыны нармальна займаюць іх месца ў палітычнай кампаніі».

«Дзейнасьць аб’яднанага штабу прыводзіць да прыходу ў палітыку новых людзей»

«Я заўсёды быў за тое, каб любыя выбары былі элемэнтам актывізацыі людзей. Ніхто ня думаў, што, пасадзіўшы Ціханоўскага, улада дасьць пачатак новай палітычнай дзейнасьці яго жонкі.

Я вельмі рады, што дзейнасьць аб’яднанага штабу прыводзіць да прыходу ў палітыку новых людзей, новых актывістаў. Паказальна, што сярод іх шмат моладзі. Маладыя людзі не адседжваюцца. Гэта іх выбар. Яны паказваюць сваё стаўленьне да сытуацыі. У першую чаргу — да старой улады. І цяпер ёсьць кандыдат, які, магчыма, ня цалкам адпавядае іх памкненьням, але празь яго магчыма дамагчыся перамен.

Іншая справа, што перамены могуць быць як у лепшы бок, так і ў горшы. Што можа адбыцца — ня буду гадаць. Але важна, каб людзі, якія выйшлі падтрымаць перамены, ня зьніклі пасьля. Каб яны засталіся палітычнымі актывістамі.

Гэтая кампанія вылучыць і ў рэгіёнах, і ў Менску тых людзей, якія наступныя некалькі год будуць тварам апазыцыйнай ці проста палітычнай дзейнасьці».

«Сынусоіду палітычнага жыцьця Беларусі варта пусьціць па іншым графіку»

«Складана разьмяжоўваць людзей на традыцыйную, старую ці новую апазыцыю. Гэта ўмоўныя паняцьці. Людзі прыходзяць у апазыцыю нечакана. Я памятаю часы, калі быў толькі БНФ. Гэта была апазыцыя. Там сабраліся зусім розныя людзі: і нацыяналіст, і расейскі адстаўнік, якому нешта хацелася зрабіць. Партыйныя паседжаньні першых гадоў у Віцебску былі надзвычай эмацыйныя. Калі партыя пачала драбіцца на асобныя арганізацыі, гэта прынесла карысьць, бо людзі аб’ядноўваліся вакол аднадумцаў. Але БНФ пачаў страчваць людзкі патэнцыял. Пасьля разьяднаньня немагчыма было знайсьці агульную мэту, якая б дазволіла нешта зрабіць разам.

З кожным годам патэнцыял апазыцыйных праграм зьмяншаўся. Такія падзеі, як рэфэрэндум 1996 году, альтэрнатыўныя выбары 1999-га, выбары 2001 году, прыводзілі да таго, што ў апазыцыі зьяўляліся новыя людзі. Яны кароткачасова аб’ядноўваліся. Хаця пасьля няўдалых падзей адбываўся яшчэ большы роскід палітычных сілаў. Быў патрэбны час, каб зноў наладзіць чалавечыя адносіны, забыцца старыя крыўды, выпрацаваць новыя мэты. Сынусоіду палітычнага жыцьця Беларусі варта пусьціць па іншым графіку. Бяз рэзкіх скачкоў».

«Папракаць тым, што нешта не атрымалася — мавэтон у палітычнай справе»

«БНФ застаўся як брэнд. Я б не сказаў, што ў партыі няма патэнцыялу. У нас ёсьць цудоўная праграма дзейнасьці і пераўтварэньняў у розных сфэрах. Але цяпер людзі ўспрымаюць БНФ як ганаровую грамату на сьценцы. Зьмяніліся адносіны да структуры. Каб нешта зрабіць, не абавязкова кудысьці ўваходзіць.

Патэрналізм распаўсюджваецца ня толькі на ўладу, але і на апазыцыю. Нараканьні кшталту: вы не зрабілі, вы не дайшлі, вы не перамаглі, — чуем спрэс. У палітычнай дзейнасьці заўсёды спрацоўвае перамога. Я ведаю шмат людзей, якія былі апазыцыйнымі актывістамі, а цяпер займаюцца крытыкай. Крытыкаваць, спасылаючыся на мінулыя дасягненьні, гэта не паказчык таго, што ты маеш рацыю. Папракаць тым, што нешта не атрымалася, — мавэтон у палітычнай справе».

«Асноўная праца, якую праводзіць партыя, — гэта назіраньне»

«БНФ на сёлетніх выбарах адмовілася ад вылучэньня свайго кандыдата. І цяпер асноўная праца, якую праводзіць партыя, — гэта назіраньне і ўдзел у кампаніі „Права выбару-2020“. Усе партыйныя актывісты па рэгіёнах і ў Менску задзейнічаныя ў гэтай працы.

Праца вядзецца даўно. Скончаны этап навучаньня назіральнікаў. Цяпер ідзе акрэдытацыя на выбарчыя ўчасткі. Па Віцебску і вобласьці ад „Права выбару“ назірае больш за 30 чалавек».

«Любы нацыянал-патрыятычны кандыдат у Беларусі на выбарах прайграе»

«Адзіны кандыдат ад апазыцыі ў нашых умовах абіраецца ўладай. Улада засьведчыла, што любыя крокі па вылучэньні з шэрагу апазыцыйных партый некага аднаго могуць спыняцца. Чалавека не рэгіструюць — усё, кандыдата няма. Зараз улада выбрала за апазыцыю адзінага кандыдата — Сьвятлану Ціханоўскую. Яе падтрымлівае народ, прадстаўнікі розных палітычных партый працуюць у яе штабе па рэгіёнах і ў Менску.

Наколькі яна адпавядае адзінаму кандыдату — гэта пытаньне. Але актывістам па сілах зрабіць так, каб яна набліжалася ў сваіх выказваньнях ці дзеяньнях да нейкіх палітычных ідэалаў. Каб яна станавілася сапраўдным апазыцыйным лідэрам.

На гэтых выбарах няма яркага нацыянал-патрыятычнага кандыдата. Хоць любы нацыянал-патрыятычны кандыдат у Беларусі на выбарах прайграе. Нягледзячы на тое, што ўжо падрасло пакаленьне, для якога незалежнасьць і нацыянальная адметнасьць — не пусты гук. І з кожным годам такіх людзей больш. Але тая крытычная маса, якая б дазволіла беларускаму патрыёту перамагчы на выбарах, яшчэ не дасягнутая».

«9 жніўня ўлада ня зьменіцца»

«9 жніўня ўлада ня зьменіцца. Але патэнцыял людзей, якія жадаюць зьменаў, не павінен прапасьці. Гэтыя людзі павінны нейкім чынам засьведчыць, што яны ёсьць. Эканамічная сытуацыя ў краіне вельмі кепская. Эпідэміялягічная сытуацыя таксама нявызначаная. Кажуць, што вірус яшчэ вернецца. Дзеяньні ўлады падчас пандэміі каранавірусу раззлавалі людзей. Калі гэта паўтарыцца ўвосень, гэта можа быць прычынай вельмі жорсткай незадаволенасьці».

«Расчараваньне можа наступіць у тых прапагандыстаў, якія абслугоўваюць дзейную ўладу»

«Беларусы ня будуць расчараваныя пры любым выніку выбараў. Расчаравацца ад таго, што ты нешта хацеў зрабіць, але не атрымалася, нельга. Расчараваньне можа наступіць у тых прапагандыстаў, якія абслугоўваюць дзейную ўладу. Для іх нечаканым вынікам будзе тое, як сапраўды прагаласуюць людзі. Я падазраю, што шэраг прапагандыстаў — хоць і разумныя людзі, але далёка адарваныя ад рэальнасьці. І самі вераць у тое, што кажуць».

«Мэтад „запоўніце сабой пастарунак“ у Беларусі не спрацуе»

«Выбары для беларускіх уладаў — маніпулятыўная справа. Важна, як на гэтую сытуацыю будуць рэагаваць беларускія грамадзяне. Выхад, па беларускіх законах, — гэта несанкцыянаваная акцыя. Я чытаў зварот аднаго з прыхільнікаў Гандзі. Яны выкарыстоўвалі мэтад „запоўніце сабой пастарунак“. Для Індыі, гэта, мабыць, нармальны варыянт. Там насельніцтва шмат. Для Беларусі, бадай, не спрацуе. Калі нашыя пастарункі запоўніць арыштаванымі, а людзі будуць працягваць выказваць сваю незадаволенасьць, як спрацуюць улады? Ператвораць гатэлі ў месцы затрыманьня?

У Віцебскай вобласьці за Лукашэнку сабралі 230 тысяч подпісаў. На Віцебшчыне больш за 700 тысяч выбаршчыкаў. Рэальна атрымліваецца, што кожны трэці падпісаўся за Лукашэнку. Людзі з кожным годам адчуваюць усё большае абурэньне ад гэтых фальсыфікацый. Ці прымусіць гэта нарэшце людзей выйсьці на вуліцы, я ня ведаю. У нашых умовах рэвалюцыі пакуль што не рыхтуе ніхто. Любыя зьмены павінны быць падрыхтаваныя. Я не ўваходжу ў пералік тых людзей, якія іх рыхтуюць. Я займаюся тым, што дапамагаю людзям стаць больш актыўнымі.

Я заклікаю да палітычнай актыўнасьці. Байкот не спрацуе. Ён не замінае ўладзе. З практыкі — любыя вынікі выбараў могуць быць сфармаваныя ў аддзелах раённых адміністрацый ці спушчаныя зьверху і зацьверджаныя пратаколамі выбарчых камісій».

«Дзеяньні ўладаў не зьбіваюць хвалю пратэстаў»

«Я ня ведаю, да якой ступені ўлада будзе бараніць свае фальсыфікацыі. Мяркую, жорстка падавіць акцыі пратэстаў не атрымаецца. Паказальна, што нават спроба нерэгістрацыі кандыдатаў, завядзеньне крымінальных спраў, ізаляцыя лідэраў пратэстаў, паляваньне на актывістаў — нішто не зьбівае гэтую хвалю. Гэта ні на што не ўплывае.

Асноўныя сілы будуць сьцягваць у Менск. Віцебскі АМАП, хутчэй за ўсё, таксама адправяць на Менск, бо там важней. Калі ў Віцебску пачнуць людзі выходзіць, каго на іх скіраваць? Міліцыянтаў з РАУСу? Ці будуць людзі выходзіць у іншых гарадах, складана зараз спрагназаваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзяржаўны апарат Лукашэнку ненавідзіць», — былы чыноўнік Адміністрацыі прэзыдэнта
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Караткевіч, Адамовіч і Кулей пра тое, чым гэтая кампанія адрозьніваецца ад трох папярэдніх

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.