У Гомлі і Мазыры 6 жніўня затрымалі каля 10 актывістаў супольнасьці «Краіна для жыцьця».
У Гомлі на выхадзе з дома амапаўцы затрымалі Андрэя Хільчыка, які быў рэгіянальным каардынатарам збору подпісаў за вылучэньне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзыдэнты. Увечары каля 19.20 яго прывезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Яго жонцы Тацяне ўдалося даведацца, што актывіста арыштавалі на 15 сутак — «за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі».
У Гомлі з ужываньнем сілы затрымалі актывіста Дзьмітрыя Івашкова. Пасьля гэтага яго адвезьлі ў бальніцу, каб зашыць раны на назе. Побач з Івашковым дзяжурыць міліцыя. На затрыманьне прыехала пяць міліцэйскіх аўтамабіляў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Начальніцу штабу Ціханоўскай Марыю Мароз затрымлівалі для «прафіляктычнай гутаркі», вызвалілі праз паўтары гадзіныТаксама БелаПАН стала вядома, што затрымалі Аляксандра Шабаліна. Усе гэтыя людзі праводзілі агітацыю за Сьвятлану Ціханоўскую.
Затрыманы таксама гамяльчанін Юрый Уласаў — давераная асоба Ціханоўскай. Да яго прыйшлі дадому і прад’явілі пастанову на вобшук у рамках крымінальнай справы: нібыта Уласаў 15 лістапада 2019 года абражаў супрацоўнікаў міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіста Кулакова павезьлі адбываць арышт, нягледзячы на хваробуНапярэдадні ў Гомлі быў затрыманы былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Няпомняшчых. Ён быў назіральнікам, яго затрымала міліцыя наўпрост каля выбарчага ўчастка. Пра яго лёс нічога не вядома — жонцы не даюць інфармацыі ні ў міліцыі, ні ў судзе, ні ў ІЧУ. У Гомелі таксама затрыманы Віталь Кулеш, які адседзеў «суткі» за акцыю салідарнасьці, што прайшла ў горадзе 14 ліпеня.
У Мазыры міліцыя затрымала Руслана Парфёнава. Ён праводзіў наўпроставыя трансьляцыі на youtube-канале «Мазыр для жыцьця» і зьбіраў подпісы за Ціханаўскую. У гэтым жа райцэнтры затрымалі Юрыя Панфіленку.
На гэты момант вядома, што міліцыя працягвае шукаць актывістаў «Краіны для жыцьця» у Гомлі і Мазыры. Некаторым зь іх удалося схавацца.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.