Міжнародны ПЭН-клюб, Беларускі ПЭН-цэнтар і 23 іншыя ПЭН-цэнтры выступілі з супольнай заявай, у якой выказваюць занепакоенасьць сыстэматычнымі парушэньнямі права на свабоду выказваньня і іншых правоў чалавека, безь якіх немагчымае правядзеньне дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў.
«Больш за 20 вязьняў беларускіх турмаў на сёньня прызнаныя палітычнымі зьняволенымі, — заявіла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Святлана Алексіевіч. — Сярод іх — блогеры і журналісты, мэцэнаты культуры, тыя, хто ў 2020 годзе абудзілі беларускае грамадзтва, упершыню за 26 гадоў стварыўшы сур’ёзную канкурэнцыю аўтарытарнаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сёньня беларускія пісьменьнікі становяцца побач з народам, бо гісторыя ствараецца на вуліцах і плошчах, а не за сталамі».
Беларускі ПЭН-цэнтар патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, заклікае да павагі свабоды слова і іншых палітычных правоў і выказвае надзею на свабодныя і празрыстыя выбары 9 жніўня ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1362 затрыманьні, 8 гадоў і 7 месяцаў арыштаў, 287 тысяч рублёў штрафаў. Статыстыка з пачатку выбарчай кампанііУ заяве згадваюцца
- Арышт 204 палітычных актывістаў, журналістаў, блогераў і ўдзельнікаў мірных сходаў агулам на 2937 сутак і шматлікія штрафы падчас выбарчай кампаніі.
- Крымінальныя справы «па сфабрыкаваных абвінавачваньнях у эканамічных злачынствах альбо арганізацыі масавых беспарадкаў», якія завялі амаль на 30 чалавек, у тым ліку на блогера Сяргея Ціханоўскага, які зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты.
- Арышт журналіста і палітыка Паўла Севярынца, ляўрэата літаратурнай прэміяў імя Алеся Адамовіча 2007 году і Францішка Аляхновіча 2014 году. У заяве выказваецца занепакоенасьць умовамі ўтрыманьня Севярынца і Ціханоўскага.
- Затрыманьне кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, «філянтропа, вялікага прыхільніка беларускага мастацтва і літаратуры» і яго сына Эдуарда Бабарыкі, які ўзначальваў плятформы Улей і MolaMola і «адыгрываў важную ролю ў падтрымцы незалежных культурніцкіх праектаў».
- Затрыманьне ня менш за 62 журналістаў і зьбіцьцё некаторых зь іх падчас асьвятленьня акцыяў пратэсту (згадваюцца журналіст «Свабоды» Антон Трафімовіч і адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» і фрыланс-кансультант «Радыё Свабода» Ігар Лосік).
- Распаўсюд рэпрэсіяў «на любога, хто выказвае крытыку ўлады: ад музэйных гідаў да музыкаў, тэлевядоўцаў і іншых спэцыялістаў, якія страцілі працу» за крытыку ўлады.
«Беларускія ўлады павінны спыніць перасьлед па палітычных матывах і зьняць усе перашкоды дэмакратычным працэсам», — цытуюцца ў заяве словы Эмануэля Перэ, старшыні Камітэту «Пісьменьнікі за мір».
Заяву падпісалі: Міжнародны ПЭН-клюб, Беларускі ПЭН-цэнтар, а таксама ПЭН-цэнтры Бразыліі, Чэхіі, Даніі, Англіі, Эстоніі, Эфіёпіі, Францыі, Нямеччыны, Новай Зэляндыі, Амэрыкі, Банглядэшу, Харватыі, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Францускай Швайцарыі, Турэччыны, Украіны, Зымбабвэ, Польшчы, Румыніі, Сан-Мігель-дэ-Альендэ, Швэдзкі ПЭН і незалежны ПЭН Кітаю.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.