У сераду ў Камітэце міжнародных справаў Сэнату ЗША прайшлі слуханьні аб прызначэньні на пасады ў шэраг структур у ААН, а таксама на галоўныя дыпляматычныя пасады ў Кіеве і Менску, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле афіцыйнай працэдуры, кандыдатуры спачатку павінны прайсьці зацьвярджэньне ў камітэце, затым будзе агульнае галасаваньне ў Сэнаце.
Прадстаўляючы кандыдатуру на пост амбасадара ў Беларусі Джулі Фішэр, кіраўнік камітэта, рэспубліканец Джым Рыш заявіў, што гэтая намінацыя азнамянуе «важны этап у двухбаковых адносінах Беларусі і ЗША«. У выпадку зацьвярджэньня Фішэр стане першым амэрыканскім амбасадарам у гэтай краіне за 12 гадоў.
Старэйшы чалец камітэта сэнатар-дэмакрат Боб Мэнэндэс таксама адзначыў, што прызначэньне Фішэр супала з крытычным момантам для Беларусі, «калі народ краіны масава выступіў з патрабаваньнем дэмакратыі і павагі да правоў чалавека».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат: «Мы хочам, каб Беларусь заставалася сувэрэннай, незалежнай краінай»Апошняга амбасадара ў Беларусі Вашынгтон адклікаў у 2008 годзе, з тых часоў двухбаковыя стасункі знаходзіліся ў стадыі стагнацыі.
У сваім уступным слове Джулі Фішэр адзначыла, што пасьля расейскай анэксіі Крыму і вайны ў Данбасе ўрад у Менску праявіў зацікаўленасьць у разьвіцьці дыпляматычных і гандлёвых адносін з Вашынгтонам. Кантакты выйшлі на новы ўзровень пасьля візыту ў 2018 годзе ў Менск экс-памочніка дзяржсакратара Ўэса Мітчэла, а кульмінацыяй стала наведваньне краіны дзяржсакратаром Майкам Пампэо ў лютым сёлета.
У выпадку зацьвярджэньня на пасадзе, Фішэр плянуе накіраваць намаганьні на наладжваньне двухбаковых стасункаў паміж краінамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба, каб стасункі былі ўстойлівымі», — першая заява Краўчанкі на пасадзе амбасадара Беларусі ў ЗШАУ сваім уступным слове дыпляматка адзначыла шэраг пазытыўных тэндэнцый, якія намеціліся ў Беларусі, у прыватнасьці ўздым прадпрымальніцтва ў сфэры інфармацыйных тэхналёгій. Яна таксама прывяла прыклад пасьпяховага супрацоўніцтва паміж краінамі: нядаўняя пастаўка ў Беларусь 600 тысяч барэляў амэрыканскай нафты дазволіла зьнізіць залежнасьць краіны ад расейскіх энэргарэсурсаў, а разам з тым забясьпечыла працоўныя месцы ў ЗША.
«Беларусь актыўна зацікаўлена ў прыцягненьні амэрыканскіх інвэстыцый. Я падтрымліваю стварэньне ў Менску Амэрыканскай гандлёвай палаты і бізнэс-рады ў Вашынгтоне з фокусам на Беларусі. Падобныя арганізацыі спросьцяць гандаль з ЗША, а таксама інвэстыцыі», — сказала Фішэр у сваім уступным слове.
Пры гэтым кандыдатка на пасаду пасла адзначыла, што важную ролю ў разьвіцьці стасункаў адыгрываюць маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары, якія пройдуць у краіне ўжо ў гэту нядзелю. Фішэр выказала шкадаваньне ў сувязі з адсутнасьцю на выбарах незалежных аглядальнікаў ад АБСЭ і Рады Эўропы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей расказаў пра пэрспэктывы паставак нафты з ЗША і вяртаньня амбасадараў«Вельмі важна не дапусьціць крокаў назад на шляху да сьціплага прагрэсу, які мы бачым у апошнія гады. Першы элемэнт разьвіцьця стасункаў — гэта сьведчаньне таго, што краіна ня скочваецца назад у працэсе правядзеньня маючых адбыцца выбараў», — заявіла Фішэр, адказваючы на пытаньні сэнатараў.
Джулі Фішэр — кар'ерная дыпляматка. Раней яна працавала ў амбасадах ЗША ў Кіеве, Маскве, Тбілісі, а таксама ў місіі ЗША пры NATO. Апошняя пасада — намесьнік памочніка дзяржсакратара ў справах Эўропы.
Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае
- ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
- У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
- Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
- Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
- Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
- Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
- У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
- У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
- У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
- З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
- У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
- У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
- Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.
11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю
- У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
- У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
- У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.