«Лукашэнка спрабуе падысьці да чырвонай рысы і чакае, што скажа Расея», — гэтымі фразамі расейскі тэлевядоўца Ўладзімір Салаўёў пракамэнтаваў інтэрвію кіраўніка Беларусі ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону.
У сваёй праграме «Соловьёв LIVE» ён абурана выказаўся наконт самога факту інтэрвію. «Мне Лукашэнка баіцца даць інтэрвію», — сказаў ён.
Аднак асабліва Салаўёва раззлавала наступная цытата з гутаркі Гардона з Радыё Свабода пра сустрэчу з Лукашэнкам: «Ён сказаў, што будзе дадзена зялёнае сьвятло пракуратуры і іншым праваахоўным органам Беларусі, якія адпаведна зь беларускімі законамі зробяць усё неабходнае для таго, каб вінаватых перадаць і Расеі, і Ўкраіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гардон расказаў пра здароўе Лукашэнкі і «зялёнае сьвятло» на выдачу баевікоў Украіне«А вось гэта, хлопцы, ужо зусім сур’ёзна», — падсумаваў Салаўёў.
У ноч на 29 ліпеня супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі, але некаторыя зь іх маюць і ўкраінскі пашпарт.
Паводле ўкраінскага цэнтру «Миротворець», большасьць зь іх датычныя да баявых дзеяньняў на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу.
31 ліпеня стала вядома, што Беларусь афіцыйна перадала Ўкраіне сьпіс затрыманых. Праваахоўныя органы і ўлады Ўкраіны зьвярнуліся да Беларусі з просьбай выдаць іх Украіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За каго Пуцін на выбарах у Беларусі?5 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову з Лукашэнкам.
«Спадзяюся, што падазраваных у тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны нам перададуць для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці згодна зь дзейнымі міжнародна-прававымі дакумэнтамі», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.