«Прымала ўдзел у пікетаваньні». На горадзенскую пэнсіянэрку склалі пратакол за налепку на пляншэце

Станіслава Дамшэль

Пэнсіянэрку з Горадні Станіславу Дамшэль вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на Дзень Рэспублікі. Прычынай аказалася налепка на ейным пляншэце з надпісам «Страна для жизни».

Паводле адміністрацыйнага пратаколу, Станіслава Дамшэль парушыла закон у першай палове дня 3 ліпеня на Кургане Славы ў Горадні. Увечары побач з Курганам Славы ладзілася афіцыйнае сьвяткаваньне Дня Рэспублікі.

Згода з дакумэнтам, які атрымала Дамшэль, яна 3 ліпеня «прымала ўдзел у масавым мерапрыемстве — пікетаваньні», «публічна выказвала свае грамадзка-палітычныя інтарэсы ў падтрымку кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Ціханоўскай С.В. з выкарыстаньнем пляншэта з наклейкай на вокладцы „Страна для жизни“».

Станіслава Дамшэль — справа

Як расказала Станіслава Дамшэль, яна ў выходны дзень шпацыравала каля Кургана Славы. Яе пазналі жанчыны, якія праходзілі міма, і прапанавалі сфатаграфавацца разам. Пра Дамшэль пісалі мэдыя, калі яе аштрафавалі за дробнае хуліганства на пікеце Ціханоўскай 29 траўня, разьмяшчалі ейнае фота ў сеціве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны — сапраўдны народ». Пэнсіянэрцы з Горадні, якую прызналі хуліганкай, за ноч сабралі грошы на штраф

Сваёй віны жанчына не прызнае. Кажа, што не пікетавала, а проста сфатаграфавалася зь мінакамі.

Суд над Станіславай Дамшэль прызначылі на 12 жніўня.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.