Агляд публікацый украінскіх СМІ пра беларускія выбары.
Ва Ўкраіне сочаць за выбарчым працэсам у Беларусі, у тым ліку ў кантэксьце сваёй уласнай бясьпекі.
У цэнтар увагі ўкраінскіх СМІ трапілі ня толькі выхад на палітычную арэну «жаночай тройкі», рост пратэставага руху ў Беларусі ці адказы прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі на пытаньне «Чый Крым?». У комплексе з гэтымі тэмамі ўкраінскія журналісты зьвяртаюць увагу на ўсе аспэкты сілавых захадаў, якія выкарыстоўваюць беларускія ўлады напярэдадні дня галасаваньня 9 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад падтрымкі да «Хроснага бацькі»: Як Расея рэагавала на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі
Сілавы сцэнар — небясьпечны для Ўкраіны
Экспэртка цэнтру «Нова Європа» Ганна Мядзьведзева ў артыкуле для «Європейської правди» мяркуе, што наступствы вынікаў беларускіх выбараў для Ўкраіны будуць залежаць ад маштабнасьці і мірнасьці акцый пратэсту пасьля магчымага абвяшчэньня Аляксандра Лукашэнкі пераможцам, а таксама ад таго, наколькі агрэсіўна ён будзе рэагаваць на чаканае грамадзкае незадавальненьне.
Яна мяркуе, што ў выпадку сілавога прыдушэньня пратэстаў Эўразьвяз узмоцніць пэрсанальныя санкцыі супраць беларускіх уладаў, да гэтых санкцыяў можа далучыцца і Ўкраіна, і тады ў Беларусі ня будзе іншага выйсьця, як ва ўмовах эканамічнага крызісу пагадзіцца на паглыбленьне інтэграцыі з адзіным хаўрусьнікам — Расеяй.
«У такім выпадку Расея зможа рэалізаваць даўнюю мару — разьмясьціць свае вайсковыя базы на беларускай тэрыторыі і ціснуць на ўкраінскія ўлады, пагражаючы атакаваць краіну з поўначы. Пры ўмове посьпеху „Плошчы“ і адхіленьня Лукашэнкі краіна зможа пазьней правесьці новыя, дэмакратычныя выбары. Перамагчы могуць некаторыя з асноўных апазыцыянэраў — Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка ці Валер Цапкала. Такі сцэнар можа адкрыць новыя магчымасьці для эканамічнай супрацы Ўкраіны і Беларусі, бо гэтыя кандыдаты выступаюць за лібэралізацыю беларускай эканомікі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэмакратычныя выбары ўзмоцняць сувэрэнітэт». МЗС Украіны пракамэнтавала выбарчую кампанію ў БеларусіГанна Мядзьведзева таксама не выключае, што Расея можа не прызнаць вынікі выбараў у Беларусі і «прыйсьці па дапамогу беларусам», паставіўшы сваіх прадстаўнікоў на чале дзяржавы. Затрыманьне ў Беларусі «вагнэраўцаў», паводле яе, сьведчыць, што Расея гатовая выкарыстаць сілу ў выбарчым працэсе.
«У прыватнасьці, расейскія спэцыяльныя сілы могуць справакаваць гвалт падчас мітынгаў і пасьлявыбарчых пратэстаў, каб ператварыць мірны пратэст у крывавае супрацьстаяньне ўлады і грамадзян з мэтай захапіць уладу ў Беларусі альбо стварыць Лукашэнку такі вобраз, каб ён гарантавана апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі і ім можна было лёгка кіраваць».
Калі такі сцэнар спрацуе, піша Ганна Мядзьведзева, Украіна апынецца ў больш шчыльным варожым атачэньні — Расея будзе пагражаць украінцам ня толькі з усходу і поўдня, а яшчэ і з поўначы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка пасьлядоўна ажыцьцяўляў стратэгію Расеі». У Кіеве расказалі пра расейскі сцэнар на беларускіх выбарах
«Гаворка ідзе пра існаваньне Беларусі»
Вядомы палітычны аналітык расейскага паходжаньня Андрэй Піянткоўскі, які цяпер жыве ў ЗША і якога ўкраінскія СМІ часта запрашаюць, каб пракамэнтаваць украінска-расейскія дачыненьні, у эфіры тэлеканалу «Еспресо» зьвязаў зь беларускімі выбарамі агрэсіўную стратэгію Расеі адносна Ўкраіны:
«Што б ні казалі пра Лукашэнку, пра апошняга дыктатара Эўропы, цяпер гаворка не пра яго і не пра ўладу ў Беларусі. Цяпер ідзецца пра існаваньне Беларусі. І зьнішчэньне сувэрэнітэту Беларусі зьвязанае ў адзіную каскадную апэрацыю са зьнішчэньнем сувэрэнітэту Ўкраіны. І вось гэты правал „вагнэраўцаў“ у Менску дае Ўкраіне вельмі добры шанец для актыўнага супраціву».
Экспэрт перакананы, што група «вагнэраўцаў» была накіраваная ў Менск для таго, каб забіваць:
«У Беларусі затрымалі велізарную групу „вагнэраўцаў“. Зь іх 13 — вядомыя ваенныя злачынцы, зафіксаваныя ва Ўкраіне, якія забівалі ўкраінцаў на Данбасе. І цяпер яны, відавочна, прыйшлі забіваць у Беларусі. Я бачу гэтую падзею як паўтарэньне апэрацыі ў 1979 годзе па ліквідацыі Аміна. Гэта — група, скіраваная на ліквідацыю Лукашэнкі, які апошнім часам упарта выступае супраць поўнага паглынаньня Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі палітоляг пра беларускі пратэст: «Аналягу з Майданам ня бачу. Хутчэй з Грузіяй»«Лукашэнку наканавана стаць Амінам, і ўжо быў падрыхтаваны новы Бабрак, а дакладней, новы Бабарыка (уражвае нават гульня слоў), які павінен вярнуць Беларусь у родную імпэрскую гавань. Лукашэнка пайшоў на рэзкае абвастрэньне, арыштаваўшы групу».
(Гаворка аб апэрацыі савецкіх спэцслужбаў па ліквідацыі старшыні Рэвалюцыйнай Рады Аўганістану Хафізулы Аміна, каб замяніць яго на Бабрака Кармаля. Гэтая апэрацыя папярэднічала ўвядзеньню ў Аўганістан савецкіх войскаў, якія цягам 10 гадоў удзельнічалі там у баявых дзеяньнях.)
«Беларусь — найбольш важны сусед для Ўкраіны»
Некаторыя палітыкі Ўкраіны прапануюць дыстанцыявацца ад беларускіх падзей і разглядаць Беларусь як найбольш важнага суседа, незалежна ад вынікаў выбараў.
Такую думку ў інтэрвію незалежнаму інфармацыйнаму каналу i-ua.tv выказаў экспэрт у пытаньнях індустрыяльнага разьвіцьця Юры Буздуган. Ён некалі ачольваў Сацыял-дэмакратычную партыю Ўкраіны, якая ў свой час была адным з найбольш актыўных удзельнікаў акцыі «Украіна бяз Кучмы». У 1994–1998 гадах ён быў народным дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для нас важна, каб Беларусь ня стала наступнай ахвярай Пуціна». Украінскі дэпутат ініцыяваў зварот да Лукашэнкі«Першае і галоўнае: кожны народ мае права жыць так, як лічыць патрэбным. Падабаецца нам прэзыдэнт Беларусі ці не — яго выбралі беларусы, і гэта іхнае права. Па-другое, вядома, у нас ёсьць сымпатыі і антыпатыі. Але гэта другое, і яно ня можа перабіць першае. Дык як мы мусім ставіцца да прэзыдэнта Беларусі? Як да суседа. У яго на ўчастку можа быць нешта недабудавана і ня так пастрыжаная трава, але гэта ягоная справа. Бо сусед назаўсёды. І адсюль трэба зыходзіць. Пакуль ён да нас ня лезе, ня вучыць нас жыць і не забівае нас, ён мае права быць такі, які ёсьць».
На думку Юрыя Буздугана, у геапалітычным пляне для Ўкраіны няма ў сьвеце больш важнай краіны, чым Беларусь.
Новае ўзбраеньне і падтрымка Лукашэнкі з боку войска
Інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы Ўкраіны таксама зьвяртаюць увагу на паведамленьні Міністэрства абароны Беларусі пра абнаўленьне свайго ўзбраеньня і правядзеньне вучэньняў беларускага войска. Сярод такіх тэмаў — атрыманьне Беларусьсю расейскіх зьнішчальнікаў і правядзеньне збораў рэзэрвістаў на мяжы з Расеяй.
Украінскія журналісты зьвярнулі ўвагу і на зварот Каардынацыйнай рады Афiцэрскiх сходаў вайскова-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны (Украіна) да афіцэрскага корпусу Ўзброеных сіл Беларусі з заклікам падтрымаць Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта горш, чым фарс». Інфармацыйны цэнтар у Кіеве зрабіў першыя ацэнкі беларускіх выбараўПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.