МЗС: Зьвестак аб пацярпелых беларусах пры выбуху ў Бэйруце няма

Побач зь месцам выбуху ў Бэйруце, 4 жніўня

Зьвестак аб пацярпелых грамадзянах Беларусі пры выбуху ў Бэйруце на гэты момант няма, паведаміла міністэрства замежных справаў Беларусі ў Twitter раніцай 5 жніўня.

Амбасада Беларусі ў Сырыі знаходзіцца ў пастаянным кантакце з кампэтэнтнымі органамі Лібану, дадае міністэрства.

Як перадае Reuters, ня менш за 100 чалавек загінулі ў выніку сэрыі выбухаў у Бэйруце, яшчэ больш за 4 тысячы чалавек пацярпелі.

У аўторак сэрыя выбухаў прагрымела ў партовай зоне лібанскай сталіцы. Выбухная хваля разбурыла вялікую колькасьць будынкаў, выбіла шыбы і дзьверы. Пашкоджаны будынак міжнароднага аэрапорта. Выбухны ўдар адчулі нават на Кіпры.

Улады Лібану заявілі, што прычынай магутных выбухаў у партовай зоне Бэйруту сталі 2750 тон аміячнай салетры, канфіскаванай мытнымі службамі шэсьць гадоў таму. Яна захоўвалася на складзе.