4 жніўня стала вядома, што ў апёкавым цэнтры ў Менску памёр 29-гадовы Аляксей Сасноўскі. Ён 30 ліпеня пацярпеў ад аварыі на заводзе беленай цэлюлёзы ў Сьветлагорску.
У выніку аварыі 30 ліпеня на заводзе пацярпелі двое — зваршчык Аляксей Сасноўскі і сьлесар Аляксандар Арэх. Яны атрымалі апёкі. На верталёце МНС абодвух даставілі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтар у Менску.
«Была нейкая паломка, мой брат — ён зваршчык, і ягоны калега — сьлесар працавалі там. Зрабілі што трэба, і апэратар пачаў запуск. Яны засталіся назіраць — каб усё было ў парадку. Ня ведаю, што там адбылося, але набраўся шчолачны газ, і ён выбухнуў. Брат і сьлесар атрымалі апёкі. Мой брат вельмі моцна пацярпеў», — расказваў раней Свабодзе жыхар Сьветлагорску Андрэй, брат Аляксея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьветлагорску аварыя на заводзе беленай цэлюлёзы. Двое ў цяжкім станеАфіцыйна паведамлялася, што прарвала трубаправод, а рабочых, якія знаходзіліся побач, абліло тэхналягічнай вадкасьцю з тэмпэратурай +80 градусаў. У Аляксея Сасноўскага было 90% апёкаў цела, у Аляксандра Арэха — да 40%.
Завод беленай цэлюлёзы пабудаваны на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце за кітайскі крэдыт кітайскімі спэцыялістамі. Ад пачатку будаўніцтва завод суправаджаюць скандалы: няякасны кабэль, аварыі, паломкі, шкодныя выкіды, «дэмарш» кітайцаў, якія кінулі завод і зьехалі, шматлікія скаргі мясцовых на смурод ад заводу.
Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).