4 жніўня а 19:30 у Салігорску меўся адбыцца перадвыбарчы мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай з удзелам Веранікі Цапкалы і Марыі Калесьнікавай. Але ўлады тэрмінова распачалі земляныя работы на вызначанай пад агітацыю пляцоўцы — стадыёне «Будаўнік».
Штаб Ціханоўскай не атрымаў паведамленьняў пра адмену мітынгу ў Салігорску і не пасьпеў папярэдзіць сваіх прыхільнікаў. У выніку людзі сабраліся каля стадыёна. Міліцыя заклікала іх разысьціся, папярэджвала адказнасьцю і ўрэшце выцесьніла з пляцоўкі. Некалькі чалавек затрымалі.
Сьвятлана Ціханоўская павітала людзей на вуліцах, не выходзячы з машыны. Потым яна паехала ў РАУС даведацца пра затрыманых. Ёй там сказалі, што калі ў дзеяньнях затрыманых ня знойдуць складу правапарушэньня, то іх адпусьцяць.
20:40 Перад адʼездам з Салігорску Сьвятлана Ціханоўская запісала зварот да людзей, якія прыйшлі на мітынг.
«Прабачце, што так атрымалася, не ад нас усё залежыць. Афіцыйнага паведамленьня пра тое, што мітынг быў адменены, мы на рукі не атрымалі. Таму прыехалі высьветліць, чаму так сталася, хто нясе за гэта адказнасьць.
Аказалася, што ў РАУС атрымалі паведамленьне, што мітынг ня ўзгоднены, а мы ў нашым штабе гэтага паведамленьня не атрымалі.
Мы не маглі выйсьці да людзей, таму што гэта адразу б пачало трансьлявацца як несанкцыянаваны мітынг. Гэта нам ня трэба было — каб людзей не забіралі, не хапалі. Таму з машыны мы не выходзілі, адразу прыехалі ў РАУС.
Больш за тое, затрымалі двух чалавек з каманды, і вось мы прыехалі даведацца, што зь імі. Сказалі, што высьветляць асобы, — калі ў іх дзеяньнях няма складу правапарушэньня, то іх адпусьцяць».
Пры канцы Сьвятлана Ціханоўская падзякавала жыхарам Слуцку і Салігорску.
«Мы бачылі многіх, мы бачылі падтрымку, людзі стаялі, не разыходзіліся, і мы, як маглі, вас павіталі з машыны. На жаль, выйсьці не змаглі. Усім вялікі дзякуй. Гэта было клясна. Хоць так, але да вас прыехалі. Дзякуй вам за вашую падтрымку».
20:30 Штаб Ціханоўскай запэўнілі, што калі затрыманыя не ўчынілі правапарушэньняў, іх выпусьцяць.
20:15 Сьвятлана Ціханоўская з паплечнікамі прыехала ў Салігорскі РАУС, каб даведацца пра лёс затрыманых.
20:00 Міліцыя выцесьніла людзей ад пляцоўкі, прызначанай для агітацыі. Людзі групамі разышліся па вуліцах. Прайсьці каля пляцоўкі не пускаюць нават звычайных мінакоў.
19:30 У Салігорску каля стадыёна, дзе мелася быць сустрэча зь Сьвятланай Ціханоўскай, сабраліся людзі. На стадыён нікога не пускалі. Шмат міліцыі. Людзей праз мэгафон папярэджвалі пра несанкцыяванае масавае мерапрыемства. Людзі скандавалі «ганьба!», машыны сыгналілі.
Паводле «Белсата», некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку прадстаўніка выданьня «Лідэр-прэс» Уладзімера Уфімцава.
17:45 У суседнім Слуцку каля месца правядзеньня анансаванага мітынгу Ціханоўскай таксама пасьпелі сабрацца людзі. Некаторых зь іх затрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская адмяніла мітынг у Слуцку. Там пачаліся затрыманьніУлады таксама сарвалі пікеты давераных асобаў кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Чэрвені, Дзяржынску і Мядзеле. У Менску мітынг Сьвятланы Ціханоўскай заплянавалі на 6 жніўня ў парку Дружбы народаў. Але ўлады абʼявілі, што ў гэты час там будзе мерапрыемства ў гонар Дня чыгуначных войскаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Са спэцтэхнікай і сабакамі. У Мінабароны расказалі, якое шоў плянуюць 6 жніўня на месцы мітынгу Ціханоўскай
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.