Разьвітаньне з мастаком, сябрам суполкі «Пагоні» Лявонам Грышуком адбудзецца 4 жніўня а 15.30 на Чыжоўскіх могілках у Менску. Ён памёр ад каранавіруснай інфэкцыі, пацьвердзіла ягоная жонка.
Лявону Грышуку стала кепска ў сярэдзіне ліпеня, яго паклалі ў 6-ю менскую клінічную лякарню. Практычна ад пачатку ён знаходзіўся на апараце вэнтыляцыі лёгкіх, апошнім часам яго ўвялі ў штучную кому. 2 жніўня сэрца ня вытрымала. Налета ён мог адзначыць 70-гадовы юбілей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радыяактыўны графіт з даху рэактару зграбалі рукамі», — ніхто зь сяброў мастака-ліквідатара не дажыў да 30-годьдзя чарнобыльскай аварыіРаней у інтэрвію Свабодзе Лявон Грышук расказваў, што даліся ў знакі наступствы працы ліквідатарам Чарнобыльскай аварыі. Выскоквалі пухліны на руках і нагах, іх выдалялі, але тыя зьяўляліся зноў. Пачаліся праблемы з сэрцам, сасудамі, выразалі жаўцяк. Але ён працягваў пісаць, ладзіў пэрсанальныя выставы.
Лявон Грышук нарадзіўся 2 траўня 1951 году ў вёсцы Глінкі на Меншчыне. Скончыў дзіцячую мастацкую студыю Каткова, рэспубліканскую мастацкую школу, Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава.
Служыў у савецкім войску, пасьля аварыі на ЧАЭС быў прызваны на зборы, скідваў радыяактыўны графіт з даху рэактара. У 1986 годзе ўзнагароджаны мэдалём за ўдзел у ліквідацыі аварыі. Тэма тэхнагеннай катастрофы стала адной са скразных у ягонай творчасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выйшла поўная храналёгія мастацкай суполкі «Пагоня» за 25 гадоў яе дзейнасьціСябра Саюзу мастакоў Беларусі і суполкі «Пагоня». Удзельнік нацыянальных і міжнародных выставаў. Ягоныя працы знаходзяцца ў музэях краіны, прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ