Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў у панядзелак, што папулярная кітайская праграма TikTok «перастане ажыцьцяўляць камэрцыйную дзейнасьць» у ЗША, калі не прадасьць свае падразьдзяленьні ў краіне да сярэдзіны верасьня, і падтрымаў перамовы кампаніі Microsoft аб куплі.
«Я вызначыў дату — 15 верасьня, і з гэтага моманту ў Злучаных Штатах у іх ня будзе бізнэсу, — заявіў Дональд Трамп журналістам, паведамляе «Голас Амэрыкі». — Яны спыняць сваю дзейнасьць 15 верасьня, калі Microsoft або нехта яшчэ ня зможа іх купіць і дамовіцца аб угодзе».
Апошнія заявы амэрыканскага лідэра з нагоды мабільнай аплікацыі ўзмацнілі ціск на бацькоўскую кампанію ByteDance, каб заключыць угоду на фоне заяў, што TikTok пагражае нацыянальнай бясьпецы ЗША.
Прэзыдэнт Трамп высунуў новую ўмову, заявіўшы, што продаж амэрыканскай часткі TikTok павінен прывесьці да значных выплат Казначэйству ЗША за ініцыяваньне ўгоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп паабяцаў забараніць кітайскую праграму TikTok у ЗША«Вельмі значная частка гэтай сумы павінна будзе паступіць у казначэйства ЗША, таму што мы робім усё магчымае, каб гэтае пагадненьне адбылася», — заявіў Трамп журналістам.
TikTok, якім карыстаецца мільярд чалавек ва ўсім сьвеце для стварэньня 60-сэкундных відэаролікаў на сваіх мабільных тэлефонах, зьяўляецца тэмай цяперашніх палітычных і гандлёвых бітваў паміж Вашынгтонам і Пэкінам.
Злучаныя Штаты сьцьвярджаюць, што TikTok зьбірае пэрсанальныя зьвесткі карыстальнікаў, да якіх урад Кітаю можа атрымаць доступ у выведніцкіх мэтах.
Супраць праграмы было пачата афіцыйнае расьсьледаваньне зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальнікаў сэрвісу TikTok пакаралі «за адыход ад каштоўнасьцяў сацыялізму»Хоць TikTok адмаўляе, што зьвесткі карыстальнікаў перадаюцца ўраду Кітаю, заснавальнік ByteDance Чжан Імін раней заявіў, што працуе кругласутачна «для дасягненьня найлепшага выніку».
«Мы заўсёды імкнёмся гарантаваць бясьпеку карыстальніцкіх зьвестак, а таксама нэўтральнасьць і празрыстасьць плятформы», - адзначыў Чжан ва ўнутранай заяве кампаніі, паведамляюць кітайскія СМІ.
Аднак, паводле яго, кампанія сутыкнулася з «ростам складанасьцяў у геапалітычным ляндшафце і значным вонкавым ціскам».
Чжан Імін дадаў, што кампанія павінна супрацьстаяць выкліку з боку спэцслужбаў ЗША і прэзыдэнта Трампа, хоць «не адмаўляецца ад вывучэньня якіх-небудзь магчымасьцяў».
Згодна з інфармацыяй, апублікаванай брытанскім выданьнем The Sun, у якасьці магчымага альтэрнатыўнага рашэньня ByteDance плянуе перанесьці глябальныя апэрацыі TikTok у Вялікую Брытанію. Бягучыя міжнародныя апэрацыі разьмешчаныя ў офісах у Лос-Анджэлесе.