Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН прааналізавала праграмы пяці зарэгістраваных кандыдатаў у прэзыдэнты. Толькі сёньня, 4 жніўня, у дзень пачатку датэрміновага галасаваньня, гэтыя праграмы пачалі публікаваць у дзяржаўных газэтах.
Склад:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што сказалі і пра што прамаўчалі кандыдаты. Разважаюць рэжысэр Андрэй Курэйчык і аналітыкі Свабоды
Дзьмітрыеў: парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка і мясцовае самакіраваньне, новыя выбары, беларускамоўны ўнівэрсытэт
Андрэй Дзьмітрыеў абяцае сфармаваць пераходны ўрад разам з сёлетнімі альтэрнатыўнымі кандыдатамі і правесьці прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары з новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі і ўчастковых выбаркамаў.
Ён абяцае абмежаваць прэзыдэнцтва двума тэрмінамі, а таксама забясьпечыць падзел уладаў і выбарнасьць кіраўнікоў гарадоў і раёнаў грамадзянамі; скараціць колькасьць чыноўнікаў і правесьці «публічныя праверкі» адносна кумаўства ў органах улады і сувязяў улады і бізнэсу; прадаць большасьць рэзыдэнцыяў першага прэзыдэнта, а грошы вярнуць у бюджэт.
Дзьмітрыеў абяцае адмяніць сыстэму тэрміновых кантрактаў; вызначыць сярэднюю пэнсію не ніжэйшай за 60% ад сярэдняга заробку па краіне; рэфармаваць прамысловыя прадпрыемствы і прыватызаваць «хранічна стратныя», а скарочаным работнікам паўгода плаціць дапамогу, ня меншую за дзьве траціны акладу, і перавучыць іх; падтрымаць бізнэс у малых і сярэдніх гарадах ды рэалізаваць «Нацыянальную плятформу бізнэсу».
Кандыдат абяцае палепшыць абсталяваньне мэдычных установаў і рэалізаваць праграму «Жыльлё для маладых мэдыкаў»; пазбавіць настаўнікаў нагрузкі, не зьвязанай з навучаньнем і выхаваньнем дзяцей, забараніць паборы ў дзіцячых садках і школах, увесьці ў ВНУ разьмеркаваньне па жаданьні.
У частцы, прысьвечанай дзяржаўнаму ладу краіны, Дзьмітрыеў падкрэсьлівае, што Беларусь мусіць быць парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікай, а паўнамоцтвы прэзыдэнта, якія перашкаджаюць падзелу ўладаў і эфэктыўнай працы дзяржавы, трэба скараціць.
Новае кіраўніцтва краіны мусіць падпісаць Эўрапейскую хартыю мясцовага самакіраваньня, увесьці прамыя выбары мясцовых кіраўнікоў і зрабіць іх залежнымі ад грамадзян, а не ад сталічных чыноўнікаў. Кандыдат абяцае выкараніць «тэлефоннае права» ў судах, якія мусяць быць незалежнымі, а таксама ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.
Дзьмітрыеў лічыць неабходным аптымізаваць колькасьць чыноўнікаў, ліквідаваць «ідэалягічную вэртыкаль», наймаць людзей на дзяржаўныя пасады шляхам адкрытага конкурсу. У краіне, паводле яго праграмы, мусіць разьвівацца эфэктыўная сыстэма электроннага ўраду. Таксама ён абяцае забясьпечыць роўны доступ да фінансаваньня зь бюджэту дзяржаўных і некамэрцыйных арганізацыяў — праз удзел у тэндарах і конкурсах.
У частцы, прысьвечанай сацыяльнай палітыцы, Дзьмітрыеў абяцае забясьпечыць доступ усіх грамадзянаў да якаснага бясплатнага мэдычнага абслугоўваньня ў дзяржаўных мэдустановах пры паралельным разьвіцьці сыстэмы страхавой і прыватнай мэдыцыны. Ён лічыць неабходным павялічыць інвэстыцыі ў сфэру адукацыі, адмяніць плату за навучаньне ў дзяржаўных навучальных установах.
Кандыдат таксама абяцае правесьці пэнсійную рэформу без павышэньня пэнсійнага ўзросту, распрацаваць сыстэму назапашвальных пэнсіяў, дадатковага пэнсійнага страхаваньня, разьвіваць прыватныя пэнсійныя фонды разам зь дзяржаўнымі. Разам з тым, заяўляе ён, будзе распрацаваная эфэктыўная сыстэма адрасных грашовых выплат шматдзетным сем'ям, беспрацоўным, грамадзянам з абмежаванымі магчымасьцямі.
Новае кіраўніцтва краіны, заяўлена ў праграме, будзе спрыяць прадпрымальніцкай дзейнасьці семʼяў, падтрымліваць будаўніцтва жытла ў рэгіёнах для маладых семʼяў і маладых спэцыялістаў, у першую чаргу — індывідуальных жылых дамоў на ўласным зямельным участку.
У эканамічнай частцы праграмы Дзьмітрыеў прадугледжвае ўмацаваньне самастойнасьці Нацыянальнага банку, стабільнасьць валюты і абарону ўкладаў. Ён абяцае спыніць рост цэнаў, зрабіць больш даступнымі крэдыты для рэальнага сэктару эканомікі, забясьпечыць стабільнасьць і празрыстасьць сыстэмы падаткаабкладаньня; правесьці дэкрыміналізацыю эканамічных злачынстваў; прыняць Інвэстыцыйны кодэкс.
Паводле праграмы, у краіне будзе створана асяродзьдзе для разьвіцьця інфармацыйных тэхналёгіяў, экатурызму, транзыту і лягістыкі, вайскова-прамысловага комплексу, альтэрнатыўнай энэргетыкі, інжынірынгу, банкаўскіх паслуг. Паміж прадпрыемствамі ўсіх формаў уласнасьці будзе забясьпечана роўная канкурэнцыя.
Сельская гаспадарка, запэўнівае кандыдат, будзе рэфармаваная на аснове свабоднага разьвіцьця ўсіх формаў уласнасьці і стварэньня рынку зямлі, падтрымкі і разьвіцьця фэрмэрскіх гаспадарак. Дзеля разьвіцьця малых і сярэдніх гарадоў будзе прастымуляванае стварэньне новых прадпрыемстваў у рэгіёнах.
У галіне замежнай палітыкі, паводле праграмы Дзьмітрыева, Беларусь мусіць будаваць раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі сьвету. Пры гэтым зьнешняя палітыка павінна грунтавацца на нацыянальных інтарэсах і спрыяць міру і бясьпецы ў рэгіёне. Пры новым кіраўніцтве, адзначыў палітык, Беларусь ня будзе ўваходзіць ні ў якія вайсковыя блёкі, якія могуць уцягнуць яе ва ўзброены канфлікт.
На пасадзе прэзыдэнта кандыдат абяцае дамагчыся бязьвізавага рэжыму з большасьцю краінаў сьвету, а таксама наладзіць добрыя і ўзаемавыгадныя стасункі як з Захадам, так і з Усходам, выконваючы ўзятыя на сябе міжнародныя абавязаньні і патрабуючы гэтага ад партнэраў.
«Беларусь ня стане стабільнай дзяржавай, калі ня будзе абапірацца на гістарычныя і культурныя традыцыі беларускага народу, — адзначыў Дзьмітрыеў. — Улада будзе адраджаць беларускую культуру і ўмацоўваць нацыянальную самасьвядомасьць як аснову беларускай дзяржаўнасьці і нацыянальнай бясьпекі».
Ён абяцае вызначыць падатковыя льготы і стварыць спрыяльныя ўмовы для ініцыятыў грамадзянскай супольнасьці і бізнэсу, скіраваных на разьвіцьцё беларускай культуры, мовы і нацыянальных каштоўнасьцяў. Новае кіраўніцтва краіны, запэўніў Дзьмітрыеў, прыме закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, адкрые Нацыянальны ўнівэрсытэт, а ў кожным райцэнтры — школу або гімназію з выкладаньнем усіх прадметаў на беларускай мове.
Апрача таго, Дзьмітрыеў абяцае зьняць барʼеры для свабоднай дзейнасьці СМІ і журналістаў, а таксама забясьпечыць раўнапраўе ўсіх канфэсіяў і нацыянальна-культурных меншасьцяў.
Канапацкая: адзін прэзыдэнцкі тэрмін на 7 гадоў у парлямэнцка-прэзыдэнцкай сыстэме, выхад з саюзу з Расеяй, вяртаньне нацыянальнай сымболікі
Ганна Канапацкая выступае за шлях Беларусі да «адзінства і згоды, разьвіцьця і прагрэсу, міру і стваральніцтва», які вядзе краіну «ў сям’ю эўрапейскіх народаў». Яна ўпэўнена, што грамадзяне мусяць «спыніць імклівае падзеньне краіны ў сацыяльную і эканамічную прорву».
«Мы страцілі больш за мільён нашых суграмадзян, апынуліся ў дэмаграфічнай яме, цалкам згубілі свой аўтарытэт у сьвеце і сярод суседзяў, — заяўляе Канапацкая. — Мы маем адсталую прамысловасьць, неэфэктыўную сельскую гаспадарку, велізарны вонкавы доўг, агромністыя адміністрацыйны і рэпрэсіўны апараты, беднае насельніцтва і аўтарытарнага лідэра на чале краіны. Нашыя дзяржаўнасьць і незалежнасьць знаходзяцца пад пагрозай і зьяўляюцца прадметам пастаяннага гандлю».
Кандыдатка выступае за дзяржаўны нэўтралітэт і перагляд міжнародных дамоваў, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам. У прыватнасьці яна лічыць неабходным дэнансаваць дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» з Расеяй, выйсьці з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, спыніць дамовы арэнды вайсковых абʼектаў Расеі на тэрыторыі Беларусі і прыбраць з краіны расейскіх вайскоўцаў.
Для «бяскроўнага цывілізаванага і дэмакратычнага пераходу ўлады» ў Беларусі Канапацкая прапануе замацаваць у заканадаўстве абмежаваньне прэзыдэнцтва адным сямігадовым тэрмінам і абяцае на пасадзе кіраўніка дзяржавы ініцыяваць пераход да парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі. Яна лічыць неабходным даць спэцыяльныя гарантыі папярэдняму прэзыдэнту і яго сямʼі «з асаблівым мэханізмам прыцягненьня яго да судовай адказнасьці пры наяўнасьці дастатковых падставаў».
У галіне бясьпекі Канапацкая абяцае зрабіць захады для ўмацаваньня сувязяў праваахоўных органаў і грамадзянскай супольнасьці; укараненьні перадавых тэхналёгіяў у гарантаваньні грамадзкай бясьпекі; забароны на выкарыстаньне праваахоўных органаў у палітычных мэтах і для барацьбы з іншадумствам.
Для выратаваньня эканомікі кандыдатка абяцае зьменшыць падатковы цяжар і павялічыць эфэктыўнасьць выкарыстаньня падатковых адлічэньняў; цалкам перагледзець дзяржаўную крэдытна-фінансавую і бюджэтную палітыку; прыватызаваць пэўныя дзяржаўныя прадпрыемствы; закрыць неэфэктыўныя вытворчасьці, пераразьмеркаваўшы працаўнікоў; увесьці інстытут прыватнай уласнасьці на зямлю; ліквідаваць наступствы сацыялістычнай калектывізацыі ў сельскай гаспадарцы; замацаваць у заканадаўстве амністыю капіталу; нацыяналізаваць незаконна набытыя актывы і вярнуць выведзеныя з краіны сродкі; даць шматузроўневыя льготы для разьвіцьця малога бізнэсу і нацыянальнага капіталу.
У сфэры дэмаграфіі Канапацкая абяцае рэалізаваць захады ва ўзмацненьні сацыяльнага забесьпячэньня мацярынства і дзяцінства, а таксама праграмы, накіраваныя на стымуляваньне нараджэньня дзяцей, стварэньне і ўмацаваньне маладых семʼяў, забесьпячэньне дадатковых сацыяльных гарантыяў такім семʼям. Яна абяцае істотна зьмяніць і замацаваць у заканадаўстве мэханізмы даваньня мацярынскага капіталу, пашырыць катэгорыі асобаў, якія маюць права на яго атрыманьне. Апрача таго, кандыдатка лічыць неабходным паменшыць дазволены ўзрост уступленьня ў шлюб для жанчын да 17 гадоў са згоды бацькоў.
Канапацкая абяцае ўвесьці адтэрміноўку ад службы ў войску для мужчын з маленькімі дзецьмі, пакуль тым ня споўніцца пяць гадоў; павялічыць прызыўны ўзрост да 20 гадоў; паступова перайсьці да прафэсійнай арміі.
У сацыяльнай сфэры яна выступае за істотныя зьмены ў падтрымцы няпоўных семʼяў; легалізацыю, заканадаўчыя гарантыі і свабоды семʼям у фактычным, але не зарэгістраваным шлюбе; замацаваньне ў заканадаўстве інстытуту сурагатнага мацярынства; частковую рэформу сыстэмы аховы здароўя, скіраваную на павышэньне даступнасьці бясплатнага мэдычнага абслугоўваньня для малазабясьпечаных катэгорыяў грамадзянаў; пэнсійную рэформу — з даваньнем ільготаў пэнсіянэрам, якія працуюць, выключэньнем іх падаткаабкладаньня, захаваньнем за жонкай і мужам пэнсійнага ўзросту права на пажыцьцёвае атрыманьне пэнсіі другога ў выпадку сьмерці аднаго зь іх.
Канапацкая таксама абяцае ініцыяваць вяртаньне дзяржаўнага статусу гербу «Пагоня» і бела-чырвона-беламу сьцягу; абвясьціць галоўным дзяржаўным сьвятам краіны Дзень Волі 25 сакавіка; уключыць у сыстэму дзяржаўных сьвятаў 27 ліпеня і 25 жніўня; увесьці крымінальную адказнасьць за любыя публічныя выказваньні, якія аспрэчваюць або адмаўляюць існаваньне асобнай беларускай нацыі, яе гістарычнага права на стварэньне ўласнай дзяржавы.
Лукашэнка: павялічэньне сярэдняга заробку ўдвая за «пяцігодку», абнаўленьне Канстытуцыі
Аляксандар Лукашэнка адзначае, што да сваёй мэты — стварэньня Беларусі як сучаснай эўрапейскай дзяржавы — беларусы ўсе гады ішлі «шляхам мірнага стварэньня».
«Усякая палітыка (вонкавая і ўнутраная) толькі тады чагосьці вартая, калі яна прыносіць у выніку карысьць людзям. Таму лёзунг „Дзяржава для народу!“ вызначае галоўныя кірункі разьвіцьця»,— адзначаецца ў праграме.
На думку Лукашэнкі, «гатоўнасьць беларусаў браць на сябе адказнасьць за лёс краіны відавочная». «І ступень гэтай адказнасьці ўстановіць сам народ. Але паводле закону! Не на вуліцах і плошчах, а праз прававыя дачыненьні», — падкрэсьліваецца ў праграме.
«Пачнем з Канстытуцыі. Беларусы падчас усенароднага абмеркаваньня вызначаць свае правы, свабоды і абавязкі, а таксама паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады. Галоўная каштоўнасьць — людзі і справядлівае стаўленьне да іх. Мы бачым нашы пэрспэктывы і шляхі дасягненьня новых мэтаў», — запэўнівае Лукашэнка.
Ён абяцае захаваць адукацыю «даступнай і сучаснай». «Усямерная падтрымка дзяржавы тым, хто жадае і гатовы вучыцца, і надалей будзе гарантаваная. Будуць удасканаленыя праграмы і мэтодыкі адукацыйнага працэсу як у школе, так і ў ВНУ. Адукацыя будзе арыентаваная на практыку. У новым фармаце ўступных экзамэнаў у сярэднія спэцыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы будзе ўлічаны досьвед і тэставаньня, і гутаркі з абітурыентам», — гаворыцца ў праграме.
«Пандэмія паказала, наколькі важнае для абароны і разьвіцьця краіны здароўе чалавека. Адукацыя і ахова здароўя будуць аднолькава даступныя ўсім беларусам і фінансавацца дзяржавай. З улікам работы сыстэмы аховы здароўя ва ўмовах эпідэміі COVІD-19 дзяржава працягне актыўна інвэставаць ва ўдасканаленьне і разьвіцьцё існых мэдычных цэнтраў, лякарняў і паліклінік», — абяцае Лукашэнка.
Ён заяўляе, што ў сфэры эканомікі «ня пойдзе на шокавую тэрапію, таму што расплачвацца за радыкальныя рэформы будуць самыя неабароненыя пласты насельніцтва: тыя, хто ўсё жыцьцё працаваў і падымаў краіну з руінаў перабудовачнай эпохі». «Нашыя рэформы — гэта ўдасканаленьне таго, што створана. Нельга дапусьціць злому сыстэмы і забраць у людзей гады стабільнага і шчасьлівага жыцьця, як гэта адбывалася і адбываецца ў шэрагу краінаў сьвету. Аднавіцца пасьля такіх узрушэньняў практычна немагчыма», — адзначаецца ў праграме.
Рост даходаў грамадзянаў Лукашэнка называе «безумоўным прыярытэтам». «Цягам пяцігодкі сярэдняя заробная плата ў Беларусі вырасьце ў два разы. Для гэтага мы дамо максымальную падтрымку інвэстарам, перш за ўсё нацыянальным. Тым, хто гатовы сумленна і справядліва ўкласьці грошы ў нашую краіну, будуць забясьпечаныя максымальна простыя працэдуры вядзеньня бізнэсу. Абсалютна роўныя магчымасьці і ўмовы для прыватных і дзяржаўных кампаній», — гаворацца ў праграме.
«Сытуацыя паказала, наколькі важна ліквідаваць залежнасьць краіны ў нафтагазавай, фінансавай і іншых сфэрах. Вырашаючы гэтыя пытаньні, будзем прытрымлівацца сусьветных тэндэнцыяў стварэньня новых галінаў эканомікі. У нас гэта добра атрымліваецца (ПВТ, атамная энэргетыка, космас). Працягнем актыўную лічбавізацыю і фармаваньне паўнавартаснай „зялёнай эканомікі“ (экапрадукты, электратранспарт, аднаўляльная энэргія). Захаваўшы традыцыйныя вытворчасьці, на якіх Беларусь адбылася як незалежная дзяржава, разьвіваючы новыя кірункі, мы выйдзем на сярэднесусьветныя тэмпы эканамічнага разьвіцьця», — абяцае Лукашэнка.
Ён таксама мае намер надаць «асаблівую ўвагу рэгіёнам». «Дзякуючы пэрспэктыўным праектам у малых гарадах і пасёлках людзі будуць жыць ня горш, чым у абласных цэнтрах і сталіцы. Новая якасьць аграрнай эканомікі падыме прэстыж працы і жыцьця людзей у вёсцы», — гаворыцца ў праграме.
Што тычыцца замежнай палітыкі, то, як адзначае Лукашэнка, «міралюбная дыпляматыя была і застанецца залогам бясьпекі беларусаў». «Але мы ўступаем у эпоху глябальных геапалітычных узрушэньняў. Будзе зробленае ўсё, каб рознагалосьсі ў замежнай палітыцы не адбіліся на дружбе народаў, якім наканавана жыць побач на гэтай зямлі ў цэнтры Эўропы, а геаграфія дружалюбных нам краінаў пашырылася», — абяцае кандыдат.
Ціханоўская: новыя выбары праз паўгода, рэфэрэндум аб вяртаньні Канстытуцыі-1994
Сьвятлана Ціханоўская запэўнівае, што хоча стаць прэзыдэнткай не дзеля пасады, а каб вярнуць беларусам права выбару.
«Мы будуем краіну ня толькі для сябе, але і для нашых дзяцей, — адзначае яна. — Я хачу, каб нашыя дзеці атрымлівалі добрую адукацыю, мэдычнае абслугоўваньне, каб яны маглі знайсьці сабе добрую працу, стварыць сям’ю і мець сваё жытло. Каб яны засталіся жыць тут, на сваёй зямлі, а не хацелі зьехаць у пошуках больш свабоднай і справядлівай краіны. Я хачу, каб мы адчувалі любоў і павагу да сябе, мелі права выбару і ганарыліся сваёй краінай для жыцьця. Я хачу, каб Беларусь паважалі ў сьвеце, каб мы шукалі сяброў, а ня ворагаў. Я хачу, каб сышла ў мінулае подлая традыцыя перасьледаваць людзей за праўду».
Ціханоўская просіць выбарнікаў не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні, пераканаць у гэтым сваё кола зносінаў, прыйсьці на выбары 9 жніўня і прагаласаваць за яе. Яна таксама просіць грамадзян станавіцца незалежнымі назіральнікамі на ўчастках і абараняць свой голас.
«Я заклікаю вас не заставацца дома 9 жніўня, інакш вы прагаласуеце за цяперашнюю ўладу, якая ўсім вам надакучыла. Чым большая яўка, тым больш відавочнай будзе фальсыфікацыя. Чым большая яўка, тым цяжэй скрасьці ваш голас», — гаворыцца ў праграме.
У выпадку свайго выбраньня Ціханоўская абяцае прыняць захады ў «захаваньні стабільнасьці ў краіне» і стварыць умовы для правядзеньня новых выбараў прэзыдэнта. У прыватнасьці, яна мае намер прызначыць «шэсьць новых незалежных чальцоў ЦВК, уключаючы старшыню», зьмяніць выбарчае заканадаўства, «падрыхтаваць усё да сваёй адстаўкі і выбараў новага прэзыдэнта».
Кандыдатка абяцае, што ў выбаркамы ўвойдуць прадстаўнікі партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, кандыдатаў у прэзыдэнты; на ўчастках будуць празрыстыя скрыні і камэры для жывой трансьляцыі; кожны бюлетэнь будзе дэманстравацца назіральнікам; давераныя асобы кандыдатаў будуць надзелены правам патрабаваць пераліку галасоў за любога кандыдата на любым участку; датэрміновае галасаваньне будзе дапускацца ў выключных выпадках; усім кандыдатам будуць дадзеныя роўныя магчымасьці для агітацыі.
Да перавыбараў, якія правядуць цягам паловы году, краінай будуць кіраваць «тыя ж чыноўнікі, што і цяпер, за выключэньнем тых, хто груба і адкрыта парушаў закон», гаворыцца ў праграме.
Разам з новымі выбарамі прэзыдэнта Ціханоўская абяцае правесьці рэфэрэндум аб вяртаньні да Канстытуцыі 1994 году, дзе было абмежаваньне колькасьці тэрмінаў прэзыдэнцтва і рэальны падзел уладаў.
Яна таксама абяцае вызваліць палітвязьняў, правесьці амністыю «для тых, хто ўпершыню ўчыніў няцяжкія злачынствы, у тым ліку для дзяцей, асуджаных паводле артыкулу 328» (незаконнае абарачэньне наркотыкаў). Неправасудныя выракі і пастановы, вынесеныя ў пэрыяд выбарчай кампаніі, «будуць скасаваныя зь вяртаньнем выплачаных штрафаў і выплатай кампэнсацыяў пацярпелым». Сачыць за гэтым будуць новыя Генэральны пракурор і старшыня Вярхоўнага суду.
Ціханоўская адзначыла, што ейная праграма — гэта яе «погляд на тое, якой павінна стаць краіна».
«Паводле Канстытуцыі, улада належыць народу, а на справе — чыноўнікам, якія даўно забыліся пра інтарэсы людзей, — перакананая кандыдатка ў прэзыдэнты. — Цяпер дэпутаты не выбіраюцца, а прызначаюцца. Суды адпраўляюць невінаватых у турмы, дамагчыся справядлівасьці амаль немагчыма. Трэба вярнуць краіну людзям».
«Кіраўнікі ўсіх узроўняў павінны паважаць людзей, памятаючы, што займаюць свае пасады толькі таму, што людзі ім гэта дазволілі. Праваахоўныя органы павінны абараняць людзей, а не хапаць мірных грамадзянаў на вуліцы і ў чэргах. Яны павінны змагацца са злачыннасьцю і карупцыяй, прадухіляць гвалт у сямʼі», — падкрэсьлівае яна.
Кандыдат адзначыла, што сёньня многія людзі «працуюць на стратных прадпрыемствах, а сотні тысяч, калі не мільён — за мяжой», таму, лічыць яна, «трэба ствараць працоўныя месцы ў Беларусі». «Мы здымем барʼеры для разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу. Няхай людзі самі ствараюць працоўныя месцы. Прыбытковыя дзяржаўныя прадпрыемствы будуць працягваць працаваць. Са стратнымі павінны разабрацца прафэсіяналы. У краіне ёсьць прафэсійныя эканамісты і мэнэджары, якія здолеюць павысіць узровень жыцьця і скараціць непатрэбныя дзяржаўныя выдаткі», — гаворыцца ў перадвыбарнай праграме.
Сытуацыя з эпідэміяй COVID-19, падкрэсьліла Ціханоўская, паказала, што высокакваліфікаваным мэдыкам «перашкаджаюць працаваць чыноўнікі, якім клопат аб статыстыцы ставяць вышэй, чым здароўе людзей». «Каб і лекары былі задаволеныя высокім заробкам, і людзі клопатам пра іх здароўе, патрэбна сыстэма, калі грошы за лячэньне, ці то зь дзяржаўнага бюджэту, ці то з добраахвотных страхавых унёскаў, ішлі за пацыентам у мэдычныя ўстановы, як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. Тады будзе павышацца і якасьць мэдыцыны, і заробкі лекараў, якія добра працуюць. Інфармацыя аб грамадзкім здароўі павінна быць праўдзівая і агульнадаступная», — адзначыла яна.
Кандыдатка перакананая, што школьных настаўнікаў трэба вызваліць ад усяго, што не зьвязана з навучаньнем і выхаваньнем дзяцей, — «ад забесьпячэньня падпіскі на газэты, прымусу дзяцей уступаць у БРСМ, наведваньня прапагандысцкіх мерапрыемстваў да збору грошай і рамонту кабінэтаў за свой кошт». Працу настаўніка «трэба аплачваць годна», а школа павінна «разьвіваць асобу, уменьне шукаць інфармацыю, працаваць у камандзе, нараджаць і цаніць новыя ідэі».
«Школа зьменіцца да лепшага, калі акрамя дзяржаўнай будзе разьвівацца і прыватная сыстэма адукацыі — гэта створыць здаровую канкурэнцыю, — адзначыла кандыдат. — Унівэрсытэты пяройдуць на самакіраваньне. Трэба адмяніць прымусовае разьмеркаваньне і „закон Раўкова“, паводле якога студэнтаў забіраюць у армію, ня даўшы закончыць адукацыю».
Сваё бачаньне замежнай палітыкі Беларусі Ціханоўская вызначыла так: «Незалежнасьць — наша абсалютная каштоўнасьць, мы яе не прадаём, не гандлюем, не абмяркоўваем. Мы мірныя людзі і будзем сябраваць з усімі, але толькі ў інтарэсах уласнай краіны. Мы павінны стварыць партнэрства на роўных, а не залежнасьць ад газавай або крэдытнай „іголкі“».
Чэрачань: структурная рэформа эканомікі, мясцовае самакіраваньне, разьвіцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці, вяртаньне нацыянальнай сымболікі
Сяргей Чэрачань выступае за структурную рэформу эканомікі, у якой галоўным рухавіком ёсьць прыватная ініцыятыва, а роля дзяржавы мінімізаваная. Чыноўнікі, на ягоную думку, павінны «не абмяжоўваць бізнэс, а таксама спрыяць яго разьвіцьцю і ствараць умовы для прадпрымальніцкай ініцыятывы».
Чэрачань абяцае сфармаваць Міністэрства падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу, задачай якога стане спрашчэньне вядзеньня бізнэсу і стварэньне экасыстэмы для разьвіцьця прадпрымальніцтва — бізнэс-інкубатараў і фондаў падтрымкі бізнэсу — з прыцягненьнем міжнародных інстытутаў.
У краіне, падкрэсьлівае кандыдат, будзе ўведзена «ангельскае права», а падатковая нагрузка, як у Парку высокіх тэхналёгіяў, стане паўсюднай. Чэрачань абяцае забясьпечыць роўнасьць кампаніяў усіх формаў уласнасьці, ініцыяваць пераўтварэньне калгасаў у фэрмэрскія гаспадаркі, правесьці «сумленную і празрыстую» прыватызацыю прадпрыемстваў з удзелам іх работнікаў.
Кандыдат у прэзыдэнты абяцае таксама адмяніць «дэкрэт аб дармаедах», транспартны падатак, абавязковае разьмеркаваньне маладых спэцыялістаў, «палачную сыстэму» ў міліцыі і іншых сілавых ведамствах; скасаваць бюракратыю ў мэдычных установах і прыбраць «Табакеркі». Чэрачань мае намер увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне і адмяніць абавязковую службу ва Ўзброеных сілах з дапамогай пераходу да прафэсійнай арміі.
У выпадку выбраньня на пасаду кіраўніка дзяржавы ён абяцае дзяржаўную падтрымку людзям, якія засталіся бяз працы, у выглядзе «годнай дапамогі і бясплатнага перанавучаньня», годныя заробкі ўрачам і настаўнікам; вяртаньне пэрыядаў службы ў войску, вучобы і дэкрэтнага адпачынку ў агульны стаж; празрыстае ўтварэньне тарыфаў на паслугі ЖКГ; заканадаўчую недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці.
Кандыдат выступае за бясспрэчнае вяршэнства права, суд прысяжных, а таксама перагляд кодэксаў — каб за крымінальныя злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэньні была сувымерная адказнасьць.
Ён заяўляе аб прыхільнасьці да свабодных і сумленных выбараў з празрыстым падлікам галасоў і роўным доступам кандыдатаў да СМІ.
Чэрачань абяцае правесьці аўдыт дзяржапарату, рэарганізаваць неэфэктыўныя ўстановы і ведамствы; увесьці практыку ацэнкі якасьці дзяржаўных паслугаў спажыўцамі; прывязаць зарплату чыноўніка да вынікаў яго працы; зрабіць публічнымі дэклярацыі аб даходах ключавых прадстаўнікоў улады; зьнізіць колькасьць праверак і бюракратыі; перадаць кіраваньне дзяржаўнымі прадпрыемствамі ад чыноўнікаў спэцыялістам; перавесьці максымальную колькасьць дзяржаўных паслугаў у электронныя сэрвісы.
Сваім прыярытэтам кандыдат называе ўсталяваньне бязьвізавага рэжыму з Эўразьвязам. Ён абяцае ініцыяваць праекты з суседнімі дзяржавамі ў разьвіцьці памежнай інфраструктуры для паскоранага праходжаньня мяжы.
Дзяржава створыць умовы для вяртаньня на радзіму «таленавітых людзей з багажом міжнароднага досьведу»; адновіць «сапсаваныя» міжнародныя адносіны; сфармуе сыстэму адукацыі эўрапейскага ўзроўню і прызнае эўрапейскія сэртыфікаты на лекі, запэўнівае Чэрачань.
Ён абяцае зрабіць жытло даступным для ўсіх; абсталяваць сучасным абсталяваньнем радзільні і цэнтры дародавай падрыхтоўкі; павялічыць дэкрэтную дапамогу; забясьпечыць бюджэтную падтрымку прыватным дзіцячым садкам; прыбраць бар'еры для разьвіцьця прыватных школаў і ўнівэрсытэтаў; паўсюдна разьвіваць безбарʼернае асяродзьдзе; прыняць закон аб абароне жывёлаў.
Кандыдат таксама абяцае зьмяніць практыку прызначэньня старшыняў выканкамаў на абраньне мэраў і пашырыць практыку правядзеньня мясцовых рэфэрэндумаў; надзяліць кожны рэгіён правам самастойна распараджацца сваім бюджэтам і паўнамоцтвамі для прыняцьця важных мясцовых рашэньняў. Для стымуляваньня эканамічнага росту ў адстаючых рэгіёнах ён абяцае ўвесьці пяцігадовыя падатковыя вакацыі для малога і сярэдняга бізнэсу, у першую чаргу ў падатках у рэспубліканскі бюджэт.
«Вучым ангельскую, падтрымліваем беларускую, выкарыстоўваем расейскую, — так сфармуляваў Чэрачань сваё стаўленьне да моўнага пытаньня ў Беларусі. — Добрае валоданьне ангельскай мовай — аснова разьвіцьця навукі, бізнэсу і інавацыяў. Беларуская мова — неадʼемны элемэнт нашай нацыянальнай ідэнтычнасьці, які трэба вывучаць і захоўваць на дзяржаўным узроўні, але безь якога-небудзь прымусу».
Кандыдат таксама выступіў за вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» ў якасьці дзяржаўных сымбаляў.
Сутнасьць замежнай палітыкі Чэрачань ахарактарызаваў так: «З суседзямі сябруем і ўзаемавыгадна гандлюем». «І з Расеяй, і з Украінай, і з краінамі Эўразьвязам трэба разьвіваць добрасуседзкія, партнэрскія адносіны, але на празрыстых і ўзаемавыгадных умовах, — гаворыцца ў праграме. — Ніякай інтэграцыі па непразрыстых мэханізмах. Уступленьне ў любыя міжнародныя арганізацыі і саюзы павінна быць ухваленае на ўсенародным рэфэрэндуме. Інтэграцыйныя дакумэнты нельга падпісваць кулюарна».
Кандыдат запэўнівае, што ў выпадку яго выбраньня прэзыдэнтам Беларусі ён абвесьціць рэальны нэўтралітэт. «Беларусь ня хоча ні з кім ваяваць, таму нам ня трэба ўступаць у ваенныя блёкі, ні ў NATO, ні ў АДКБ. У Беларусі ня могуць разьмяшчацца замежныя вайсковыя базы. Бясьпеку будзе забясьпечваць прафэсійная і сучасная армія на кантрактнай аснове», — падкрэсьліў Чэрачань.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асноўны супернік за кратамі, 700 затрыманых і мэм «Саша 3%». Выбары-2020 у лічбах і фактахПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.