4 жніўня на выбарах прэзыдэнта Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаваньне. Адзін з кандыдатаў — дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка — плянуе ў гэты дзень зьвярнуцца з пасланьнем да народу і парлямэнту.
Датэрміновае галасаваньне прадоўжыцца да 8 жніўня, асноўны дзень выбараў — 9 жніўня, нагадвае БелаПАН. Паводле Цэнтарвыбаркаму, створана 5 767 участкаў, у тым ліку 44 за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На ўчастках у школах — спрэс настаўнікі, у дзіцячых садках — выхавальніцы. Хто ўваходзіць у выбарчыя камісііПрагаласаваць датэрмінова могуць выбарнікі, якія ня маюць магчымасьці знаходзіцца па месцы жыхарства ў асноўны дзень. Аднак, як неаднаразова заяўлялі незалежныя назіральнікі, гэтым правам ўлады карыстаюцца для таго, каб масава «заганяць» на ўчасткі студэнтаў, вайскоўцаў, бюджэтнікаў.
Сёлета пры датэрміновым галасаваньні на выбарчых участках павінна знаходзіцца ня больш за тры назіральнікі — такое рашэньне ЦВК прыняў «у сувязі з эпідэмічнай сытуацыяй».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбаркамы зарэгістравалі рэкордную колькасьць нацыянальных назіральнікаў, абсалютная бальшыня — праўладныяПраваабаронцы лічаць, што такім чынам стварылі ўмовы для маніпуляцый, каб зрабіць выбарчы працэс яшчэ больш закрытым.
Таксама была праігнараваная прапанова ініцыятывы «Честные люди» усталяваць на участках відэакамеры за кошт сродкаў грамадзян. У адказе ЦВК гаварылася, што Выбарчы кодэкс «не дапускае прыцягненьня тэхнічных сродкаў грамадзян для арганізацыі выбараў».
На пасаду прэзыдэнта Беларусі прэтэндуюць пяць кандыдатаў: Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Аляксандар Лукашэнка, Сьвятлана Ціханоўская, Сяргей Чэрачань.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы пра няроўныя ўмовы для кандыдатаў: на Лукашэнку працуе адміністрацыйны рэсурсПаводле ацэнкі «Праваабаронцаў за свабодныя выбары», перадвыбарная агітацыя праходзіць у няроўных умовах. У падтрымку кандыдата Лукашэнкі задзейнічаны ўвесь адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс, праўладныя арганізацыі і СМІ, у той час як мітынгі асноўнага суперніка Сьвятланы Ціханоўскай праходзяць пад пільнай увагай праваахоўных органаў, а ў рэгіёнах сустракаюць перашкоды з боку ўладных структураў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.