Дзьмітрыеў патлумачыў, чаму ня будзе здымацца на карысьць Ціханоўскай і каго бачыць новым прэзыдэнтам

Андрэй Дзьмітрыеў у Горадні

Дзьмітрыеў у часе перадвыбарчай паездкі ў Горадню заявіў, што яму больш цікавая ўнутраная палітыка на пасадзе прэм’ер-міністра. У ролі прэзыдэнта ў выпадку правядзеньня новых выбараў ён бачыць сваю паплечніцу Тацяну Караткевіч.

Андрэй Дзьмітрыеў агітуе на горадзенскім рынку

Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў 2 жніўня наведаў горадзенскі рынак і пагутарыў з выбарнікамі. Сярод іншага ён расказаў, якой яўкі хоча на выбарах для перамогі, што прапануе замест аб’яднаньня са штабам Ціханоўскай і чаму прынцыпова не адказвае, што трэба рабіць 9-10 жніўня.

Кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Дзьмітрыеў у межах сваёй агітацыйнай кампаніі езьдзіць па Беларусі і размаўляе зь людзьмі падчас прагулак па гарадах і сустрэч у невялікіх памяшканьнях. Бывае, што за дзень ён наведвае па 4 гарады.

У Горадні ён завітаў на самы вялікі ў горадзе Паўднёвы рынак. Дзьмітрыеў некалькі разоў спыняўся на рынку, вакол яго зьбіраліся ахвочыя паслухаць. Кандыдат адказваў на пытаньні, прадстаўляў сваю праграму, расказваў, што ягоная каманда ўжо зрабіла. Свабода сабрала самае важнае зь ягоных адказаў.

«Варта насіць белыя бранзалеты»

«Ці варта прыхільнікам альтэрнатыўных кандыдатаў насіць апазнавальныя знакі кшталту белых бранзалетаў?

«Варта. Адразу зразумела, хто за каго галасуе. У нас ёсьць унікальная магчымасьць, каб людзі ўбачылі, як іх шмат. Мы папраўдзе ня ўладзе даводзім, што Беларусь хоча зьменаў. Мы даводзім самі сабе», — адзначыў Дзьмітрыеў.

Ён расказаў, што ў Скідзелі да яго пасьля сустрэчы падышла ідэоляг і прасіла надта не сварыцца на БРСМ, «Белую Русь» і іншыя дзяржаўныя структуры, бо яны нібыта зьбіраюцца галасаваць за Дзьмітрыева.

«Як давесьці Лукашэнку, што выбары сфальсыфікаваныя?»

«Мы ня можам давесьці яму, што мы атрымліваем не тысячу рублёў. Мы ня можам давесьці, што мы паміраем ад каранавірусу. Мы ня можам давесьці, што мы страчваем працу. Складана будзе давесьці, што выбары сфальсыфікаваныя. Але гэта можна давесьці грамадзтву», — адказаў Дзьмітрыеў.

«Падпісаць паштоўку сябру выбарчай камісіі, каб падтрымаць яго»

Паводле Дзьмітрыева, ягоная каманда прыдумала псыхалягічную падтрымку сябраў выбарчай камісій, каб заахвоціць іх сумленна лічыць галасы. Узяць паштоўку. Знайсьці на сайце выканкаму сьпіс сваёй выбарчай камісіі і любому ейнаму сябру падпісаць паштоўку: «Марыя Іванаўна, я буду галасаваць за Дзьмітрыева. Палічыце, калі ласка, мой голас слушна. Я з вамі, я вас падтрымліваю».

«Я думаю, што сёньня ў Беларусі 6 тысяч закладнікаў. Гэта людзі, якіх вызваў начальнік і сказаў: „Кантракт заканчваецца, будзеш сябрам выбарчай камісіі“. Яны спадзяюцца, што яны адвярнуцца ў патрэбны момант і не заўважаць, што робяць старшыня і сакратар. А мы іх павінны папрасіць не адварочвацца», — параіў Дзьмітрыеў.

Ён прапанаваў людзям стаяць пад выбарчымі камісіямі замест назіральнікаў, якіх ня пусьцяць на ўчасткі, каб сябра камісіі мог да іх выйсьці і сказаць, што ня можа падпісаць пратакол, бо ён не адлюстроўвае рэчаіснасьць. Гэта будзе падставай рухацца далей. Дзьмітрыеў супраць запалохваньня сяброў камісій, бо яны цяпер у цяжкай сытуацыі.

«У Беларусі 6 тысяч закладнікаў — сяброў выбарчых камісій»

«Яны павінны атрымаць такіх паштовак сотні і тысячы. Двойчы ў гісторыі Беларусі была сытуацыя, калі павінны былі лічыць „правільна“, а палічылі сумленна. Гэта быў распад Савецкага Саюзу, калі яны зразумелі, што народ стаіць на іншым баку. І ведаеце, калі яшчэ? Калі выбіралі першага прэзыдэнта, Аляксандра Лукашэнку, калі павінны былі лічыць за Кебіча, але было настолькі зразумела, што ён не варыянт, што палічылі сумленна. І быў другі тур, дзе выграў Лукашэнка», — расказваў Дзьмітрыеў.

«За каго вы будзеце галасаваць?»

«Я ня ведаю пакуль. Туды яшчэ трэба дайсьці».

«Хочацца, каб вы падтрымалі Ціханоўскую і большасьць народу».

«Усе дасьледаваньні, усе размовы зь людзьмі паказваюць, што калі я здымаюся пад Ціханоўскую, вялікая частка людзей ня пойдзе галасаваць або будзе галасаваць супраць усіх... У Лукашэнкі ня 3%, а 30%. Пры яўцы 70% гэта адразу 40% галасоў», — казаў Дзьмітрыеў.

Дзьмітрыеў чакае яўку, ня меншую за 70%

Дзьмітрыеў заявіў, што ягоны ўласны рэйтынг складае каля 10%.

Дзьмітрыеў падкрэсьліў, што яны зь Ціханоўскай не канкурэнты, што ён хоча разам з альтэрнатыўнымі кандыдатамі забраць больш галасоў, чым будзе ў Лукашэнкі.

Па падліках Дзьмітрыева, для іхняй перамогі патрэбна, каб на ўчасткі прыйшло ня менш за 70% чалавек.

Кандыдат расказаў, што, калі аб’ядналіся штабы Ціханоўскай, Бабарыкі, Цапкалы, штаб Дзьмітрыева напісаў ім адразу некалькі прапановаў. Правесьці першы сумесны мітынг у падтрымку палітзьняволеных. Зрабіць 26 ліпеня агульны канцэрт у гонар 30-годзьдзя беларускага сувэрэнітэту. Зладзіць назіраньне за выбарамі праз давераных асобаў кандыдатаў. Іх агулам 90, яны маюць права знаходзіцца на ўчастках без акрэдытацыі. Пакуль аб’яднаны штаб Дзьмітрыеву не адказаў.

«Я спадзяюся, што сапраўды яны занятыя арганізацыяй гэтых канцэртаў. Гэта вялікая праца. Плюс крышку эўфарыі. Я спадзяюся, што на наступным тыдні іх штаб вернецца да разуменьня, што мы змагаемся не канцэртамі. Нам супрацьстаіць не канфэрансье, ня цырк-шапіто. Нам супрацьстаіць чалавек, у якога ўся ўлада, міліцыя, войска, грошы. Калі мы ня будзем скаардынаваныя, будзе вельмі кепска», — разважаў Дзьмітрыеў.

«Што рабіць у дзень выбараў?»

Дзьмітрыеў патлумачыў, што наўмысна не адказвае, што трэба рабіць 9 і 10 жніўня. Кандыдат чакае адзінага адказу ўсіх штабоў, інакш, на ягоную думку, будзе хаос.

«Мы змагаемся не канцэртамі»

«Навошта аддаваць вялікія грошы на новыя выбары?»

Дзьмітрыеў адзначыў, што перавыбары не задача і нават ня мэта. Мэта — пачаць сапраўдныя зьмены. Іхны штаб мае плян, што рабіць у першы дзень і ў першы год, калі ён стане прэзыдэнтам .

«Але гэта важныя выбары. Часам важна сказаць, што хлусьня — гэта хлусьня, і мы не зьбіраемся жыць... Гэта грошы, якія мы заплацім за тое, каб быць упэўненымі, што ў Беларусі ўладу сапраўды выбраў народ... Я спадзяюся, што праз год мы будзем выбіраць прэзыдэнта зусім зь іншымі паўнамоцтвамі, інакш новы прэзыдэнт вельмі хутка стане старым... Лукашэнка — гэта ня прозьвішча. Лукашэнка — гэта сыстэма. На кожным заводзе ёсьць свой Лукашэначка. Мы павінны гэта зьмяніць», — тлумачыў Дзьмітрыеў.

Belarus — Rally of presidental candidate Andrej Dźmitryjeŭ (Andrey Dmitriev) in Horadnia (Grodno), 2aug2020

«Ці будзе ён сам вылучацца на новых выбарах?»

Дзьмітрыеў прызнаўся, што яму больш цікавая ўнутраная палітыка на пасадзе прэм’ер-міністра. У ролі новага прэзыдэнта ён бачыць Тацяну Караткевіч.

«Куды вы будзеце глядзець у ролі прэзыдэнта: на Расею ці на Эўропу?»

«Я за незалежную дзяржаву. Нам патрэбны вельмі блізкія, сяброўскія адносіны з Расеяй. Лукашэнка перасварыўся з усім сьветам. Я думаю, мы не павінны сварыцца з Расеяй. Яна нам патрэбна, каб мы гандлявалі, езьдзілі, працавалі нармальна. Мы павінны аднавіць нармальныя стасункі з Эўропай. Я ня думаю, што нам трэба ўступаць у Эўразьвяз і NATO. Я думаю, мы ўпусьцілі гэтую магчымасьць 25 гадоў таму. Цяпер мы павінны падпісаць дамову аб супрацоўніцтве і ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, каб увайсьці ў Раду Эўропы. Да таго ж беларусам не патрэбны візы з Эўропай, я думаю, мы пра гэта дамовімся.

«Каб памяняць краіну, дастаткова 5 гадоў»

«Колькі патрэбна часу, каб памяняць краіну?»

Дзьмітрыеў мяркуе, што хопіць пяці гадоў: зьмена падатковага заканадаўства, спрашчэньне тэндэраў, скарачэньне чыноўнікаў. Ёсьць пытаньні, зь якімі за гэты час не разабрацца, прыкладам БелАЭС.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.