Больш за 25 партыяў Вэнэсуэлы, уключна з партыяй Хуана Гуайдо, адмовіліся ад удзелу ў снежаньскіх парлямэнцкіх выбарах. Апазыцыя называе гэтыя выбары падманам.
Гэта агульнае рашэньне, замацаванае ў нядзелю, 2 жніўня, у сумеснай заяве апазыцыі.
«Мы аб’яўляем вэнэсуэльскаму народу і міжнароднай супольнасьці аб аднагалосна прынятым рашэньні ня ўдзельнічаць у падмане, да якога заклікае дыктатура (прэзыдэнта Мадура)», — гаворыцца ў апублікаванай у Twitter заяве партыі «Народная воля» лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мадура выдварае пасла Эўразьвязу з ВэнэсуэлыПарлямэнт — Нацыянальная асамблея — зьяўляецца адзіным дзяржаўным інстытутам, які знаходзіцца пад кантролем апазыцыі. У той жа час Нікаляс Мадура значна зрэзаў паўнамоцтвы гэтага органа, перадаўшы іх ляяльнаму Канстытуцыйнаму сходу.
Нямеччына, ЗША і яшчэ каля 60 краін прызнаюць часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Хуана Гуайдо, які абвясьціў сябе ім яшчэ ў студзені 2019 году. Нягледзячы на ціск Вашынгтона і катастрафічную сытуацыю ў эканоміцы, Мадура застаецца ва ўладзе, абапіраючыся на падтрымку з боку вайскоўцаў, а таксама Расеі і Кітая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсэула не змагла заплаціць складкі ў ААН