Прэм'ер-міністар Косава Аўдула Хоці паведаміў 2 жніўня аб станоўчым выніку тэсту на каранавірусную хваробу COVID-19, перадае косаўская служба Радыё Свабода.
Хоці адзначыў, што мае лёгкі кашаль, аднак іншых распаўсюджаных сымптомаў хваробы няма.
«Зь сёньняшняга дня я буду знаходзіцца ў ізаляцыі цягам двух тыдняў. Я буду выконваць сваю працу з дому», — паведаміў кіраўнік ураду Косава ў Facebook.
Акрамя Хоці, на каранавірусную хваробу з сусьветных палітыкаў перахварэлі ў прыватнасьці прэм'ер-міністар Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан, прэзыдэнт Бразыліі Жаір Балсанару, прынц Манака Альбэрт Другі.
На працягу апошніх чатырох дзён захворваньне COVID-19 у Косава ўзрасло. У краіне выявілі 953 новыя выпадкі хваробы і 53 сьмерці.
Колькасьць зарэгістраваных выпадкаў захворваньня на каранавірус у сьвеце складае каля 18 млн, зь іх каля 700 тысяч чалавек памерлі.
Пра «бессымптомнае» цячэньне COVID-19 у сябе паведаміў і Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «на нагах» перанёс каранавірусКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.