«Іх не папярэдзілі, што трэба ўцякаць». Як габрэйскі тэатар зь Беларусі прытулілі ў Новасібірску

Сцэна са спэктаклю "Музыка" Беларускага дзяржаўнага габрэйскага тэатру

23 ліпеня ў Новасібірскім дзяржаўным краязнаўчым музэі адкрылася выстава «Жывыя і вясёлыя». Яна апавядае пра тое, як з 1942 па 1946 год у Новасібірску працаваў Дзяржаўны габрэйскі тэатар БССР (быў вядомы як «БелГОСЕТ»), які апынуўся ў Сібіры пасьля пачатку вайны.

Гады эвакуацыі сталі самымі яркімі ў яго гісторыі. Насуперак чаканьням, новасібірцы здолелі пачуць, зразумець і палюбіць тэатар, які гаварыў на ідыш. Пра гэта пішуць Марына Аронава і Антон Барсукоў на "Сибирь. Реалии".

Памяць пра гэтыя падзеі была сьцёртая нагэтулькі грунтоўна, што нават музэйны работнік і ўраджэнец Новасібірску Арцём Готліб даведаўся пра іх толькі выпадкова.

Арцём Готліб

— Некалькі гадоў таму ў Маскве нас з калегамі запрасілі на вечар у музэі сынагогі на Вялікай Броннай. Там я ўбачыў запіс інтэрвію, якое дырэктар музэю Сьвятлана Багданава брала ў выдатнага кампазытара Аскара Фельцмана. Ён расказваў, што падчас эвакуацыі працаваў у Новасібірску, у беларускім габрэйскім тэатры. Для мяне гэта стала адкрыцьцём. Я ніколі ня чуў ні пра які габрэйскі тэатар у маім родным горадзе. А потым высьветлілася, як у тым анэкдоце, што проста не пытаўся. Высьветлілася, што мая бабуля, Ада Майсееўна, была на спэктаклі «Сіротка Хася», пастаўленым БелГОСЕТ. Мой прадзед быў знаёмы з рэжысэрам тэатру Віктарам Галаўчынерам, ён бываў у нас дома. Падзеі, якія адбыліся на памяці нашых бабуляў і дзядуляў, сьцерліся з памяці, і нічога не засталося. А з таго часу прайшло ўсяго нейкіх 70-80 гадоў. Уласна, у гэтым і палягае місія краязнаўчага музэю — вывучаць і папулярызаваць гісторыю месца, адкрываць яго забытыя старонкі, апавядаць пра лёсы людзей, якія жылі тут. І мы вырашылі паспрабаваць знайсьці матэрыялы і расказаць пра гісторыю тэатру ў эвакуацыі. Мы падалі заяўку на першы конкурс музэйна-выставачных праектаў Расейскага габрэйскага кангрэсу і атрымалі ў ім перамогу, што дазволіла нам прыступіць да плянамернай працы. Спачатку не было ўпэўненасьці, што наогул ўдасца нешта знайсьці, акрамя афіцыйных дакумэнтаў і газэтных нататак.

Але празь некаторы час пошукі прывялі нас да знаёмства зь беларускім гісторыкам Інай Герасімавай.

Пагутарыўшы зь Інай Паўлаўнай, мы зразумелі, што выстава атрымаецца.

— З таго часу, як мне патэлефанавалі з Новасібірску, прайшло году паўтара. Але я да гэтага часу не магу прыйсьці ў сябе. Мне было складана паверыць, што выстава, прысьвечаная БелГОСЕТ у Сібіры, сапраўды адбудзецца. Нават цяпер, калі яна адкрылася, гэта здаецца цудам, — прызнаецца Іна Герасімава, гісторык, мастацтвазнаўца, доктар гістарычных навук, стваральнік Музэю гісторыі і культуры габрэяў Беларусі.

Іна Герасімава стала навуковым кіраўніком выставы «Жывыя і вясёлыя». Каб праект адбыўся, прыйшлося правесьці маштабныя дасьледаваньні ў архівах і музэйных калекцыях Масквы, Менску, Вільні, у прыватных калекцыях па ўсім сьвеце.

— Для нас гэта была вялікая краязнаўчая работа, таму што ў новасібірскіх архівах амаль не захавалася ніякіх зьвестак ні пра сам БелГОСЕТ, ні пра людзей, якія ў ім працавалі. А гэта ж былі славутыя мастакі, кампазытары... Гэтая спадчына страчаная, таму асноўную частку матэрыялаў мы атрымлівалі з архіваў, якія знаходзяцца ў Беларусі, у Прыбалтыцы, з асабістага архіва Іны Паўлаўны. Мы па драбніцах сабралі разрозьненыя факты пра БелГОСЕТ і змаглі прадставіць сапраўдныя дакумэнты, фатаграфіі, асабістыя рэчы, а ў мультымэдыйным комплексе — успаміны відавочцаў і музыку да спэктакляў. Сабраўшы ўсё разам, мы пастараліся паказаць суцэльную карціну працы тэатру ў Новасібірску.

Абезгалоўлены тэатар

Гісторыя Дзяржаўнага габрэйскага тэатру пачалася ў 1921 годзе, калі актор і пастаноўшчык Міхаіл Рафальскі сабраў групу моладзі з гарадоў і мястэчак Беларусі.

— Будучым акторам было па 15-16 гадоў. У Беларусі тады не было навучальных устаноў, дзе яны маглі б асвоіць акторскае майстэрства. Таму ў Маскве была створаная габрэйская сэкцыя пры Беларускай драматычнай студыі. Праз чатыры гады, пасьпяхова скончыўшы навучаньне, усе студэнты вярнуліся ў Менск і склалі аснову трупы Дзяржаўнага габрэйскага тэатру БССР — БелГОСЕТу, як яго сталі зваць. Дырэктарам і мастацкім кіраўніком стаў Рафальскі. 21 кастрычніка 1926 году тэатар адкрыўся прэм’ерай спэктакля «На пакаяльным ланцугу» паводле драмы клясыка літаратуры на ідыш Іцхока Пераца, — расказвае Іна Герасімава.

Да 1937 году ў рэпэртуары Дзяржаўнага габрэйскага тэатру БССР было ўжо 26 спэктакляў, большасьць — па пʼесах габрэйскіх драматургаў. Але хваля сталінскіх рэпрэсій дайшла да Беларусі і тэатар пазбавіўся свайго заснавальніка і першага кіраўніка.

— Міхаіл Рафальскі быў арыштаваны 9 жніўня 1937 году. Яго не выратавалі ні званьне народнага артыста Беларусі, ні тое, што ён быў сябрам ЦВК рэспублікі. Рафальскаму прадʼявілі абвінавачаньне ў тым, што ён польскі шпіён. Дырэктар і некалькі актораў тэатру таксама былі абвінавачаныя ў шпіянажы на карысьць Польшчы. Рафальскага прысудзілі да найвышэйшай меры пакараньня і расстралялі 7 сьнежня 1937 году, — працягвае аповед Іна Герасімава. — Стваральнік тэатру быў рэабілітаваны пасьмяротна.

У 1938 годзе галоўным рэжысэрам быў прызначаны Віктар Галаўчынер — адзін з тых, каго Рафальскі запрасіў вучыцца ў Маскву 17 гадоў таму. Пад ягоным кіраўніцтвам тэатар здолеў захаваць лепшыя традыцыі і да 1941 году зь велізарным посьпехам гастраляваў па Беларусі.

Катастрофа, якая амаль здарылася

Вайна напаткала тэатар у Віцебску.

— Да завяршэньня гастроляў заставалася некалькі дзён. Рэквізыт, дэкарацыі, сцэнічныя касьцюмы — усё гэта ўжо адправілі ў Гомель, куды неўзабаве павінен быў накіравацца тэатар. Многія супрацоўнікі таксама зьехалі, каб падрыхтаваць першыя спэктаклі. 22 чэрвеня 1941 году ўсе гэтыя пляны абрынуліся, — кажа Іна Герасімава.

Па трагічнай выпадковасьці нікога з кіраўнікоў тэатра ў Віцебску не аказалася. Галаўчынер быў у Адэсе, яго намесьнік Шымшылевіч — у выправе. Акторы ня ведалі, што ім рабіць, таму адправілі тэлеграму ў Менск, ва Упраўленьне мастацтваў. У адказ атрымалі ўказаньне: заставацца на месцы і чакаць далейшых распараджэньняў. Іх не было.

— Вялікае шчасьце, што на летнія гастролі акторскія семʼі ўзялі з сабой дзяцей, — расказвае Іна Герасімава. — Але ў многіх родныя і блізкія засталіся ў Менску. Яны вырашылі вярнуцца па іх і ўжо не змаглі выбрацца. Бо Беларусь захоплівалі хутка. Але галоўнае, улады ўтойвалі сапраўдны стан рэчаў. Яны казалі, што нашыя войскі ўжо каля Варшавы, таму хвалявацца няма пра што, трэба спакойна працягваць хадзіць на працу. Таму ў Менску засталося так шмат габрэяў. Іх не папярэдзілі, што трэба ўцякаць. А праз тры дні ўсё было скончана. У ноч з 24 на 25 чэрвеня ўвесь урад употай выехаў зь Менску ў Магілёў. Раніцай людзі ўсталі — няма нікога, нават міліцыі. І толькі тады вырашылі ўцякаць, але было ўжо позна.

Сто тысяч габрэяў загінулі ў адным толькі менскім гета. Сярод іх многія акторы, якія прымчаліся зь Віцебску, каб забраць родных. Выжылі толькі тыя, хто заставаўся ў Віцебску. 28 чэрвеня мясцовыя ўлады ўсё ж вырашылі эвакуаваць тэатар і выдзелілі чыгуначны вагон. Як людзі стаялі на пэроне — бяз рэчаў, без валізак — так іх і адправілі. Не атрымалася ўзяць з сабой нават партытуры або эскізы дэкарацыяў, наогул нічога.

4 ліпеня тэатар прыехаў у Шахуньскі раён Горкаўскай вобласьці. Там трупу прынялі, разьмясьцілі. Але дах над галавой — гэта яшчэ ня ўсё. Трэба было неяк жыць і зарабляць. Акторы спрабавалі даваць канцэрты на расейскай мове, аднак выпадковых заробкаў ледзь хапала на ежу. Частку мужчын прызвалі ў войска. Некаторыя пачалі перабірацца да сваякоў, каб разам перажыць цяжкія часы. Тэатар апынуўся на мяжы распаду. А потым зь Беларусі прыйшоў загад аб яго расфармаваньні.

Здавалася, што кропка ў гісторыі тэатру ўжо пастаўленая.

— Аснову трупы складалі людзі, якія ў 1921 годзе пачыналі яшчэ з Рафальскім. Яны не маглі дапусьціць, каб тэатар загінуў, — расказвае Іна Герасімава. — І тут яны даведаліся, што ў Новасібірску першым сакратаром абкаму ВКП(б) стаў Міхаіл Кулагін. Ён раней працаваў у ЦК Беларусі, жыў у Менску і добра ведаў гэты тэатар, хадзіў на яго спэктаклі. А сакратаром у яго была Мера Рубінская, габрэйка зь Менску. І тады вядучыя акторы трупы вырашылі выкарыстаць гэты шанец. Яны здолелі датэлефанавацца да Рубінскай і расказаць, у якім становішчы апынуліся.

Сакратар арганізавала сустрэчу з Кулагіным, і гэты чалавек у самым літаральным сэнсе выратаваў тэатар, пагадзіўшыся яго прыняць.

У кастрычніку 1941 году тэатар апынуўся ў Новасібірску, дзе атрымаў дазвол працаваць на плошчах ТЮГу ў Доме Леніна.

«Ігралі так, што я зразумела ўсё»

Іна Герасімава прызнаецца: калі яна, па дэталях аднаўляючы забытую гісторыю тэатру, высьветліла, што ў гады вайны ён апынуўся ў Новасібірску, дык прыйшла ў адчай.

— Я вырашыла: усё, гэта канец. Каму ў сібірскім горадзе, куды былі эвакуаваныя вялікія тэатры з усёй краіны, патрэбен наш маленькі тэатар, ды яшчэ і які іграў спэктаклі на ідыш? У такім асяродзьдзі ён абавязаны быў згінуць. А аказалася, што я глыбока памыляюся. БелГОСЕТ ня проста выжыў, а стаў неверагодна папулярны. Ён быў вядучым у той час.

Спэктакль "Сіротка Хася" па п'есе Я. Гордзіна, 1944

Тэатру давялося ўсё ствараць зноўку: рэквізыт, касьцюмы, дэкарацыі — усё ж засталося ў Беларусі.

— Нават нотных партытураў для аркестру не было, а ўсе спэктаклі ў рэпэртуары былі музычнымі. Тады галоўны дырыжор тэатра Саламон Эмэрман па памяці аднавіў партытуры. І акторы, і ўсе члены іх сем’яў з раніцы да ночы шылі касьцюмы, удзельнічалі ў стварэньні дэкарацый і бутафорыі. Кіраўніцтва зноў узяў у рукі Галаўчынер, якому ўдалося прыехаць у Новасібірск. Усяго за год тэатар здолеў аднавіць свой рэпэртуар і пачаў працу над новымі пастаноўкамі.

Захопленыя водгукі аб працы габрэйскага тэатру захаваліся ў шматлікіх рэцэнзіях тых гадоў. Аўтарам адной зь іх, як высьветлілася, быў прадзед Арцёма Готліба Ойзер Готліб, які ў тыя гады працаваў у газэце «Советская Сибирь».

— Калі мы толькі пазнаёміліся зь Інай Паўлаўнай, яна адразу сказала: ваша прозьвішча мне знаёмае. І знайшла машынапісны тэкст, падпісаны прадзедам — яго артыкул пра спэктакль «Сіротка Хася», — кажа Арцём Готліб. — Наша сямʼя таксама была эвакуаваная ў Новасібірск, дзед адсюль ужо пайшоў на фронт. Яго бацькі жылі ў камунальнай кватэры. У сваім артыкуле Ойзер Готліб расказвае, як пасьля працы позна ўвечары прыходзіць дадому, а ягоная суседка, расейская жанчына, якраз вяртаецца з тэатру, са спэктакля «Сіротка Хася». Яна са сьлязьмі кажа: «Гэта спэктакль пра мяне, пра маё жыцьцё. Я не зразумела ні слова, але акторы гралі так, што ўсё зразумела і безь перакладу». Мяркуючы па водгуках гледачоў, у тэатар меў вельмі моцныя ў эмацыйным пляне спэктаклі, якія ўспрымаліся публікай праз музыку, танец, плястыку артыстаў, іх неверагодную энэргетыку.

Каб не застацца ў даўгу

З усіх габрэйскіх тэатраў — а іх у даваенныя гады ў СССР было каля васямнаццаці — усяго два здолелі плённа працаваць у гады эвакуацыі: тэатар Міхоэлса ва Ўзбэкістане і беларускі тэатар у Новасібірску. За гады вайны БелГОСЕТ даў каля 300 спэктакляў, якія наведалі звыш ста тысяч гледачоў. Усё гэта было б немагчыма без падтрымкі мясцовых уладаў.

— Яны так дапамагалі габрэйскаму тэатру, што ім хоць помнік усім стаў! — захапляецца Іна Герасімава. — Бо ў першую чаргу трэба было думаць пра тое, як забясьпечыць работу прамысловых прадпрыемстваў, а не пра нейкія тэатры. Да таго ж у Новасібірск было эвакуавана столькі знакамітых тэатраў! Але гарадзкія ўлады знайшлі магчымасьць паклапаціцца пра гэты, зусім маленькі, ды яшчэ на незнаёмай мове. Ні да аднаго габрэйскага тэатру ў эвакуацыі не паставіліся з такой увагай і клопатам. Так, вядома, бытавыя ўмовы былі нялёгкімі, але тады ўсім прыходзілася няпроста. Акторы жылі ў бараках, па некалькі семʼяў у адным пакоі, але яны атрымлівалі харчовыя карткі, заробак. У найцяжэйшы час іх прынялі так добра, як маглі. І людзі выжылі. І тэатар выжыў. Ён захаваўся толькі дзякуючы Новасібірску.

Тэатру пашанцавала, але і ён зрабіў усё магчымае, каб апраўдаць гэты давер. Артысты БелГОСЕТ давалі канцэрты ў шпіталях, на эвакуаваных прадпрыемствах, у калгасах, праводзілі шэфскую работу.

Спэктакль "Чараўніца"

— Тэатар выступаў і на фронце, і на перадавой. Толькі за 1943 год франтавая брыгада габрэйскага тэатру правяла 104 франтавыя канцэрты. На выставе прадстаўлены ўспаміны групы артыстаў тэатра пра іхнюю сустрэчу зь пілотамі эскадрыллі «Нармандыя-Нёман», — расказвае Арцём Готліб. — Кампазытар Самуіл Палонскі стварыў зводны хор, і артысты тэатру выконвалі песьні на трох мовах — габрэйскай, расейскай і беларускай. Гэты хор таксама выяжджаў на фронт. Дарэчы, на выставе можна пачуць адзін з твораў Палонскага. У 1942 годзе ён напісаў для Новасібірскай чыгункі «Песьню лунінцаў», прысьвечаную подзьвігу чыгуначнікаў, якія працавалі па мэтадзе Луніна. Ён быў, скажам так, Стаханаў на чыгунцы — каб скараціць прастоі, стварыў тэхналёгію рамонту паравозаў сіламі машыністаў. Спэцыяльна для выставы мы запісалі кліп, у якім новасібірскі духавы аркестар «54» на фоне «лунінскага» паравозу выконвае «Песьню лунінцаў».

На выставе можна пачуць яшчэ адзін адноўлены твор тых гадоў. У адным з архіваў удалося адшукаць лісткі, на якіх запісаў чатыры ўласныя творы на габрэйскую тэму Леў Літвінаў, рэжысэр БелГОСЕТу. Ён ня быў прафэсійным музыкам, але добра граў на скрыпцы і быў неверагодна музычна таленавітым чалавекам.

— Гэта зусім не вядомыя ноты, ніколі ніхто іх не выконваў. Сучасны новасібірскі кампазытар Андрэй Малчанаў стварыў паводле клявіру Літвінава «БелГОСЕТ-сюіту» для камэрнага аркестру. Цяпер у сувязі з пандэміяй COVID-19 яна гучыць у відэазапісе. Але мы ня трацім надзеі, што наведнікі выставы змогуць пачуць аркестар ужывую, — дадае Арцём Готліб.

Зорны склад

Вывучыўшы ўсе матэрыялы, Іна Герасімава зрабіла выснову: пэрыяд працы ў Новасібірску стаў самым яркім, самым плённым і цікавым за ўсю гісторыю Дзяржаўнага габрэйскага тэатру БССР.

— І гэта нягледзячы на тое, што ішла вайна. У тэатры ў гэты пэрыяд працавалі сапраўды выдатныя людзі. Так, пасьля раненьня вярнуўся з фронту надзвычайны сцэнограф Аляксандар Канстанціноўскі. Ён стаў галоўным мастаком тэатру, і Галаўчынер захаваў эскізы яго работ.

Арцём Готліб удакладняе: «Галаўчынер быў вельмі спрактыкаваным тэатральным мэнэджарам. Захаваўся ягоны альбом, дзе ён зьбіраў усё пра тэатар: публікацыі, шыльды, нават стэнаграмы мясцовага радыё. Калі па радыё казалі пра нейкія спэктаклі, дык яны набіралі тэкст на друкаванай машынцы і ўклейвалі ў альбом».

Канстанціноўскаму была зададзена высокая плянка: яшчэ да вайны з тэатрам працавалі такія вялікія мастакі, як Аляксандар Тышлер.

— Рафальскі фактычна адкрыў Тышлера, і першыя сцэнаграфічныя працы будучы ляўрэат Сталінскай прэміі выканаў менавіта для БелГОСЕТу, — кажа Іна Герасімава. — А ў Новасібірску першым мастаком тэатра стаў Саламон Герш, ураджэнец Віцебску, як і Марк Шагал.

У 1932 году Герша арыштавалі праз абвінавачаньне ў паклёпе на Асацыяцыю мастакоў рэвалюцыі, прысудзілі 3 гады высылкі. Ён адбываў тэрмін у Курску і Барысаглебску разам з абэрэўтамі (пісьменьнікі і дзеячы культуры, якія ўваходзілі ў т.зв. «Абʼяднанне рэальнага мастацтва» ў канцы 20-х — пачатку 30-х гадоў.) Даніілам Хармсам і Аляксандрам Увядзенскім. У 1941 году добраахвотнікам пайшоў на фронт і быў камісаваны па стане здароўя. Апынуўшыся ў Новасібірску, Герш аформіў спэктаклі «Бар-Кохбы» і «Зачараваны кравец» паводле Шолам-Алейхема. А ў 1948 годзе, з пачаткам антысэміцкай кампаніі ў СССР, яго зноў арыштавалі, асудзілі на 15 гадоў лягераў, усе яго работы былі зьнішчаны. Толькі ў 1956 годзе Герша рэабілітавалі і ён выйшаў на волю. Арыгіналы эскізаў мастака да спэктакляў БелГОСЕТ, захаваныя Галаўчынерам, — адны зь нешматлікіх ягоных твораў гэтага пэрыяду.

Габрэйскі тэатар працаваў і з расейскімі акторамі і драматургамі, якія апынуліся ў эвакуацыі ў Новасібірску. Так, у 1944 годзе рэжысэр Уладзімер Кожыч упершыню ў гісторыі БелГОСЕТу паставіў спэктакль з расейскай клясыкі — па пʼесе Астроўскага «Безь віны вінаватыя». З тэатрам супрацоўнічалі і кампазытары, якія працавалі ў іншых калектывах. Напрыклад, Аскар Фельцман, які пісаў для ленінградзкага Александрынскгага тэатру. Для БелГОСЕТ ён стварыў музыку да некалькіх спэктакляў, у тым ліку да мініятуры «Лэбэдзік ун фрэйлех», пастаўленай Літвінавым ў 1943 годзе. Назва гэтай аднаактовай пастаноўкі, якая перакладаецца як «Жывыя і вясёлыя», і дала назву выставе, прысьвечанай габрэйскаму тэатру ў эвакуацыі.

Вярнуцца, каб загінуць

Супрацоўніцтва Дзяржаўнага габрэйскага тэатру БССР з таленавітымі расейскімі сцэнографамі, кампазытарамі, рэжысэрамі, драматургамі дапамагло тэатру ўзьняцца на новы ўзровень.

«Дзяржаўны габрэйскі тэатар БССР выходзіць за рамкі нацыянальнага габрэйскага тэатру сваім вялікім маштабам мастацтва, які ахоплівае агульначалавечыя рысы. Таму БелГОСЕТ мае ў Новасібірску так шмат гледачоў (і ня толькі габрэяў), якія любяць гэты тэатар» — такую выснову зрабіў заслужаны артыст РСФСР Дзьмітрый Дуднікаў. У тыя гады ён служыў у Ленінградскім ТЮГу, які гэтак жа, як БелГОСЕТ, быў эвакуаваны ў Новасібірск.

— БелГОСЕТу вельмі пашанцавала, што ў эвакуацыі ён апынуўся ў Сібіры, якая не была заражаная антысэмітызмам. Гісторыя гэтага тэатру ў Новасібірску — гэта, перш за ўсё, унікальная магчымасьць прадэманстраваць: адносіны паміж габрэямі і расейцамі, паміж юдэямі і хрысьціянамі маглі быць нармальнымі. Калі б не дзяржаўная прапаганда, усё магло скласьціся інакш, — упэўненая Іна Герасімава. — Гісторыя габрэйскага тэатру ў Новасібірску — гэта гісторыя ўзаемнай любові.

Пасьля заканчэньня вайны паўстала пытаньне аб вяртаньні тэатру з эвакуацыі. Доўга абмяркоўвалася, ці трэба вяртацца ў Менск — людзей, якія гаварылі б на ідыш, там амаль не засталося. За гады вайны ў Беларусі загінула каля мільёна габрэяў. Але ў 1946 годзе беларускі тэатр усё ж вярнуўся на радзіму. Вярнуўся, каб загінуць.

— У 1948 годзе ў Менску быў забіты Саламон Міхоэлс, старшыня Габрэйскага антыфашысцкага камітэту, вялікі актор, дырэктар і мастацкі кіраўнік маскоўскага ГОСЕТу. Неўзабаве адбыліся арышты габрэйскіх лідэраў. Пачыналася сурʼёзная антысэміцкая кампанія на дзяржаўным узроўні. Габрэйскія тэатры сталі закрываць як рассаднікі сіянізму. І БелГОСЕТ таксама трапіў у гэты малох, — апавядае Іна Герасімава.

Для пачатку тэатар пазбавілі фінансавання, перавялі на самаакупнасьць.

— А на такіх умовах ня можа існаваць ніводны тэатар у сьвеце. Да канца 1948 году пачалі скарачаць трупу, супрацоўнікаў. Акторы спрабавалі захаваць тэатар, але ў сакавіку 1949 году прыйшоў апошні загад. Дырэктар і сакратар былі звольненыя, а ўсе касьцюмы і матэрыялы было загадана перадаць расейскаму тэатру, які адкрыўся ў памяшканьні габрэйскага. З гэтага часу тэатру на мове ідыш у Беларусі больш не было, — рэзюмуе Іна Герасімава.

— Гэта нейкая зусім неверагодная гісторыя — Беларусь, габрэі, Сібір і музычны тэатар. Я ніколі пра гэта ня чула і ўразілася, калі ўбачыла афішу на музэі. Я проста праходзіла міма, але прайсьці не змагла. Я гляджу ў гэтыя твары на фатаздымках і дзіўлюся, колькі энэргетыкі ў гэтых людзях, нягледзячы на холад, вайну. Гляджу на гэтыя яркія эскізы да спэктакляў і ўяўляю, што вакол цяжкасьці эвакуацыі, а па вечарах у горадзе вось такая крыніца пазытыву адкрываецца, — дзеліцца ўражаньнямі адна з першых наведніц выставы Стэла Шугаева.

— Мы прызвычаіліся, што Новасібірск ваенны — гэта горад суцэльных эвакуаваных заводаў, бясконцых працоўных подзьвігаў у імя фронту, а, аказваецца, ёсьць і зусім іншы бок мэдаля. Тое, што вялікі Аскар Фельцман, аказваецца, працаваў тут у нас, на Чырвоным праспэкце, — гэта для мяне сапраўднае адкрыцьцё, — кажа новасібірац Сяргей Мальцаў.

Каб захаваць памяць пра БелГОСЕТ, арганізатары выставы ў Новасібірску зрабілі яе максымальна мультымэдыйнай і мабільнай. Многія матэрыялы, уключаючы аўдыё- і відэаўспаміны, музычныя творы, фота экспанатаў, выкладзеныя на сайце Новасібірскага дзяржаўнага краязнаўчага музэю ў разьдзеле «Праекты».

— Мы адразу арыентаваліся на перасоўны фармат. Так, усе пляншэты вырабленыя з адмысловага аблегчанага плястыку, каб іх было зручна перавозіць, — кажа Арцём Готліб. — У нас ужо ёсьць заяўкі на паказы ў Менску і Маскве. Магчыма, атрымаецца прывезьці выставу і ў Ізраіль. Нам важна, каб праект «Жывыя і вясёлыя» убачылі як мага больш людзей па ўсім сьвеце.