Каля 20 тысяч чалавек наведалі мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Берасьці. Пра гэта Свабодзе паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк падчас жывой трансьляцыі. Падлікам займаліся прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна».
Прыезд Сьвятланы Ціханоўскай быў затрыманы, бо падчас паездкі з Баранавічаў у Берасьце яе машыну некалькі разоў для праверкі спынялі супрацоўнікі ДАІ.
Гарадзкія ўлады вызначылі для мітынгу месца на ўскраіне Берасьця — у Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У Берасьці каманда Ціханоўскай і аб’яднаны штаб атрымалі самую маленькую пляцоўку сярод усіх абласных гарадоў.
![](https://gdb.rferl.org/7A6AA268-F9EF-4568-8725-E92313D6B712_w1080_h608_b_s.jpg)
![](https://gdb.rferl.org/AAECD131-D428-4839-95EB-5508DA057875_w1080_h608_b_s.jpg)
Вялікая частка людзей падчас выступу Сьвятланы Ціханоўскай і прадстаўніц аб'яднанага штабу Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы знаходзіліся ў сасновым бары, бо на пляцоўцы перад сцэнай было недастаткова месца для ўсіх, хто прыйшоў.
Сьвятлана Ціханоўская павіншавала вайскоўцаў з Днём паветрана-дэсантных войскаў, які адзначаецца 2 жніўня.
На мітынгу было шмат людзей у форме паветрана-дэсантных войскаў і са сьцягамі ПДВ.
Берасьце — апошні горад заходняй Беларусі, дзе прайшоў мітынг аб’яднанага штабу за апошнія тры дні.