Першы намесьнік старшыні камітэта расейскай Дзярждумы па справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі Канстанцін Затулін назваў правакацыяй затрыманьне 33-х расейцаў у Беларусі.
Пра гэта палітык заявіў у інтэрвію радыёстанцыі «Гаворыць Масква».
«Ён (Аляксандар Лукашэнка, — РС) стаў нахлебнікам, практычна паразытам на расейска-беларускіх адносінах, шантажыстам і ў гэтай сытуацыі ён дакаціўся да правакацыі з затрыманьнямі расейцаў».
Паводле Затуліна, затрыманьне расейцаў спатрэбілася для ілюстрацыі заяваў кіраўніцтва Беларусі пра замежную пагрозу і спробу дэстабілізацыі.
«Гэта абсалютна каньюнктурнае дзеяньне азначае, што Лукашэнка рызыкнуў адносінамі з Расеяй дзеля сваіх уласных інтарэсаў, каб навязаць зноў сябе ў якасьці прэзыдэнта, калі краіна прыйшла ў пратэстны рух».
Канстанцін Затулін лічыць, што амбасадар Расеі ў Беларусі павінен быць адкліканы ў Расею для кансультацыі.