У Франкфурце ў акцыі салідарнасьці зь беларускім народам Беларусі ўзялі ўдзел эўрадэпутаты

Франкфурт-на-Майне

Акцыя салідарнасьці з народам Беларусі прайшла 1 жніўня ў Франкфурце-на-Майне (зямля Гесэн).

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle. На дэманстрацыі акрамя мітынгоўцаў прысутнічалі віцэ-старшыня Эўрапейскага парлямэнта (Свабодная дэмакратычная партыя) Ніколя Бэр і нямецкая эўрадэпутатка ад фракцыі «зялёных» Віёля фон Краман.

«Наколькі мне вядома, сёньня — першая падобная акцыя ў Нямеччыне, калі нямецкія палітыкі так актыўна сачылі за лёсам Беларусі, так актыўна прыслухоўваліся да нас», адзначыў Віталь Алексяёнак, адзін з арганізатараў акцыі салідарнасьці.

«Мы трымаем сытуацыю ў Беларусі ў полі нашага зроку», — сказала Ніколя Бэр, зьвяртаючыся да прысутных. Прысутныя падтрымалі яе выступ скандаваньнем: «Свабоду Беларусі!».

Мітынг праходзіў на цэнтральнай плошчы Франкфурту Гауптвахэ. Сабраныя выступалі за свабодныя выбары ў Беларусі, за зьмену ўлады і дэмакратычныя перамены. Яны таксама выказаліся за вызваленьне палітвязьняў.

Некаторыя з тых, хто прыйшоў, прынесьлі з сабой плякаты: «Спыніць палітычны гвалт», «Беларусь для жыцьця, не для зьняволеных», а таксама бел-чырвона-белыя сьцягі Беларускай Народнай Рэспублікі.

У ходзе акцыі адбылося некалькі пэрформансаў: удзельнікі прачыталі верш «Вам» Уладзіміра Някляева, кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году. Беларускія музыкі на чале з групай «Naka» склалі на гэтыя вершы песьню, якая хутка стала адным з сымбаляў пратэсту.

Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, каардынатар штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала, жонка экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валеры Цапкалы, запісалі сумеснае відэа, якое накіравалі ўдзельнікам акцыі.

«Франкфурт, прывітаньне! Дарагія сябры, дарагія замежныя беларусы, дзякуй вам вялікі, што вы сёньня прыйшлі, каб падтрымаць нас», — зьвярнулася Ціханоўская да мітынгоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпутатка швайцарскага парлямэнту выказала салідарнасьць зь беларусамі на акцыі ў Цюрыху. ФОТА, ВІДЭА

Выступы на мітынгу ў Франкфурце суправаджаліся мадэрацыяй на беларускай мове. Акцыя прыцягнула каля 100 чалавек. Была арганізавана трансьляцыя ў рэжыме рэальнага часу на YouTube-канале «Рэальная Беларусь», у якога больш за 85 тысяч падпісчыкаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.