Супрацоўнікі консульскага аддзела пасольства Расеі сустрэліся з затрыманымі ў Беларусі расійскімі грамадзянамі, паведаміла дыпмісія ў Twitter.
Што адбылося?
- Сьледчы камітэт паведаміў 30 ліпеня пра завядзеньне шэрагу крымінальных спраў супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і іншых, затрыманых у ягонай справе. Паводле артыкулу аб распальваньні сацыяльнай, расавай ці нацыянальнай варожасьці Ціханоўскаму пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Акрамя таго, у дачыненьні да Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і іншых асоб завялі крымінальную справу па факце падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў. Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
- 31 ліпеня дзяржаўны тэлеканал АНТ заявіў пра сувязь затрыманых расейскіх баевікоў з Сяргеем Ціханоўскім і Міколам Статкевічам.
«Абсалютна надуманая і несапраўднай пазыцыя»
«Консул правёў сустрэчу з затрыманымі. Наколькі вядома, наведваньне затрыманых было працяглым па часе», — адзначылі ТАСС у расейскай амбасадзе.
Консул расейскай амбасады у Беларусі Кірыл Плетнеў у эфіры тэлеканала «Расія-24» паведаміў, што 33 расіянам прадʼяўленая копія пастановы аб прымяненьні меры стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту.
«Такі дакумэнт быў прадʼяўлены кожнаму з нашых расійскіх грамадзян, у адпаведнасьці з якім відавочна прасочваецца тэндэнцыйная накіраванасьць дзеяньняў беларускіх уладаў. У прыватнасьці, хацелася б адзначыць, што паказваецца на наўмысныя дзеяньні групы асоб па папярэдняй змове сумесна з Ціханоўскім і Статкевічам, што, на наш погляд, зьяўляецца абсалютна надуманай і несапраўднай пазыцыяй», — сказаў консул.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт пра затрыманых баевікоў: Яны не зьбіраліся ляцець у Стамбул29 ліпеня стала вядома, што беларускія спэцслужбы затрымалі больш за 30 расейцаў. СМІ паведамлялі, што расейцы — байцы так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Сьледчы камітэт Беларусі падазрае іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Журналісты таксама выказалі здагадку, што затрыманыя маглі накіроўвацца транзытам празь Менск у Судан або Лібію для ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Мезенцаў заявіў, што расейцы — супрацоўнікі прыватнага ахоўнага прадпрыемства. Яны ехалі транзытам у Стамбул у рамках выкананьня абавязаньняў паводле камэрцыйнага кантракту. Мезенцаў таксама дадаў, што затрыманыя мелі намер вылецець у Стамбул 25 ліпеня, але спазьніліся на рэйс з аэрапорта Менску. Пасьля гэтага яны засяліліся групай у санаторый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі пасол у Беларусі: Затрыманыя расейцы пасяліліся ў санаторыі, бо спазьніліся на самалётАляксандар Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў «брудных намерах». Дзярждума і Савет Фэдэрацыі Расеі заявілі, што не зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.
Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў назваў беспадстаўным затрыманьне расейскіх грамадзян. Дзеяньні Менску, паводле яго, ня ўкладваюцца ў парамэтры саюзьніцкіх адносін. «Мы спадзяёмся і нават перакананыя, што ў самы бліжэйшы час нашы беларускія калегі разьбяруцца з гэтым інцыдэнтам і адпусьцяць расейскіх грамадзян», — сказаў Пяскоў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.