31 ліпеня Менскі гарадзкі суд на закрытым паседжаньні абвясьціў вырак абвінавачанаму ў забойстве жанчыны, парэшткі якой знайшлі ў Сьвіслачы сёлета ўзімку.
Яго прызналі вінаватым у забойстве і невінаватым у згвалтаваньні. Прысуд — 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму.
Суд таксама пастанавіў спагнаць зь яго матэрыяльную шкоду траім пацярпелым — агулам 220 тысяч рублёў.
Абвінавачаны яшчэ мае права падаць апэляцыю.
Што адбылося
2 студзеня ў менскую міліцыю зьвярнуліся супрацоўнікі камунальнай службы, якія праводзілі ачышчальныя работы ў Сьвіслачы. Яны сказалі, што дасталі з ракі спартовую сумку з чалавечымі канцавінамі.
Сьледчы камітэт па факце выяўленьня парэштак чалавечага цела распачаў справу на падставе ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэксу (забойства).
5 студзеня асоба загінулай была выяўленая. Гэта 37-гадовая Юлія. У яе кватэры па вуліцы Раманаўская Слабада ў Менску зрабілі вобшук.
6 студзеня СК паведаміў пра затрыманьне ў Віцебску падазраванага ў забойстве 26-гадовага замежніка.
Са слоў затрыманага, 28 сьнежня 2019 году паміж ім і загінулай, у якой ён часова пражываў у Менску, адбыўся канфлікт, у выніку якога мужчына задушыў 37-гадовую гаспадыню кватэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра абвінавачанага ў забойстве жанчыны, канцавіны якой знайшлі ў Сьвіслачы