Генэральная пракуратура Ўкраіны рыхтуе запыт да Беларусі аб экстрадыцыі 28-мі затрыманых пад Менскам «баевікоў, якія падазраюцца ў датычнасьці да тэрарыстычнай арганізацыі».
Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны зьвярнуўся да Генэральнай пракуратуры Беларусі з запытамі аб часовым арышце асоб, якія былі затрыманыя беларускімі праваахоўнымі органамі 29 ліпеня. 28 асобам, сярод якіх дзевяць грамадзян Украіны, абвешчана, што яны падазраюцца ў прыналежнасьці да тэрарыстычнай арганізацыі. Украіна мае намер запатрабаваць выдачы гэтых асоб дзеля прыцягненьня іх да крымінальнай адказнасьці за злачынствы, зьвязаныя зь незаконным удзелам у збройным канфлікце на Данбасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У пытаньні экстрадыцыі «вагнэраўцаў» Менск мае зрабіць выбар паміж Кіевам і Масквою, — экспэртРаней паведамлялася, што Беларусь перадала Кіеву сьпіс затрыманых 29 ліпеня пад Менскам расейцаў, у часткі зь якіх ёсьць украінскае грамадзянства. Пра гэта сказаў кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітры Кулеба. Паводле ягоных слоў, украінскі бок правярае іх на датычнасьць да баявых дзеяньняў на Данбасе на баку сэпаратыстаў.
29 ліпеня стала вядома, што беларускія спэцслужбы затрымалі больш за 30 расейцаў. СМІ паведамлялі, што расейцы — байцы так званай прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра. Сьледчы камітэт Беларусі падазрае іх у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Журналісты таксама выказалі здагадку, што затрыманыя маглі накіроўвацца транзытам празь Менск у Судан або Лібію для ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі пасол у Беларусі: Затрыманыя расейцы пасяліліся ў санаторыі, бо спазьніліся на самалётАмбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Мезенцаў заявіў, што расейцы — супрацоўнікі прыватнага ахоўнага прадпрыемства. Яны ехалі транзытам у Стамбул у рамках выкананьня абавязаньняў паводле камэрцыйнага кантракту. Мезенцаў таксама дадаў, што затрыманыя мелі намер вылецець у Стамбул 25 ліпеня, але спазьніліся на рэйс з аэрапорта Менску. Пасьля гэтага яны засяліліся групай у санаторый.
Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Маскву ў «брудных намерах». Дзярждума і Савет Фэдэрацыі Расеі заявілі, што не зацікаўленыя ў дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ляцелі транзытам». Крэмль чакае, што затрыманых у Беларусі расейцаў вызваляцьПрэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў назваў беспадстаўным затрыманьне расейскіх грамадзян. Дзеяньні Менску, паводле яго, ня ўкладваюцца ў парамэтры саюзьніцкіх адносін. «Мы спадзяёмся і нават перакананыя, што ў самы бліжэйшы час нашы беларускія калегі разьбяруцца з гэтым інцыдэнтам і адпусьцяць расейскіх грамадзян», — сказаў Пяскоў.