Сьвятлана Ціханоўская правяла пікет у Лідзе. ФОТА. ВІДЭА

Увечары 31 ліпеня Сьвятлана Ціханоўская праводзіць перадвыбарчы мітынг у Лідзе.

Цягам 31 ліпеня Ціханоўская правяла мітынг у трох гарадах: Маладэчне, Смаргоні і Лідзе. У апошнім горадзе пад дажджом на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтру «Потсдам» сабраліся некалькі сотняў людзей. Гэтае месца — на паўднёва-ўсходняй ускраіне Ліды. Удзельнікі мітынгу ў размове са Свабодай адзначалі, што не для ўсіх жыхароў гораду было зручна дабірацца на мітынг на грамадзкім транспарце. На іх думку, калі б мітынг праходзіў у цэнтры і было сонечна, людзей прыйшло б значна больш. Выступалі Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, Вераніка Цапкала.

20.50 На сцэне згадалі былога лідзкага фэльчара Паўла Палейчыка, якога арыштавалі і звольнілі з больніцы за выступ у жывым эфіры Сяргея Ціханоўскага. У інтэрвію Свабодзе Палейчык сказаў, што займаецца цяпер валянтэрствам у штабе Сьвятланы Ціханоўскай.

«Быў на мітынгу ў Менску, там такая атмасфэра была. Гэта нешта: столькі людзей, столькі падтрымкі. Трэба дапамагчы — папрасілі, я пабыў пакуль валянтэрам. Пакуль бяз працы, чакаем жніўня, думаю, вярнуся хутка на „хуткую“. Я ніякі не палітык, я звычайны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Я проста выказваю сваю думку. Чаму я ня маю права выказаць сваю думку?»

Палейчык сказаў, што пасьля звальненьня з працы яго акружэньне стала шырэйшым, і ўсе яго разумеюць і падтрымліваюць. Ён дадаў, што ягоныя былыя калегі цяпер на мітынгу: лекары, фэльчары і кіроўцы.

«Некаторыя баяцца, але нас большасьць», — сказаў Палейчык.

20.20 Калесьнікава зачытала частку ліста Віктара Бабарыкі, які дайшоў 31 ліпеня да ягонай дачкі Марыі.

«Вельмі важна, што самае кепскае, калі мы пагаджаемся, што хоць нехта мае ўладу над намі. Няпраўда. Мы людзі, якія самі вызначаюць свой лёс незалежна ад абставінаў. Усё пройдзе, і застанецца толькі добрае».

20.17 Жанчына з натоўпу запытала Калесьнікаву, ці будзе вернуты бел-чырвона-белы сьцяг у выпадку перамогі Ціханоўскай. Калесьнікава згадала, што штаб Бабарыкі мае намер правесьці рэфэрэндум аб вяртаньні Канстытуцыі 1994 году, дзе ў якасьці дзяржаўных сымбаляў быў замацаваны бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

20.16 Да людзей выйшла прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава, якая павітала людзей па-беларуску.

20.05 У сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да пэнсіянэраў, міліцыянтаў і дзяржаўных служачых. Пэнсіянэрам Ціханоўская паабяцала мір і павелічэньне пэнсій. Яна запэўніла, што з новым прэзыдэнтам пэнсіі не перастануць плаціць, бо іх аплачвае не Аляксандар Лукашэнка. Міліцыянтаў Ціханоўская папрасіла не выконваць злачынныя загады, бо калі яны вяртаюцца дадому, яны звычайныя людзі. Дзяржслужачых Ціханоўская папрасіла не баяцца выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю і не фальсыфікаваць выбары пад пагрозай звальненьня.

19.55 Сьвятлана Ціханоўская выйшла на сцэну пад воклічы ўдзельнікаў мітынгу. На пачатку свайго выступу Ціханоўская згадала свайго мужа Сяргея. Удзельнікі мітынгу пачалі скандаваць: «Выпускай».

18.50 На пачатку мітынгу на яго прыйшлі каля 300 чалавек. Вядоўцы са сцэны расказваюць пра ініцыятыву назіраньня за выбарамі «Честные люди».​

Сьвятлана Ціханоўская ў Лідзе

Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава

Нядаўнія падзеі

  • Сьвятлана Ціханоўская пайшла кандыдаткай у прэзыдэнты замест мужа, аўтара Youtube-каналу «Страна для жизни», якому адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, пакуль ён быў за кратамі за ўдзел у акцыях пратэсту. Пазьней Ціханоўскага затрымалі ў Горадні, распачалі супраць яго крымінальныя справы. За апошнія два месяцы затрымалі два дзясяткі паплечнікаў Ціханоўскай, супраць іх распачалі крымінальныя справы. Ціханоўская заяўляла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей — таму іх вывезьлі ў Эўразьвяз разам з бабуляй.
  • Экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку і экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгій Валера Цапкалу адмовіліся рэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Бабарыка цяпер за кратамі, супраць яго распачалі крымінальныя справы. Цапкала зьехаў у Расею разам зь дзецьмі. Штабы Бабарыкі і Цапкалы аб’ядналі сілы са штабам Ціханоўскай.
  • Вераніку Цапкалу 30 ліпеня выклікалі на допыт у справе мужа, але адклалі допыт на наступны дзень. Яе сястру выкралі «людзі ў цывільным» — пазьней выявілася, каб уручыць позву: хочуць узяць у яе паказаньні «ў справе Цапкалы».
  • Усяго, паводле зьвестак праваабаронцаў на 27 ліпеня, за ўдзел у гэтых акцыях затрымалі прыкладна 420 чалавек, зь іх ня менш як 330 у сталіцы. Агульная колькасьць затрыманьняў ад пачатку выбараў перавысіла 1140 чалавек: 190 арыштаваных, 333 аштрафаваныя на агульную суму звыш 65 000 рублёў.
  • 29 ліпеня дзяржаўныя СМІ паведамілі пра затрыманьне ў Беларусі 33 расейскіх баевікоў — нібыта з «ПВК Вагнэра». Сілавікі сьцьвярджаюць, што агулам у Беларусь прыехалі дзьве сотні баевікоў, якіх падазраюць у падрыхтоўцы тэракту і шукаюць па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым увялі дадатковыя захады бясьпекі на масавых мерапрыемствах.
  • 30 ліпеня Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу і іншым фігурантам «справы Ціханоўскага» выставілі новае абвінавачаньне, паводле якога пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Справу зьвязалі са справай ПВК «Вагнэра».
  • 30 ліпеня на мітынг Сьвятланы Ціханоўскай і абʼяднанага штабу ў Менску прыйшло, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 63 тысячы чалавек, паводле МУС — 18 250.
  • 31 ліпеня ўжо прайшлі мітынгі Сьвятланы Ціханоўскай у Смаргонях і Маладэчне.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.