«Бойцеся мяне, бо я народ!» Пра што кажуць людзі на пікетах у рэгіёнах

Каманда Святланы Ціханоўскай праводзіць пікеты ў правінцыі. У Гомельскай вобласьці ўлады дазволілі агітацыю ці ранкам — з 8 да 12, ці са зьмярканьнем — з 20 да 22 гадзіны Пляцоўкі для агітацыі — ня ў цэнтры гарадоў. Часам гэта стадыёны на ўскрайку.

На днях агітацыйны пікет прайшоў і на стадыёне ў Ветцы. Нягледзячы на дождж, тут сабралая каля сотні чалавек.

Свабода паслухала людзей.

«Баліць сэрца за маладых людзей»

Пэнсіянэрка Сьвятлана прыйшла на пікет з самаробным плякатам у падтрымку Сяргея і Сьвятланы Ціханоўскіх.

«У мяне баліць сэрца за маладых людзей, якіх хапаюць на вуліцы, закідваюць у аўтазакі, б’юць дубінкамі! Гэта несправядліва, я хачу, каб мае ўнукі жылі ў той краіне, дзе будзе спакойна, дзе можна выказаць сваё меркаваньне, дзе ня будзе такога „бязьмежжа“, як цяпер. У мяне пэнсія 260 рублёў — як на такую пэнсію жыць? Але галоўнае ня гэта, а несправядлівасьць вакол», — сказала Сьвятлана.

«Тыя, хто закрывае нам рот — рабы, вартыя жалю»

Жыхарка Веткі ўбачыла па інтэрнэце стрым зь пікету і вырашыла далучыцца. Яна выступіла перад землякамі.

«Мне радасна сёньня, што родныя гараджане прыйшлі сюды, нягледзячы на тое, што нашы ўлады запалохваюць нас. Але насьпеў час, каб гаварыць, а не маўчаць.

Мне падабаецца, што Сьвятлана Ціханоўская гаворыць пра свабоду, пра каштоўнасьць чалавека, пра магчымасьць рэалізавацца ў сваёй краіне. Пры цяперашняй уладзе гэта немагчыма. Людзі, ня бойцеся тых, хто спрабуе закрываць нам рот. Яны жалю вартыя, яны рабы, большыя, чым мы. Мы жывём за капейкі, але мы больш свабодныя, чым яны, і нас шмат. А іх — маленькая кучка. Мы павінны аб’яднацца», — заклікала пэнсіянэрка.

На мітынгу ў Ветцы

«У нас надзея на перамены 3%»

Сяргей працуе ў мясцовым лясгасе. Кажа, што насамрэч няма ў Беларусі аніякай стабільнасьці. У Ветцы пры гэтым няма і працы. Дзьве фабрыкі, маслазавод, ПМК — «усё загнулася».

«Няма ў нас шчасьця. Няма спакою. Няма працы. Дрыжы як асінавы ліст на працы — бо за любое слова могуць з працы пагнаць. Мо і пасьля сёньняшняга пікету пазвальняюць. Ёсьць у мяне надзея на перамены... Надзея ў тры працэнты. Жаданьне ёсьць нешта зьмяніць, а надзеі мала. Праблема ў тым, што ў нас людзі ня дружныя. Усіх усё не задавальняе — а нешта зрабіць ніхто ня хоча», — сказаў Сяргей.

Сяргей

«У нас моцны народ зь вялікай гісторыяй, мы народ, мы моц»

Прадпрымальніца Вера таксама ўзяла слова на пікеце.

«Я люблю гэты край, тут пахаваныя многія пакаленьні маіх продкаў. Я беларуска і ганаруся гэтым! Мне, як і вам, было крыўдна, калі наш край назвалі „клочком земли“. Гэта зямля, якая дала сьвету Рагнеду, Ефрасіньню Полацкую, Францыска Скарыну, Кастуся Каліноўскага! Мы ганарымся сваёй гісторыяй і ганарымся сваёй краінай. А ён абразіў 9 мільёнаў чалавек.

Прадпрымальніца Вера

Паўтара месяца таму я была ў Гомлі і падтрымала Ланцуг салідарнасьці тым, што сыгналіла. Мне супрацоўнік ДАІ выпісаў штраф. Я ім сказала так: „Бойцеся мяне! Бо я — народ, і будучыня за намі“. Мяне людзі бачылі па інтэрнэту, падыходзілі потым і ціснулі рукі, я ганаруся людзьмі, якія вакол мяне, мы народ, мы моц, за намі будучыня», — прамовіла Вера.

«Надакучыла маўчаць і цярпець зьдзекі»

Жыхарка Веткі Алеся расказала на пікеце, што ніколі не галасавала за Аляксандра Лукашэнку.

Алеся

«Ён абражае людзей, ён загадвае зьбіваць людзей. У Ветцы няма працы, усё пазачынялі, зьнішчылі, плацяць капейкі. Людзі едуць на працу ў Гомель, палову заробку аддаюць за дарогу. Людзі! За што вы трымаецеся? За тыя капейкі, якія атрымліваеце? Надакучыла маўчаць і цярпець зьдзекі, гэтыя нечалавечыя адносіны да нас, калі прэзыдэнт нас публічна ганьбіць, абражае. Лукашэнка, ты многіх пасадзіў, многім рот закрыў, але запомні — усім рот ты не закрыеш», — выступіла Алеся.

Дзяніс, жыхар Веткі, выказаўся сьцісла: «Да яго нельга дастукацца, да прэзыдэнта. Да яго толькі прыкарытнікаў дапускаюць. Тых, хто ніколі ня скажа яму праўду. Яны камбікорму паелі і радуюцца», — сказаў Дзяніс.

«Мне хочацца, каб мяне паважалі ў гэтай краіне»

Жыхарка Веткі Дзіяна вучыцца ў мэдычным унівэрсытэце. Яна хоча, каб яе паважалі ў краіне і не казалі: «Ты ведала, куды ішла».

«Я хачу, каб я вывучылася і годна працавала, прадстаўляла сваю краіну. Каб мы ганарыліся беларусамі. Каб у сьвеце не было такой асацыяцыі, што Беларусь — гэта бульба і Лукашэнка, і ўсё. У нас моцны народ. Я не баюся. Калі баяцца, то мы нічога ніколі ня зьменім. А калі я буду жыць і вучыцца ў такой краіне, дзе затыкаюць рот — то лепш тут і не вучыцца», — прамовіла Дзіяна.

Дзіяна

«Не 3%, недзе 25%, але ня больш»

Жыхар Веткі Юры ў маладосьці працаваў у БРСМ. Цяпер ён прыйшоў на пікет у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай.

«Прэзыдэнт ну проста надакучыў. Выбараў сумленных зноў ня будзе. І ўкідаць ня будуць — проста напішуць у пратаколах, што ім трэба. Працы тут у нас няма. Усе едуць на Гомель, Расею, цяпер нават на Эўропу на заробкі. Настроі такія ў Ветцы, што ну не 3% за яго, ну няхай можа 25%, але ня больш. Такога няма, каб была ў яго падтрымка цяпер», — сказаў Юры.

Юры

«Вельмі крыўдна за «народзец»

Жыхарка Веткі Галіна кажа, што «цяпер і ўжо апошнія 10 гадоў нешта ня тое ў нашай краіне».

Галіна

«Можа, стаміўся прэзыдэнт, можа яшчэ што. Дзяцей у школу сабраць — бяры крэдыт. А калі іх трое ці чацьвёра? Вельмі крыўдна, што людзей прэзыдэнт абражае публічна. То „народзец“, то „майданутыя“, то „шалудзівыя“. Так непрыгожа! Ён паказвае сваю нявыхаванасьць.

У нас у Ветцы ўсе прадпрыемствы загнуліся, адна бюджэтная сфэра засталася. Нешта ня так у краіне... па тэлевізары бачыш адно, а ў рэальнасьці — зусім іншае. Так ня хочацца, каб дзеці зьяжджалі. Можа, нарэшце нешта сёлета зьменіцца. Інакш беларусы проста зьнікнуць», — сказала Галіна.