Amnesty International апублікавала заяву з нагоды новых абвінавачваньняў супраць мужа кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай блогера Сяргея Ціханоўскага.
У прэс-рэлізе адзначаецца, што хоць «падрабязнасьці абвінавачаньняў зьяўляюцца сакрэтнымі, але інфармацыя, якую мае Amnesty International, сьведчыць, што гэтыя яны сфабрыкаваныя з адной мэтай — спыніць законную палітычную дзейнасьць Сяргея Ціханоўскага і ягонай жонкі Сьвятланы».
Amnesty International падкрэсьлівае, што новыя абвінавачаньні супраць Сяргея Ціханоўскага, а таксама Мікалая Статкевіча і іншых «зьяўляюцца часткай шырокай кампаніі, накіраванай супраць актывіста, яго прыхільнікаў, блогераў і крытыкаў уладаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК прад'явіў новыя абвінавачаньні Ціханоўскаму, Статкевічу і іншым, зьвязаў іх са справай баевікоў ПВК «Вагнэр»Пасьля падзеяў 29 траўня ў Горадні і арышту Сяргея Ціханоўскага Amnesty International заявіла, што справа была сфабрыкаваная ўладамі, каб ізаляваць найбольш вядомых крытыкаў і праціўнікаў рэжыму.
«Празьмерна шырокія і расплывістыя абвінавачваньні дазваляюць уладам патэнцыйна прад’явіць абвінавачаньні супраць любога палітычнага апанэнта», — гаварылася ў заяве.
30 чэрвеня Amnesty International прызнала вязьнямі сумленьня Сяргея Ціханоўскага і арыштаваных у ягонай справе.
Калі арганізацыя ўпершыню пракамэнтавала гэтую справу 29 чэрвеня, пад арыштам знаходзіліся 10 чалавек, цяпер у сьпіс уваходзяць прынамсі 15 вязьняў сумленьня, якіх пазбавілі волі выключна за спробу мірнага ажыцьцяўленьня сваіх правоў, гаворыцца ў заяве Amnesty International.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International прызнала вязьнямі сумленьня Бабарыкаў, Ціханоўскага і іх арыштаваных паплечнікаўГэта блогеры Сяргей Ціханоўскі, Уладзімер Няронскі, Сяргей Пятрухін, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Зьміцер Казлоў, Ігар Лосік; затрыманыя пасьля інцыдэнту ў Горадні ў так званай «справе Ціханоўскага» Зьміцер Фурманаў, Арцём Сакаў, Аляксандар Арановіч, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга, Андрэй Новікаў, а таксама палітык Мікалай Статкевіч, актывіст Сяргей Спарыш. Яшчэ траіх — Васіля Баброўскага, Уладзімера Навуміка і Вяргілія Ўшака — вызвалілі, але абвінавачаньні супраць іх ня зьнялі.
«Любая асоба, арыштаваная ў якасьці падазраванага ў гэтай справе, ня зьдзейсьніўшы пры гэтым міжнародна прызнанага крымінальнага злачынства, будзе лічыцца вязьнем сумленьня», — заяўляе Amnesty International.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.