Расейскія памежнікі пачалі заносіць беларусаў у кампутарную базу, паступіла распараджэньне ФСБ 

Беларуска-расейская мяжа на трае М1, архіўнае фота

Расейскі бок узмацніў надгляд на мяжы зь Беларусьсю. Пра гэта паведамляюць кіроўцы машын, якія выяжджаюць з Расеі міжнароднай трасай М1.

«Сьцягнулі дадатковыя сілы памежнай службы ФСБ Расеі, — напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку“ палітоляг Юры Васкрасенскі, які вяртаўся з плянавага аздараўленьня пад Смаленскам. — Вялізныя чэргі на выезд. Ад беларусаў патрабуюць афармленьня. Уносяць дадзеныя ў кампутар і запісваюць мабільны тэлефон. Потым прапускаюць. Фактычна правілы перасячэньня мяжы для грамадзян „саюзнай дзяржавы“ зьмянілі ў аднабаковым парадку».

У Памежным упраўленьні Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі па Смаленскай вобласьці пацьвердзілі Свабодзе, што паступіла распараджэньне занатоўваць дадзеныя грамадзянаў Беларусі, якія перамяшчаюцца ў абодвух кірунках, але гэта не азначае, што гаворка пра «закрыцьцё мяжы».

Прычыны падобнага кроку не называюцца. Па камэнтары параілі зьвяртацца ў цэнтральны апарат ФСБ у Маскве. Там, у сваю чаргу, папрасілі накіраваць афіцыйны запыт.

У Памежным камітэце Беларусі пакуль не ўдалося атрымаць камэнтару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ляцелі транзытам». Крэмль чакае, што затрыманых у Беларусі расейцаў вызваляць

29 ліпеня затрымалі 33 расейскіх грамадзянаў, якіх улады Беларусі абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў. У Маскве заяўляюць, што гэта прадстаўнікі ахоўнага агенцтва, якія празь Беларусь транзытам дабіраліся ў Стамбул.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памежнікі бываюць толькі наездамі». Як жывуць з двух бакоў «закрытай» мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй