Рэдактар расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў заявіў у сваёй праграме «Без посредников», што гатовы прыехаць у Беларусь, каб даць паказаньні ў падтрымку затрыманага паліттэхноляга Віталя Шклярава.
«Я гатовы на карысьць Віталя даць паказаньні, калі мяне выклічуць прыехаць у Беларусь, для таго каб яго вызвалілі. Я дакладна ведаю: тое, што яму пакуль у публічным полі прад’яўляюць, — няпраўда».
Паліттэхноляга Віталя Шклярава затрымалі ў Гомлі 29 ліпеня. А 18-й гадзіне ў тэлеграм-канале самога Шклярава зьявілася кароткае паведамленьне: «Арыштавалі». Пра абставіны затрыманьня Свабодзе расказала ягоная маці Ніна Шклярава.
Віталь Шкляраў стала жыве ў ЗША. Цяпер быў у Беларусі, бо ў Гомлі жывуць яго бацькі.
«Ён паехаў учора на рынак непадалёк ад дому, у шортах і футболцы — і зьнік. Яго схапілі, з Гомля распранутага завезьлі ў Менск. Толькі вечарам мне патэлефанавалі, што ён затрыманы! Я ноч ня спала, я не разумею — у чым справа? Калі ён паліттэхноляг, то што? Што ён мог зрабіць благога? Ён нікуды ня ўвязваўся, інтэрвію ў яго ўсе стрыманыя... Я выхавала такога добрага, талковага, адукаванага сына — і цяпер пад старасьць гадоў так павінна перажываць?» — плача маці Віталя.
Яна лічыць, што сын не рабіў аніякага злачынства ці правапарушэньня.
«У яго нейкае злачынства? Яны проста баяцца яго! Я не разумею, у якой дзяржаве мы жывём! У мяне няма слоў. Гэта проста жах», — дадала маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Венядзіктаў разгледзеў у Лукашэнку «хітрага, спрытнага і жорсткага палітыка»У сюжэце тэлеканалу АНТ са спасылкай на вэрсію спэцслужбаў расказалі, што Шкляраў кансультаваў адміністратара груп у розных сацыяльных сетках, аб’яднаных агульнай назвай «Страна для жизни». У чэрвені, у інтэрвію Свабодзе, Шкляраў зьняпраўдзіў, што зьяўляецца паліттэхнолягам Ціханоўскага.
Беларус Віталь Шкляраў працаваў у выбарчых кампаніях Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ксеніі Сабчак і грузінскай апазыцыі. Ён стала жыве ў ЗША.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН