Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 30 ліпеня выступіла на мітынгу-канцэрце ў сваю падтрымку ў менскім парку Дружбы народаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітынг у падтрымку Ціханоўскай стаў самым масавым у Менску за 10 годСілавікам: «Паглядзіце нам у вочы: мы такія ж, як вы»
«Мяне зарэгістравалі кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Але ў той вечар замест таго, каб падзякаваць людзям за давер, мне давялося рабіць відэазварот да сілавых структур, бо ў той дзень не зарэгістравалі двух моцных кандыдатаў: Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу. Беларусы выйшлі на вуліцу выказаць сваю нязгоду з рашэньнем ЦВК. І мірных людзей білі, мірных людзей забіралі ў аўтазакі, мірных людзей звозілі ў невядомым кірунку. Я глядзела на міліцыю і АМАП і думала: што вы робіце?!» — сказала Ціханоўская.
Гэтыя словы кандыдаткі людзі сустрэлі воклічамі «Ганьба».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску адбыўся шматтысячны мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. ФОТА, ВІДЭА«На вуліцы выходзяць вашы маці, дзеці, браты, сёстры — нельга іх біць. Людзі ідуць зь мірам. Яны проста хочуць выказаць сваё меркаваньне», — сказала кандыдатка.
Пасьля яна зьвярнулася да вайскоўцаў і міліцыі: «Паглядзіце нам у вочы: мы такія ж, як вы».
«Бабуля, якая прадае ў пераходзе кроп, не злачынца. Людзі, якія хочуць годнага жыцьця, не злачынцы. Беларусы, якія падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў, не злачынцы. Гэта наш народ! Народ, які хоча мірнага зьмяненьня ўлады. Калі ласка, не ідзіце супраць свайго сумленьня, не ідзіце супраць свайго народу», — сказала Ціханоўская са сцэны.
Пра расейскіх баевікоў: «Яны гэтую групоўку прывязалі да Ціханоўскага»
«Мой муж Сяргей Ціханоўскі — не злачынца», — пачала Сьвятлана Ціханоўская гісторыю пра тое, як ейнаму мужу Сяргею перакваліфікавалі артыкул на падрыхтоўку і ўдзел у масавых беспарадках і прывязалі да ягонай справы затрыманых 29 ліпеня расейскіх баевікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК прад'явіў новыя абвінавачаньні Ціханоўскаму, Статкевічу і іншым, зьвязаў іх са справай баевікоў ПВК «Вагнэр»Яна сказала, што калі пачула гэтую гісторыю пра баевікоў, у яе камандзе пачалі думаць, да каго прывяжуць гэтых баевікоў. Адна з вэрсіяў была, што ў краіне абвесьцяць надзвычайнае становішча і забароняць праводзіць пікеты, каб яна не магла сустракацца з выбарнікамі. Другая вэрсія — што правядуць нейкую правакацыю на адным зь пікетаў, і гэтую правакацыю прыпішуць Сьвятлане Ціханоўскай і аб’яднанаму штабу, і гэта стане падставай, каб пазбавіць яе статусу кандыдата.
«Але бяда прыйшла адкуль не чакалі, хоць гэта і было чакана. Яны гэтую групоўку прывязалі да Ціханоўскага», — сказала кандыдатка.
Пасьля гэтых словаў Ціханоўскай людзі пачалі сьвісьцець і крычаць: «Ганьба!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра захады ўладаў: «Думаю, мы будзем адчуваць сябе больш абароненымі»Сьвятлана Ціханоўская сказала, што сёньня раніцай высокапастаўленыя чыноўнікі, гледзячы ёй у вочы, сказалі, што самая галоўная каштоўнасьць — гэта чалавек, яго жыцьцё і лёс, і яна «на сэкунду ў гэта паверыла». Але ў абед яна даведалася, што на Сяргея Ціханоўскага завялі новую справу за падрыхтоўку і актыўны ўдзел у масавых беспарадках і прывязалі да справы баевікоў «ПВК Вагнэра».
«Вы казалі, што лёс чалавека для вас важны, а праз пару гадзін вы ламаеце лёс чалавека, не аднаго — лёс усіх палітвязьняў, іх семʼяў, лёс усіх беларусаў», — сказала Ціханоўская.
Яна заявіла, што «толькі ў страшным сьне можа ўявіць, куды яны могуць яшчэ прывязаць гэтых баевікоў». Наконт інфармацыі ў СМІ пра тое, што расейскія баевікі бывалі ў Беларусі раней і выкарыстоўвалі яе як «перавалачны пункт», Ціханоўская сказала, што ў яе ёсьць пытаньне да спэцслужбаў: куды яны глядзелі раней і чаму паднялі гэтую тэму перад самымі выбарамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сабрала дзясяткі тысяч чалавек у Менску. ШМАТ ФОТА
«Божа мой, якая рэвалюцыя?»
«Яны кажуць пра нейкую рэвалюцыю. Божа мой, якая рэвалюцыя? Мы хочам сумленных выбараў. Пры чым тут рэвалюцыя? Навошта вы правакуеце свой народ? Нам баевікі абсалютна не патрэбныя. Мы мірныя людзі і хочам мірных перамен у нашай краіне», — сказала Ціханоўская.
Яна зноў падкрэсьліла, што апынулася ў палітыцы ня дзеля ўлады, а дзеля справядлівасьці, і аб’ядналася з камандамі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы дзеля агульнай мэты — будаваць новую Беларусь.
«Я хачу, каб мае дзеці расьлі ў свабоднай і шчасьлівай краіне, а не баяліся за сваіх бацькоў, якія патрабуюць павагі і праўды. Хіба я шмат хачу?» — сказала кандыдатка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выклікала Лукашэнку на дэбаты перад народамЦіханоўская заклікала ўсіх галасаваць за яе і толькі ў асноўны дзень выбараў. Яна зноў паабяцала, што калі пераможа на выбарах, найперш зробіць тры рэчы. Вось пункты гэтай праграмы:
- вызваліць палітвязьняў і эканамічных зьняволеных,
- правесьці рэфэрэндум і вярнуць Канстытуцыю 1994 году, дзе ёсьць абмежаваньне паўнамоцтваў і тэрмінаў кіраваньня прэзыдэнта,
- на працягу паўгода правесьці новыя сумленныя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.