«Усё ўдалося, хоць не было ні пляну, ні падрыхтоўкі». Арганізатар усеагульнага страйку ў Чэхаславаччыне пра посьпех пратэсту

Лістапад 1989, Вацлаўская плошча ў Празе

Посьпех Аксамітнай рэвалюцыі 1989 году ў Чэхаславаччыне стаў незваротным, калі да пратэсту на плошчах далучыліся рабочыя. Дзьве гадзіны агульнанацыянальнага страйку прымусілі саступіць тагачаснае кіраўніцтва кампартыі, якое яшчэ за некалькі дзён да таго плянавала задушыць пратэсты з дапамогай войска.

ЛІСТАПАД 1989. ШТО АДБЫЛОСЯ

  • 17 лістапада — паліцыя жорстка зьбіла і разагнала ў Празе студэнтаў, якія на мірнай маніфэстацыі патрабавалі палітычных перамен.
  • 18 лістапада — інфармацыя пра брутальны разгон імгненна пашыраецца ў грамадзтве. Студэнты ладзяць страйкі пратэсту. Да іх далучаецца творчая інтэлігенцыя з тэатраў.
  • 19 лістапада — розныя групы апазыцыі аб’ядноўваюцца ў супольную плятформу «Грамадзянскі форум».
  • 21 лістапада — дэманстрацыя, скліканая «Грамадзянскім форумам», зьбірае на Вацлаўскай плошчы ў Празе да 200 тысяч чалавек. Упершыню публічна выступае лідэр форуму Вацлаў Гавэл.
  • 22 лістапада — улады рыхтуюцца задзейнічаць для здушэньня пратэстаў войска. Вайсковае кіраўніцтва катэгарычна адмаўляецца.
  • 23 лістапада — на Вацлаўскай плошчы ў Празе зьбіраецца 300 тысяч чалавек. Упершыню на плошчу прыходзіць калёна рабочых з найбуйнейшай машынабудаўнічай фабрыкі ČKD (Českomoravská Kolben-Danek).
  • 24 лістапада — зноў дэманстрацыя і калёна рабочых на плошчы ў Празе. ЦК кампартыі краіны падае ў адстаўку.
  • 25-26 лістапада — на Лэтэнскай плошчы ў Празе зьбіраецца да 800 тысяч чалавек. Рабочы лідэр Пэтр Мілер з фабрыкі ČKD абвяшчае з трыбуны ўсеагульны страйк 27 лістапада.
  • 27 лістапада — усеагульны страйк, у якім бярэ ўдзел амаль тры чвэрці насельніцтва. Лёзунгі: канец аднапартыйнай улады, свабодныя выбары.

Як гэта было:

Апоўдні па ўсёй краіне загучалі сырэны.

Спынілі працу ўстановы, прадпрыемствы, заводы.

Людзі масава выйшлі на вуліцы.

Страйк доўжыўся дзьве гадзіны.

  • Праз два дні чэхаславацкі парлямэнт адмяняе пункты Канстытуцыі пра вядучую ролю кампартыі і марксізм-ленінізм як дзяржаўную ідэалёгію.
  • 10 сьнежня прызначаецца новы ўрад, які рыхтуе першыя свабодныя парлямэнцкія выбары. Яны прайшлі ў чэрвені 1990 г.
  • 29 сьнежня парлямэнт аднагалосна абірае першага некамуністычнага прэзыдэнта Чэхаславаччыны за 40 гадоў — Вацлава Гаўла.

Пэтр Мілер

Каваль з машынабудаўнічага заводу ČKD у Празе Пэтр Мілер стаў у 1989 годзе адным з галоўных арганізатараў рабочых выступаў і агульнанацыянальнага страйку. «Усё вырашалася на хаду, без папярэдняга пляну, але энтузіязм быў вялікі», — успамінае ён. Пасьля перамогі Аксамітнай рэвалюцыі 48-гадовы рабочы лідэр стаў міністрам працы і сацыяльнай палітыкі, дэпутатам, цяпер ён на пэнсіі. У інтэрвію Свабодзе Пэтр Мілер узгадвае, як за адзін месяц грамадзтва прымусіла ўсёмагутную кампартыю саступіць уладу ў краіне.

«Ну не, гэтыя ідыёты ня будуць зьбіваць дзяцей!»

Мушу сказаць, да студэнцкіх пратэстаў што я, што большасьць іншых рабочых ставіліся скептычна. Я асабіста пасьля досьведу 1968-га лічыў, што гэты шлях нікуды не вядзе, бо ні студэнты, ні творчая інтэлігенцыя — ня тая сіла, якая можа на нешта паўплываць. А тое, што гэтай сілай можа стаць наша фабрыка, мне ў галаву тады не прыходзіла. І калі мы пачулі пра разгон плошчы 17 лістапада, першая рэакцыя была: маладыя хацелі пашумець, вось і атрымалі па задніцы.

Аднак тое, што паказалі па тэлевізіі, нас скаланула. Тыя рэпартажы мелі іншую прапагандысцкую мэту — спляжыць «хуліганаў, якія правакавалі беспарадкі», надаць пратэстам «антысацыялістычную афарбоўку», але атрымалася наадварот. Бессэнсоўная жорсткасьць, зь якой зьбівалі бяззбройную моладзь, нахабства і бесцырымоннасьць разгону настолькі ўзрушылі і абурылі людзей, што сталі рухавіком далейшых падзеяў. «Ну не, гэтыя ідыёты ня будуць біць дзяцей!» — такі быў агульны настрой.


У цэхах, курылках абмяркоўвалі толькі гэта. Спрэчкі з тымі, хто апраўдваў уладу — а былі сярод нас і такія — напальвалі атмасфэру ледзьве не да мардабою. Большасьць пагаджалася, што іншага спосабу выказаць сваё абурэньне, акрамя як спыніць працу фабрык, у рабочых няма. Такі ж настрой быў на іншых заводах: мы зьвязаліся зь імі, пачалі ўзьнікаць зародкі страйкамаў.

Страйкаваць пачалі тыя, ад каго ніяк не чакалі паўстаньня

Эканамічных прычын страйкаваць у нас не было. Рабочым матэрыяльна жылося нядрэнна, а тагачасныя флягманы эканомікі — наш завод ČKD, ды яшчэ шахтары — наогул мелі такія заробкі, што ўжо адсюль камуністы ніяк не чакалі паўстаньня.

Рашэньне страйкаваць было прынятае цягам некалькіх гадзін, то бок ніякай падрыхтоўкі, ніякіх інструкцыяў, ніякага вопыту. Чыстая самадзейнасьць, заснаваная на «мужычым розуме», а таксама, у старэйшых з нас, на досьведзе 1968 году. Насьпеў час, калі ўсё завіравала — і ў грамадзтве, і ва Ўсходняй Эўропе наогул.

Your browser doesn’t support HTML5

Як ляснуўся камунізм у Эўропе

Мая кузьня супрацоўнічала з многімі іншымі заводамі, у тым ліку за межамі Прагі, яна магла зачыняцца на замок, што было важна падчас канфідэнцыйных сустрэчаў, і, нарэшце, я працаваў у ČKD на той час ужо дзясяткі гадоў, а многія мяне ведалі яшчэ з 1968-га, калі я ўдзельнічаў у пратэстах супраць «братэрскай дапамогі» з Усходу, за што мяне тады вытурылі з унівэрсытэту. Так што было вырашана, што на арганізатара рабочага руху я прыдатны найбольш.

Пратэстоўцаў зьяднала ўлада, якая нікога не хацела чуць

Ніхто з фабрычных ня ўдзельнічаў ні ў якай палітыцы. Пра стварэньне нейкага апазыцыйнага «Грамадзянскага форуму» даходзілі толькі чуткі, але мы вырашылі наладзіць зь ім кантакты, каб узгадніць дзеяньні. У нас былі агульныя мэты, аднак мы хацелі ісьці шляхам непалітычных саюзаў. Вядома, гэта было наіўна, і ў выніку ўсе мы апынуліся ў палітыцы, але тады быў час дасьпяваньня і памылак.

Рабочым не былі блізкія ні студэнты, ні дысыдэнты. Зьяднала ўсіх бессэнсоўная, «беспамылковая» кіраўнічая сыстэма, якая нічога не хацела ні бачыць, ні чуць, што ўрэшце і стала для яе фатальным.

Мяне дэлегавалі на перамовы з «Грамадзянскім форумам». Я ледзьве адшукаў, дзе яны засядалі, паслухаў, як абмяркоўваюць плян мітынгу, і прапанаваў: празь некалькі гадзін магу прывесьці на плошчу 7 тысяч рабочых. Павісла цішыня. Я сказаў: «Вы не прадумалі фіналу. Вы будзеце бясконца ўскладаць да помніка сьвятому Вацлаву кветкі, а вас будуць бясконца арыштоўваць. Гэта ўжо цягнецца доўга і ні да чога не вядзе». З гэтай фразы пачалося маё палітычнае жыцьцё.

Плошча — сыгнал, дасланы ўсёй краіне

Калі я вярнуўся на завод, часу на дыскусіі ўжо не заставалася: шэсьце павінна было пачацца праз гадзіну. Змайстравалі плякаты з таго, што было пад рукой, і ў 14:30 рушылі маршам на Вацлаўскую плошчу. У 16:45 былі там. Гэта быў надзвычай важны момант: упершыню рабочыя выйшлі на дэманстрацыю пратэсту. Так гэта камэнтавалі і СМІ.

Вацлаў Гавэл, лідэр «Грамадзянскага форуму», папрасіў на наступны дзень прывесьці рабочых на плошчу зноў. Узрушанасьць і энтузіязм былі такой сілы, што мы паўтарылі марш. Тое шэсьце было, на маю думку, вырашальным.

Пэтр Мілер

Няма сэнсу спрачацца, было ў калёне 9 ці 10 тысяч чалавек, важны той сыгнал, які быў дасланы ўсёй краіне. Усе бачылі вялікую масу людзей, якія маршыруюць на Вацлаўскую плошчу, транспаранты, лёзунгі, ніхто з драматургаў ня можа выдумаць такую пастаноўку. Гэта павінна прыйсьці само, па ўласным жаданьні, і гэта сіла.

Калі дайшлі да плошчы, я знайшоў у будынку выдавецтва Гаўла і сказаў, што мы ўжо тут. Было відавочна, што ён вельмі ўражаны, і ён сказаў, што я павінен пайсьці абвясьціць пра гэта людзям з балькона. А што тут абвяшчаць, калі ўсе і так гэта бачаць? І што гаварыць? Аднак я пайшоў і сказаў нешта, чаго ня надта памятаю. Але тое, чаго ніколі не забуду, быў аглушальны роў, які ўсчаўся на плошчы. Як вярнуўся з таго балькона, то здавалася, што быў там як непрытомны.

Адстрайкаваць бяз шкоды для эканомікі

У гэтыя дні адбыўся надзвычайны пленум ЦК КПЧ, падалі ў адстаўку прэзыдыюм і сакратарыят ЦК кампартыі, памяняўся генэральны сакратар, але гэта ўжо не магло супакоіць людзей, якія патрабавалі скончыць з уладай камуністаў у краіне. На ініцыятыву страйкавых камітэтаў дзевяці буйных праскіх заводаў было створанае абʼяднаньне страйкамаў, якое стала цэнтрам страйкавага руху па ўсёй краіне. Хоць абʼяднаньне ўзьнікла, па сутнасьці, стыхійна, у ім працавала літаральна дваццаць энтузіястаў, менавіта яно каардынавала падрыхтоўку агульнанацыянальнай забастоўкі. Пра генэральны страйк 27 лістапада я абвясьціў на мітынгу ў Празе напярэдадні.

Страйк меў доўжыцца дзьве гадзіны. Чаму так каротка? Перш за ўсё мы думалі, што не павінны нанесьці шкоду эканоміцы краіны. Сёньня мы разумеем, што і сама ідэя, і гэтае яе апраўданьне былі наіўныя, але я паўтараю, што на той час мы нічога ня ведалі пра страйкі.

На дадатак, падчас перамоваў з прэмʼер-міністрам я нават паабяцаў, што калі спатрэбіцца, мы гадзіны страйку пазьней адпрацуем. Перамовы з урадам былі няпростыя, таму мы імкнуліся не справакаваць канфліктаў яшчэ на самым пачатку. Хоць гэта, вядома, гучыць як глупства: рэвалюцыйныя настроі і адначасова намаганьні не спарадзіць канфліктаў.

Так што, хоць гэта і было названа генэральным страйкам, я яго ўспрымаў хутчэй як генэральную рэпэтыцыю — каб паглядзець, як прарэагуюць людзі ва ўсёй краіне. А што будуць рэагаваць па-рознаму, я бачыў і на прыкладзе свайго заводу.

Забастоўка як «усеагульны рэфэрэндум» за перамены

Марш пратэсту і забастоўка — гэта дзьве дыямэтральна процілеглыя сытуацыі. На шэсьці, калі ты бачыш, як далучаюцца ўсё новыя людзі, гэта дае ўяўленьне, што разам у вас можа атрымацца ўсё, дае адчуваньне сілы і веру ў посьпех. Акрамя таго, шэсьці праходзілі пасьля заканчэньня працоўнай зьмены, і фармальна працоўная дысцыпліна не парушалася.

На фабрыках не хапала моцнага імпульсу. Людзі раніцай ішлі на працу, абмяркоўвалі там падзеі, потым на плошчу падзынькаць ключамі (сымбалем Аксамітнай рэвалюцыі быў звон зьвязкамі ключоў. — РС), увечары абмяркоўвалі гэта зь сябрамі ў піўной, некаторыя яшчэ працягвалі дома, і раніцай зноў на працу. Гэта была такая асаблівая рэвалюцыя, якая рабілася пасьля працоўнай зьмены.

Але страйк — гэта ўжо іншае. Там гаворка пра невялікія калектывы, дзе мноства розных меркаваньняў, дзе ў той час можна было ўжываць розныя формы запалохваньня, там ты не ананімны. Прынята казаць, што па краіне 75% працаўнікоў узялі ў страйку ўдзел, але, я думаю, гэтая лічба перабольшаная. Далейшых крокаў мы не прадумвалі, не стваралі ніякіх «страйкавых фондаў».

Вацлаў Гавэл і Пэтр Мілер

Апоўдні ў розных гарадах на вуліцы выйшлі сотні тысяч чалавек. Дэманстрацыі адбываліся на плошчах. Прадпрыемствы, якія павінны былі працаваць бесьперапынна, прынамсі прадэманстравалі салідарнасьць. Страйк не закрануў мэдычныя ўстановы, не паставіў пад пагрозу сыстэму харчаваньня, дзеці ў школах засталіся пад доглядам настаўнікаў. СМІ назвалі гэта потым «усеагульным рэфэрэндумам» за перамены.

Праз два дні Фэдэральны сход (парлямэнт Чэхаславаччыны. — РС) ухваліў зьмены ў Канстытуцыі. З аднаасобнай уладай кампартыі было скончана. Наперадзе былі свабодныя выбары.

Рэцэпт пасьпяховага страйку

Усё рабілася спантанна, ніхто нам ня раіў, што і як рабіць, бо ніхто ня ведаў. Таму проста магу падзяліцца ўласным вопытам. Самае галоўнае — гэта добра ўяўляць сытуацыю, асабліва ў сваім атачэньні, а ўжо калі размова пра завод ці холдынг, трэба мець поўнае разуменьне, на каго можна на 100% разьлічваць, дзе могуць узьнікнуць праблемы і шмат іншых «дробязяў», безь якіх чаканьні могуць расчараваць.

Карысна, калі кожны цэх мае ў страйкаме свайго прадстаўніка. У нашым выпадку плюсам было тое, што актыўныя супрацоўнікі выступалі на сваіх працоўных месцах і такім чынам падтрымлівалі вакол сябе «рэвалюцыйны» настрой.

Каваль Пэтр МІлер і будучы прэзцдэнт Вацлаў Гавэл

Сёньня, вядома, інфармацыю пашыраць проста, а ў нас былі толькі папера, аловак, пішучыя машынкі. Ролю курʼераў выконвалі кіроўцы грузападʼёмнікаў, якія сноўдалі на іх па тэрыторыі заводу. Дамагліся магчымасьці зачытаць нашы патрабаваньні праз заводзкую радыёкропку — гэта быў ужо вялікі посьпех.

Спачатку начальства спрабавала нам пагражаць, але адчула магчымасьць фізычнага канфлікту. У такіх выпадках вельмі важная падтрымка калег. Увогуле, пра ступень рызыкі мы не задумваліся, а я да таго ж на той час ня меў дзяцей, адказваў толькі за сябе, мне было лягчэй. Вядома, калі б нічога не атрымалася, у многіх былі б праблемы, для мяне дык наогул незваротныя. Але калі вы аддаяцеся нейкай справе цалкам, то ня думаеце пра наступствы. Людзі, вядома, апасаліся, але тыя два шэсьці дапамаглі пераадолець страх: маса дае адчуваньне сілы — як фізычнай, так і псыхалягічнай.

Вацлаў Гавэл прамаўляе да дэманстрантаў

Пытаньні ад беларусаў

Летась я выступаў у гімназіі, дзе вучылася мая дачка. Мяне запрасілі, каб расказаў пра лістапад 1989-га. Перапоўненая вялікая заля. Былі там і беларускія вучні, якія прыехалі са сваімі настаўнікамі па абмену ў рамках праграмы Erasmus. Пасьля выступу мы з замежнымі пэдагогамі сабраліся ў кабінэце дырэктара. Узгадваю, што больш за ўсё пытаньняў задавалі менавіта настаўнікі зь Беларусі. Цікавіліся, чаму нас не разганялі, ці было нам страшна, прасілі параіць: што і як рабіць.

Я сказаў, што такі вопыт мэханічна не пераносіцца. Наша гісторыя можа паслужыць натхненьнем, але ўсё астатняе вы мусіце цяжка адпрацаваць самі.

А каму цяпер лёгка?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Майдан можа быць у любым горадзе». Аналітыкі пра шанцы Ціханоўскай і Лукашэнкі