Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Дзьмітрыеў сустрэўся з жыхарамі Бялынічаў і Быхава. Гэта была першая паездка апазыцыйнага палітыка ў глыбінку Магілёўшчыны. Як выглядала ягоная агітацыя ў райцэнтрах — у рэпартажы Свабоды.
«Так надакучыў людзям…»
У 10-тысячным райцэнтры Бялынічы каманда Дзьмітрыева разгарнула агітацыйны пікет на ўваходзе ў парк а 14 гадзіне. Высаджаны ў XVII стагодзьдзі на сродкі тагачаснага ўладальніка гораду Крыштафа Агінскага ліпавы гай да сёлетняга Дня пісьменства ўпарадкавалі. Цэнтральную ж вуліцу Савецкую, зь якой здалёк за пікетам назіраюць дарожнікі, яшчэ рамантуюць. Па ёй безь перапынку езьдзіць будаўнічая тэхніка, а ля пікету гучна газуе.
На пляцоўку паслухаць госьця прыйшлі тры дзясяткі чалавек. Большасьць — тыя, хто ўжо чуў выступ Дзьмітрыева па тэлевізіі.
«Мне падабаецца, што сваім першым указам ён хоча ліквідаваць ідэалягічную вэртыкаль і скараціць напалову бюракратычны апарат», — адзначае 66-гадовы Ўладзімер.
«Пакуль выступы кандыдатаў мяне не кранулі і я ня ўбачыла, што будзе нейкая перамена, — прызнаецца Інэса Эдуардаўна. — Мне няма на што скардзіцца. Не адзін жа прэзыдэнт адказвае за стабільнасьць…»
«Ад страху людзі стаміліся, — далучаецца да гутаркі 63-гадовы пэнсіянэр. — Нават у працоўным асяродзьдзі кажуць, хто заўгодна, толькі не цяперашні, так надакучыў ён людзям».
«Чым дапаможа, калі стане прэзыдэнтам…»
Тым часам Андрэй Дзьмітрыеў кажа грамадзе, што прыняў рашэньне балятавацца ў прэзыдэнты вясной, калі ў Беларусь прыйшоў каранавірус і ён убачыў, «як дзяржава аказалася няздольная браць на сябе адказнасьць…»
«… За нас вырашаюць, як жыць, што нам рабіць. Мы не адчуваем ніякай абароны. І гэта ўсё трэба мяняць, Я перакананы, што Беларусі патрэбен новы прэзыдэнт…»
Большасьць людзей ухвалена падтаквае. Адна з жанчын незадаволена выгаворвае госьцю, што зь ім ня згодная, і сыходзіць. У гутарцы журналістам яна настойвае: «Жыцьцё ў нас нармальнае».
«У мяне пэнсія 500 рублёў і ў мужа 500, — кажа кабета. — Дзецям дапамагаем. Унуку далі 400 рублёў…»
Тое, што заробак у мясцовых арганізацыях меншы за яе пэнсію, суразмоўца лічыць «ненармальным», але, паказваючы на Дзьмітрыева, дадае: «Дык а ён, чым дапаможа, калі стане прэзыдэнтам? Ён жа з БНФ. Няўжо ў нашым урадзе няма людзей, якія маглі б падмяніць прэзыдэнта…»
«Калі б Лукашэнка ў час сышоў, народ бы яму пляскаў у далоні»
Дзьмітрыеў працягвае: прэзыдэнт мусіць займаць пасаду ня больш за два тэрміны, і «краіна будзе рухацца далей, а ня жыць жыцьцём аднаго чалавека». На ягоную думку, Лукашэнка адчувае, што былой падтрымкі ўжо няма.
«Калі б ён сышоў 10 гадоў таму, то народ бы яму пляскаў у далоні», — адзначае апазыцыйны палітык.
З натоўпу дадаюць: «І помнік бы паставілі, і вуліцу назвалі ягоным імем».
«Трэба ў час сыходзіць, а цяпер ён мусіць нам пагражаць, каб адчуваць, што ўсё пад кантролем», — рэагуе палітык.
«Калі я прыйду да ўлады, — абяцае ён, — і вы ўбачыце, што я не раблю чаго абяцаў, альбо раблю тое, што вам не падабаецца, то спакойна праз 5 гадоў прагаласуеце за другога прэзыдэнта».
«У нас жа нацыяналістаў ня меней, чым ва Ўкраіне»
Адзін з слухачоў запытаўся ў сталічнага госьця, ці ня быў ён «камсамольцам, бо дужа самаўпэўнены, што здолее кіраваць краінаю».
«Так, замена прэзыдэнта — гэта зразумела, — кажа ён. — Але, такая ж сытуацыя скончылася ва Ўкраіне майданам. Ці не баіцеся вы грамадзянскай вайны? У нас жа нацыяналістаў ня меней, чым там. Заўтра пачнуць за беларускую мову… Што будзеце рабіць?»
«Майданаў на Беларусі ня будзе пры любым прэзыдэнце, бо беларусы мірныя людзі», — адсякае палітык і дадае: у Канстытуцыі варта пакінуць дзьвюхмоўе, але стварыць умовы, каб разьвівалася беларуская мова.
«Я сам гавару пастаянна на расейскай мове, — адзначае ён. — Але, як са мною гавораць па-беларуску, то пераходжу з задавальненьнем на беларускую і лічу гэтую мову цудоўнай».
За 40 хвілінаў пікету Дзьмітрыеў выказаўся пра сытуацыю ў эканоміцы, бізнэсе, сацыяльнай галіне, пра зьняволеньне альтэрнатыўных вылучэнцаў на прэзыдэнцтва і пэрспэктывы іхнага ўзаемадзеяньня.
Жыхар Быхава: «Ад цяперашняга прэзыдэнта нам ужо няма карысьці…»
У 15-тысячным Быхаве на пікет Дзьмітрыева прыйшоў адзін чалавек. 63-гадовы Георгі Лысуха паўгадзіны чакаў госьця на самай вялікай плошчы райцэнтру Кастрычніцкай. Непадалёк ад яе сярэднявечны замак і будынак сынагогі, якія шмат гадоў абяцаюць давесьці да ладу.
Георгі Лысуха кажа: палітычнай дзейнасьцю быў захоплены ў 1990-х гадах. Зьбіраў подпісы за адстаўку Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. У 1997-м вырашыў супакоіцца. Ад сёлетніх выбараў чакае зьмены ўлады.
«Дакладней, яе ратацыі, — удакладняе ён. — Ад цяперашняга прэзыдэнта нам ужо няма карысьці. Ён выкарыстоўвае нас. Яму трэба было знаходзіцца пры ўладзе два тэрміны і сыходзіць…»
«Прэзыдэнтам ты наўрад ці будзеш, але людзям праўду сказаў»
Андрэй Дзьмітрыеў з паплечнікамі выпраўляецца ў людзі. З сабою бярэ стос улётак.
«Такія паездкі даюць адчуваньне краіны, — апавядае ён дарогаю. — За апошні год стала зразумела, што большасьць людзей гаворыць пра заробкі, пра непаважлівае стаўленьне ўлады да іх. І гэта важная перамена ў настроі беларусаў…»
Першыя мінакі пазнаюць Дзьмітрыева. Пажылая пара хваліць ягоную прамову па тэлевізіі.
«Вы талкова і граматна гаварылі, — адзначаюць яны. — Прэзыдэнтам ты наўрад ці будзеш, але людзям праўду сказаў, малайчына…»
«Цяпер я веру, што ўсе беларусы за перамены і каб Лукашэнка ня быў прэзыдэнтам. Нічога не абваліцца безь яго, — даводзіць 65-гадовы мужчына.
«Людзі ў Беларусі выжываюць насуперак усяму, — дадае ягоная 62-гадовая спадарожніца».
«Каб толькі ня з NATO…»
Ніводзін зь мінакоў не адмаўляецца ад улётак. Спачатку мала хто рэагуе на фразу палітыка: «Вітаю! Мяне завуць Андрэй Дзьмітрыеў і я кандыдат у прэзыдэнты», але, разгледзеўшы ўлётку, выгукваюць: «Дык гэты ж вы!».
Мінакі кажуць, што ўпершыню сустракаюць дзеяча, які хоча стаць прэзыдэнтам. Некаторыя абяцаюць захаваць улётку на памяць. «А раптам ён стане прэзыдэнтам», — тлумачаць яны.
«Хацелася б новага кіраўніка. У душы неспакойна. Дужа доўга цяперашні пры ўладзе», — даводзіць пэнсіянэр пасьля гутаркі з сталічным госьцем.
Дзьмітрыеў кажа: у невялікіх гарадах часта ідзе на шпацыр", бо на пікеты не прыходзяць людзі. Акрамя таго, найчасьцей яны зьбіраюць прыхільнікаў, а на вуліцах сустракаюцца незнаёмцы.
«Я хачу з Расеяй быць і, каб толькі ня з NATO», — наказвае палітыку наступны ягоны суразмоўца. Ён кажа, што нарадзіўся ў Гомлі, але сваёй радзімай лічыць «Расею».
«Я люблю Беларусь, але не хачу тут Эўропы. Украіна яе паспрабавала», — рэагуе мужчына на словы Дзьмітрыева, што трэба адбудаваць Беларусь, каб у ёй было камфортна жыць, ды наладжваць добрыя стасункі і з Захадам і Расеяй.
«Лукашэнка ня пройдзе. Так народ сказаў», — падсумоўвае жыхар райцэнтру, паціскаючы руку Дзьмітрыеву.
Дзьмітрыеў: «Прыхільнікі Ціханоўскай — гэта фундамэнт пераменаў, але толькі іх недастаткова»
«Ці ня крыўдна, што Сьвятлана Ціханоўская зьбірае тысячы, а вам даводзіцца сустракацца зь дзясяткамі», — пытае карэспандэнт Свабоды ў Андрэя Дзьмітрыева. Той папраўляе: не зь дзясяткамі, а з сотнямі, «а калі дадаць і сацыяльныя сеткі, то і з тысячамі».
«Людзі, зь якімі я гутару, іншыя, — удакладняе ён. — Сёньня ні ў кога няма большасьці і, калі мы хочам перамагчы, то нам трэба свае аўдыторыі скласьці разам. Я рады, што прыходзяць людзі да Сьвятланы, і яны фундамэнт пераменаў, але трэба разумець, што толькі іх недастаткова».
Паводле Дзьмітрыева за 40 хвілінаў шпацыру ягоная каманда раздала больш за 100 улётак і пагутарыла зь некалькімі дзясяткамі жыхарамі райцэнтру. Прагулку палітык сканчае адказам на пытаньне пра пазнавальнасьць.
«Мяне пачалі пазнаваць на вуліцах пасьля выступу ў ЦВК, — кажа ён. — Але мяне цікавіць іншае — ці адгукаецца ў людзей сказанае мною. Мне здаецца, што адгукаецца, і з гэтага я цешуся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрыеў: Савет бясьпекі можа адключыць інтэрнэт у выпадку «пагрозы бясьпецы дзяржавы»Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.