Жыхар Жлобіна Кірыл Сілаеў 19 чэрвеня гуляў па цэнтры гораду, калі там праходзіла акцыя «Ланцуг салідарнасьці». «Мяне пачалі штурхаць міліцыянты, і адзін зь іх моцна стукнуў нагой у берцы па маёй назе. Я ня мог ісьці, выклікаў «хуткую», — расказаў Кірыл. Ён атрымаў траўму сухажыльля.
Кірыл напісаў заяву з скаргай на дзеяньні супрацоўніка міліцыі. Пакуль ішоў разбор і адбывалася судова-мэдычная экспэртыза, міліцыя «пайшла ў наступ» і склала на маладога чалавека пратакол за «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу».
На «Ланцуг салідарнасьці» ў Жлобіне выйшлі каля сотні чалавек. Некаторых аштрафавалі. Адзін удзельнік, Віталь Грыцкоў, атрымаў 15 сутак арышту. Усе суды даўно прайшлі. І толькі 23 ліпеня міліцыя склала пратакол на Кірыла Сілаева.
«19 чэрвеня я сустракаўся зь сябрамі. Стаялі, размаўлялі, не махалі рукамі, ніякіх жэстаў не паказвалі. Падышоў міліцыянт і сказаў, што мітынг забаронены. Я асабліва не зьвярнуў увагі, бо ня браў удзелу ні ў якім мітынгу.
Потым падышлі іншыя міліцыянты і пачалі адціскаць людзей у бок прыпынку. Адзін зь іх пачаў мяне штурхаць, другі схапіў пад руку і потым моцна стукнуў нагой у берцы мне па назе. Я адчуў рэзкі боль, убачыў на назе кроў. Сеў на прыпынак, пачаў нагу разглядаць. Міліцыянтам сказаў, што мне трэба мэдычная дапамога. Яны сказалі, каб я ішоў на другі бок дарогі і там выклікаў «хуткую», — успамінае Кірыл.
Пацярпелага забралі ў шпіталь, на назе была рваная рана, яе зашылі і наклалі лянгет. Кірыл сказаў мэдыкам, дзе атрымаў траўму. Тыя паведамілі ў міліцыю.
«Пазьней мяне апытаў сьледчы, я расказаў, як усё было, напісаў заяву, каб пакаралі вінаватага. На гэта я асабліва не разьлічваў, бо міліцыянт мне сказаў: «А як ты пазнаеш, хто цябе стукнуў? Мы перад табой паставім 120 супрацоўнікаў, і будзеш апазнаваць».
Сілаева накіравалі на судова-мэдычную экспэртызу. Сьледчы паведаміў, што «таго самага» міліцыянта знайшлі, ён патлумачыў, што ўдар нанёс выпадкова.
«Паказвалі запіс з камэраў назіраньня: маўляў, ты сам ішоў, хістаўся і падставіў міліцыянту нагу. Я хістаўся, бо мяне міліцыянт штурхаў! Я настойваў, што ўдар быў невыпадковы. Урэшце вырашылі, я так разумею, пакараць не міліцыянта, а мяне — за тое, што скарджуся», — патлумачыў Кірыл.
У выніку яго выклікалі ў міліцыю і склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП — удзел у несанкцыянаваным мітынгу. «Хоць відаць і на камэрах назіраньня, што я ня браў удзелу ў мітынгу аніяк. Відаць, калі б я ня скардзіўся, то і не складалі б пратаколу», — дадаў жыхар Жлобіна.
Цяпер яго будуць судзіць.
У прэсавай службе Гомельскага УУС Свабодзе паведамілі, што праверку па заяве жыхара Жлобіну праводзіць Сьледчы камітэт. Ва Ўпраўленьні Сьледчага камітэту Гомельскай вобласьці пакуль не ўдалося атрымаць камэнтару.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ганьба. Знаць вас не хачу пасьля гэтага», — былы міліцыянт з Ганцавічаў, дзе жорстка затрымлівалі людзей, абураны дзеяньнямі праваахоўнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Наваградку міліцыя жорстка затрымлівала ўдзельнікаў «ланцуга салідарнасьці». Сьведкі: білі жанчын