Увечары 29 ліпеня Аляксандар Лукашэнка склікаў тэрміновую нараду з Саветам бясьпекі, піша блізкі да кіраўніка дзяржавы Telegram-канал «Пул Первого».
Тэма паседжаньня — затрыманьне пад Менскам 33 расейскіх баевікоў.
Лукашэнка папрасіў старшыню КДБ Валера Вакульчыка дакладней расказаць пра сытуацыю, піша БелТА. Падрабязнасьці дакладу Вакульчыка не публікуюцца.
«Я гляджу на рэакцыю расейцаў. Яны ўжо апраўдваюцца, кажуць, што ледзь ня мы іх самі сюды завезьлі. Зразумела, трэба ж неяк апраўдаць свае брудныя пляны. Таму вельмі прасіў бы, каб у гэтай сытуацыі і з гэтым фактам было ўсё шчыра і сумленна. Калі гэта расейскія грамадзяне (а я так разумею, іх дапыталі), значыць, трэба зьвярнуцца тэрмінова ў адпаведныя структуры Расейскай Фэдэрацыі, каб яны растлумачылі, што адбываецца», – сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка даручыў кіраўніцы ягонай прэс-службы Натальлі Эйсмант зьвярнуцца да расейскіх СМІ і Telegram-каналаў, каб тыя «пургу ня гналі» і з гонарам выходзілі з сытуацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раскажуць пра сувязі з штабам Ціханоўскай? Навошта ўладзе спатрэбіліся «расейскія баевікі»Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА 29 ліпеня паведаміла, што ўначы супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі затрымалі пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай вайсковай кампаніі. Яшчэ аднаго затрымалі пазьней на поўдні Беларусі. Усе затрыманыя — грамадзяне Расеі, ва ўзросьце ад 24 да 55 гадоў.
Як высьветлілася, 20 з 33 затрыманых значацца ў базе ўкраінскага сайта «Міратворац». 5 з 20 чалавек са знойдзеных у базе «Міратворца» названыя чальцамі групы «ПВК Вагнэра», якая ўдзельнічала ў вайне на ўсходзе Ўкраіны і ў Сырыі.
Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што для дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі могуць выкарыстаць навучаных баевікоў прыватных вайсковых кампаній. Пра гэта казаў і дзяржсакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.