29 ліпеня на вуліцы Мазурава ў Менску прарвала трубу. Уцечку лякалізавалі, але ў бліжэйшыя тры дні магчымае пагаршэньне якасьці вады, паведамляе «Менскводаканал».
«Па стане на 11.45 уцечка вады лякалізаваная, ціск вады ў спажыўцоў Маскоўскага і Фрунзэнскага раёнаў Менску адноўлены. Магчымае пагаршэньне якасьці вады ў бліжэйшыя трое сутак», — паведамілі на прадпрыемстве.
«Менскводаканал» арганізаваў падвоз вады ў цыстэрнах да жыхароў Фрунзэнскага і Маскоўскага раёнаў па наступных адрасах:
- вул. Кунцаўшчына, 25
- вул. Сухараўская, 63
- вул. Скрыпнікава, 21
- вул. Мазурава, 27
Па зваротах (заяўках) спажыўцоў аўтамабілі будуць мяняць месца стаянкі, дадаюць у Менскводаканале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта кантактна-алергічны дэрматыт», — лекар-дэрматоляг пра раздражненьні скуры ад няякаснай вадыІнцыдэнты на сталічным вадаправодзе адбываюцца другі дзень запар. Учора быў пашкоджаны вадавод на вуліцы Гарэцкага.
У чэрвені менавіта ў гэтых двух раёнах Менску — Маскоўскім і Фрунзэнскім — на працягу некалькіх дзён была вада зь непрыемным пахам, якую не рэкамэндавалася піць. Сьледчы камітэт нават завёў крымінальную справу па ч.2 арт. 428 КК (службовая халатнасьць) па факце паступленьня няякаснай пітной вады ў вадаправод у Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за няякасную ваду ў Менску