Вераніка Цапкала расказала, чаму яе муж зь дзецьмі зьехалі менавіта ў Расею

Вераніка і Валер Цапкалы, архіўнае фота

Жонка экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валера Цапкалы, а цяпер лідэрка яго штабу Вераніка Цапкала расказала расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы», чаму ейны муж зьехаў зь дзецьмі ў Расею, а ня іншую краіну.

«Чаму ў Расею? Бо паміж Беларусьсю і Расеяй няма межаў, — растлумачыла Вераніка Цапкала. — Калі ён паехаў бы празь іншую мяжу, яго б ня выпусьцілі паводле пашпартнай сыстэмы. А так можна было зьехаць з краіны. Мы спадзяёмся, што прэзыдэнт Расеі ня пойдзе на тое, каб выдаць майго мужа Беларусі».

Яна зноў заявіла, што быў ціск на яе і мужа празь дзяцей, а таксама «сыгналы», што Валера Цапкалу зьбіраюцца арыштаваць.

Валер Цапкала па-ранейшаму знаходзіцца ў Расеі, а ў Беларусі, кажа ягоная жонка, наогул складана «гарантаваць чалавеку бясьпеку», бо «шмат людзей саджаюць проста ў сфабрыкаваных справах».

Вераніка Цапкала застаецца ў Беларусі, бярэ ўдзел у мітынгах кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай і зьяўляецца галоўнай публічнай асобай штабу свайго мужа.

Раней дзяцей Сьвятланы Ціханоўскай разам зь іхнай бабуляй вывезьлі ў краіну Эўразьвязу, але якім шляхам, не ўдакладнялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітынг Ціханоўскай у Асіповічах скасавалі. У плянах застаецца мітынг-канцэрт 30 ліпеня ў Менску

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.