Выбарчыя камісіі акрэдытавалі 45 430 нацыянальных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, спасылаецца БелаПАН на абноўленыя зьвесткі Цэнтарвыбаркаму.
Гэта абсалютны рэкорд прэзыдэнцкіх кампаній у Беларусі. У 2001 годзе было 21 887 нацыянальных назіральнікаў, у 2006-м — 32 996, у 2010-м — 39 619, у 2015-м — 43.572. Зьвесткі за 1994 год у архіўным разьдзеле сайту ЦВК адсутнічаюць.
Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ заявіла, што ня будзе назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі з прычыны позьняга запрашэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС заявілі, што накіравалі запрашэньне назіральнікам АБСЭ 15 ліпеня, як і плянавалі першапачатковаБольш за ўсё нацыянальных назіральнікаў зарэгістравалі ўчастковыя выбаркамы — 44 452. Раённыя камісіі акрэдытавалі 697 назіральнікаў, раённыя камісіі ў гарадах — 193, абласныя — 42, гарадзкія (у гарадах абласнога падпарадкаваньня) — 24, Менская гарадзкая выбарчая камісія — 13, Цэнтарвыбаркам — 9.
32 121 назіральнік (70%) прадстаўляюць грамадзкія аб’яднаньні, у пераважнай большасьці праўладныя. Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі вылучыла 9 069 чалавек, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 6 127, «Белая Русь» — 5 223, Беларускае аб’яднаньне вэтэранаў — 3 917, Беларускі саюз жанчын — 3 800, Беларускі фонд міру — 1 709, Беларускі Хэльсынскі камітэт — 106, грамадзкае аб’яднаньне «БНФ Адраджэньне» — 6, рух «За свабоду» — 3. Іншыя — 2 161.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Честные люди» прапанавалі за кошт грамадзян абсталяваць участкі для галасаваньня відэакаамэраміАд партый акрэдытавалі 2 424 назіральнікі, таксама ў асноўным праўладныя. У Камуністычнай партыі 1 163 прадстаўнік, у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці — 725, Лібэральна-дэмакратычнай партыі — 224, Беларускай аграрнай партыі — 107, Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 90, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — 62, Рэспубліканскай партыі — 21, Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 14, Беларускай патрыятычнай партыі — 8, Партыі БНФ — 5, Беларускай партыі «Зялёныя» — 2, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — 2, Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ — 1.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК адказала на масавыя звароты ў сувязі з абмежаваньнем колькасьці назіральнікаў на ўчастках8 452 чалавекі сталі назіральнікамі шляхам падачы заявы ад свайго імя, 2 433 акрэдытаваліся ад працоўных калектываў.
22 ліпеня Цэнтарвыбаркам прыняў пастанову, згодна зь якой праз пандэмію каранавірусу колькасьць назіральнікаў на выбарчых участках у асноўны дзень галасаваньня на 9 жніўня не павінна перавышаць пяці, а ў датэрміновае з 4 па 8 жніўня — трох чалавек.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.