«Ён нашу краіну 26 гадоў як малое дзіця цягнуў». Пра што расказала давераная асоба Лукашэнкі

Юры Кулажанка

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту Юры Кулажанка сустрэўся з жыхарамі Гомля як давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі. Ён расказаў, як зьмянілася краіна за 26 гадоў, хто хоча зладзіць у нас «майданчык», і як трэба зарабляць грошы «на дзьвюх ці трох працах».

На сустрэчу ў школе № 72 Гомля сабраліся ў асноўным настаўнікі. Рэктара ВНУ слухалі ўважліва. У залі было ціха. Пытаньняў практычна не задавалі. Тых, хто задавалі, асабліва вострыя — «глушылі» прысутныя ў залі. «Не ўступайце ў палеміку! Мы ня вас прыйшлі слухаць», — абсякалі тых, хто «з вуліцы».

Юры Кулажанка нагадаў пра 90-я гады: заробак 20 даляраў, крымінал. «Каб дабіцца законнасьці нейкай па паняцьцях, трэба было да бандытаў зьвяртацца. Хіба не было такога? Было! Было! Таму я туды не хачу. Я хачу, каб дзяржава была моцнай, каб яна гарантавала бясьпеку, каб я мог свой аўтамабіль паставіць на вуліцы, і ён стаяў. І я заўтра прыйшоў і забраў яго. Я не хачу краты на вокнах. Вось не хачу я за кратамі сядзець», — казаў ён.

Кулажанка паразважаў пра людзей, якія едуць на заробкі ў іншыя краіны, у прыватнасьці Расею. «Мой аднаклясьнік паехаў у Сургут. Вярнуўся — а ў ягонай жонкі ўжо новая сям’я. Ёсьць тут рызыка. Ну што ж, гэта жыцьцё. Зьехаць зь сям’і — гэта паставіць пад удар сям’ю. Таму факт такі, што трэба ствараць нармальнае жыцьцё ў нас тут, і без рэвалюцый. Разьвівацца трэба паступова. У нас гэта атрымліваецца», — упэўнены рэктар ВНУ.

Ён казаў пра чысьціню, парадак, вытворчасьці, якія працуюць, добрыя дарогі, прынамсі рэспубліканскага прызначэньня. Анансаваў, што на наступную пяцігодку заплянавана будаўніцтва і рамонт дарог мясцовага прызначэньня.

Пра Ўкраіну

«Мы не набралі такіх крэдытаў, якія б раскралі, як ва Ўкраіне. Мне расказвалі такія рэчы. Большую палову раскралі, астатняе зрабілі — дарогу на Адэсу, і яна атрымалася на 30 сантымэтраў вузейшая. Гэта ёсьць, і мы выдатна ведаем, што там адбываецца. Атрымліваюць крэдыты, пачынаюць іх „пілаваць“. Там усё ёсьць! Зьменнасьць улады, дэмакратычныя прыкметы нейкія. А чаго там няма? Шчасьця там няма. Я з упэўненасьцю кажу, бо ў мяне там жывуць у Кіеве дзьве сястры. Цяпер яны пэнсіянэркі, і ў іх праблемы са здароўем. І ўзьнікаюць пытаньні — за апэрацыю заплаці, лекару заплаці, за лекі заплаці, за ўсё заплаці. І ўвагі асаблівай яны не адчуваюць»,— сказаў Юры Кулажанка.

Пра Расею, Захад і «майданчык»

«Я скажу, што перад выбарамі ў нас кіраўніцтва Расеі ня хоча ніякай зьмены ўлады ў Беларусі. Іх усё задавальняе. Спакойная Беларусь, свая дзяржава. Але, на жаль, ёсьць людзі, якіх мы назавем умоўна алігархі, ня ўсе, там ідзе валтузьня своеасаблівая. Ну хто такія алігархі? Яны такія ж, як і мы, ядуць столькі ж прадуктаў — больш жа не зьядуць. Ну можа лобстэраў штодзень, але раней ці пазьней захочацца кашы ці сала. Людзі нармальныя...

Але ў іх ёсьць імкненьне зарабіць больш грошай. І таму яны глядзяць на нашу Беларусь такім чынам: «А што б яшчэ прыватызаваць». Бо ў Беларусі захавалі вытворчасьці. Дзякуй Богу, у наш шмат вытворчасьцяў, якія даюць добры прыбытак.

Чаго б гэтыя людзі хацелі? Нехта і хацеў бы зьмены ўлады, а нехта — не. Паколькі там ёсьць пэўныя кантакты з нашым урадам і прэзыдэнтам. Але зразумейце, што адбываецца цяпер. А цяпер адбываецца, што як штогод на Новы год, 31 сьнежня як казаў прэзыдэнт, усе ідуць за стол, а яму на каленях даводзілася вымольваць: «Дайце нафту, дайце газ па нейкіх цэнах, больш танных». І пачынаецца барацьба. І вынік — вырашылі, што будзем купляць частку нафты ці газу ў іншых краінах. Напрыклад, у ЗША, арабаў, азэрбайджанцаў купілі нафту.

Слухайце. Гэта ж тыя людзі, якія валодаюць гэтай сфэрай — гэта алігархамі іх называюць. Яны адчулі, што Беларусь сыходзіць. А якое іх жаданьне? А жаданьне — прывязаць Беларусь да Расеі, каб не сышла. Разумееце, з аднаго боку — Захад. Там глядзяць на нашы вытворчасьці як на канкурэнтаў. Але Захад ёсьць Захад. Ёсьць там дэмакратыя, няма — гэта пад сумненьнем, што там адбываецца. Ёсьць Расея, я намаляваў гэтую сытуацыю. Ну парадаксальна — Захад пачаў разварочвацца тварам да Беларусі, здаецца. Пернікі зьявіліся...

Але ці любяць яны Беларусь? Ну ня вельмі. У іх ёсьць свой інтарэс і яны ведаюць, што тут можна зарабіць. А Расея зацікаўлена ў чым? Каб зьмена ўлады адбылася? Яны ж разумеюць, што калі прыйдуць «сьвядомыя» да ўлады, то пойдуць на Захад. Тады што? А вельмі проста. Трэба стварыць такую сытуацыю, каб Захад адвярнуўся ад Беларусі, тады нашай Беларусі ня будзе куды дзецца. Давядзецца зноў ісьці на паклон да Расеі.

А як гэта зрабіць, пытаньне? А вельмі проста. Давайце зробім «майданчык». Зробім так, каб урад быў вымушаны прымяніць сілу. І тады Захад — дэмакратыі там няма, я так думаю, але прынцыпы дэмакратычныя там засталіся, тады санкцыі, атрымліваецца, трэба ўводзіць, адвярнуцца ад Беларусі, твар захаваць. Што рабіць беларусам? Ісьці на паклон да Расеі.

Я ня думаю, што будзе поўнае паглынаньне. Ва ўсялякім разе, у найбліжэйшы час. Я не хачу ў Расею, вось у чым справа. Я звычайны чалавек, такі як і вы, я не хачу ў Расею. Бо калі я еду па Бранску і Смаленску то бачу, палеткі зарасьлі, там цемра, вечарам калі едзеш, можа, у Бранску яшчэ агні сьвецяцца. Цемра! Мы ж гэта ведаем! Я не хачу туды! Я не хачу гэтых адносінаў, каб даваць хабар. Па-іншаму пытаньні нельга там вырашыць. Я туды не хачу. Але ад нас хочуць, каб Захад ад нас адвярнуўся і мы пайшлі на паклон. Калі прыйдзем на паклон — тады будзем ісьці на тое, каб аддаць пад прыватызацыю нейкія вытворчасьці».

Пра каранавірус і рэўнасьць Расеі

«У іх (расейцаў, — РС) ёсьць рэўнасьць да нас з гэтай пандэміяй. Бо аказалася, што беларусы разумнейшыя былі, што не зачынялі людзей, парад правялі, які ўвойдзе ў гісторыю. Усе баяліся — а беларусы правялі. А простыя людзі, расейцы, кажуць: „Чаму беларусы разумнейшыя?“ І каму задаюць пытаньні? — Вышэйшым. І вось гэта яшчэ рэўнасьць. Некаму хочацца нам „па ягадзіцах настукаць“, не, не зрынаць уладу. Яны таксама баяцца, што прыйдуць да нас розныя».

Пра рамонты аблвыканкаму за сотні тысяч даляраў

Нарэшце насьпелі пытаньні. Малады гамяльчук агучыў лічбы, выдаткаваныя на рамонт аблвыканкаму: каля 500 тысяч даляраў — на ганак, каля 400 — на рамонт камунікацый, гаражоў, замену аўтапарку. 700 тысяч даляраў — мачта для сьцяга. «А садкі і школы не рамантуюцца, ці за нашы грошы. За тыя грошы, якія пайшлі на аблвыканкам, можна было ўсе садкі і школы адрамантаваць», — заўважыў малады чалавек.

— А вы ўпэўненыя, што гэта бюджэтныя грошы?
— Чаму ў нас усё робіцца з-пад палкі, чаму ў нас паказуха, усё фарбуецца, калі Лукашэнка едзе?

У залі пачалі абурацца прысутныя — у бок маладога чалавека.
Ён працягваў разважаць пра тое, што з беларускім сярэднім заробкам нельга пражыць сям’і з дваімі дзецьмі. Сам ён вымушаны працаваць у Расеі.

— А чаму вы цяпер тут, а не ў Расеі?
— Мяжа закрытая, я вымушаны тут знаходзіцца.
— Ну зразумела. Грошы скончыліся, а злосьць засталася!
— Чаму? Пры чым тут злосьць? Я грамадзянін Беларусі, у мяне сям’я тут, я нічога не парушаю.
— Вам жа не адмовілі ў мэдычным абслугоўваньні? Вашы дзеці вучацца ў школах?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэмль пракамэнтаваў навіну пра COVID-19 у Лукашэнкі

Рэктар працягнуў сваю думку. «Назавіце мне хоць аднаго чалавека ў Беларусі, Украіне, Расеі ці на Захадзе, якому хапае заробку? Калі нехта скажа, што яму ўсяго хапае, значыць, у яго нешта ня тое з мазгамі». Кулажанка расказаў, што ва ўнівэрсытэце нехта працуе на стаўку, а нехта — на паўтары, піша падручнікі, займаецца навуковай працай, выхаваўчай таксама. «Мала стаўкі — працуй на паўтары. Дзьве працы знайдзі ці тры», — параіў Кулажанка.

Ён таксама папікнуў людзей. «Колькі ў нас пад Гомлем цяпліц? Асабліва на сваім участку? Людзі гадуюць гуркі, памідоры, а што? Яны хіба падатак плацяць за гэта? Людзі і дамкі неблагія пабудавалі вакол Гомля. Трэба працаваць, а не на печы ляжаць. А калі вы вяртаецеся з Расеі, я ведаю, дык на таксі езьдзіце і па рэстаранах ходзіце».

Пра мэтодыкі, якімі «замбуюць моладзь»

«Ёсьць пэўныя мэтодыкі, якія ўплываць на мазгі людзей. Яны распрацоўваюцца моцнымі краінамі, не будзем называць іх. Хаця і назавём. Гэта брацкая Расея, Заходняя Эўропа і Амэрыка. Ёсьць там спэцы і псыхолягі. Вось з дапамогай іх уплываюць на мазгі людзей. Вось цяпер наша моладзь замбаваная, што ўсё блага, і блага, і блага — адзін нэгатыў. А спытайся: "Што блага? Што дарогі добрыя, шматдзетным дапамагаюць, інвалідаў і пэнсіянэраў не кідаюць?". Гэтае замбаваньне, каб стварыць пратэставую масу, каб быў такі невялікі Майдан і вырашыць свае праблемы. Прашу вас з моладзьдзю працаваць, зьвярніце ўвагу».

Пра выбары

«Я за паступовае разьвіцьцё. Ну ў мяне пытаюцца... Прыгожыя дзяўчаты там... Я кажу, што я за паступовае разьвіцьцё. Я матэматык, доктар навук і ўмею аналізаваць. У мяне ёсьць вера. Каму верыць? Людзям, якія выпадкова прыйшлі, ці таму чалавеку, які 26 гадоў нашу краіну, як малое дзіця, на руках цягнуў ці на сьпіне? Разумееце, у яго няма нічога, як ён казаў, што ў труне кішэняў няма, ён перажывае за краіну і ён не падмане. Каб Аляксандар Рыгоравіч прывёў пераемніка і сказаў, што ён яго падрыхтаваў — я б прагаласаваў за яго. Як Пуціна прывёў Ельцын. Хай празь пяць гадоў, як атрымаецца...», — завяршыў прамову рэктар.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН