Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што не адмовіцца ад удзелу ў выбарах у абмен на вызваленьне мужа 

Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская

Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская заявіла ў эфіры «Эўрарадыё», што не адмовіцца ад барацьбы на выбарах у абмен на вызваленьне зь СІЗА яе мужа, відэаблогера Сяргея Ціханоўскага.

«Пытаньне ўжо ня толькі ў Сяргею. Тым, што ён выйдзе, я ашчасьліўлю дваіх чалавек — сябе і яго. Але мільёны людзей, якія паверылі Ціханоўскім... Я павінна думаць, што здраджу кожнаму зь іх. Яны мне паверылі, што я пайду да перамогі, да канца. На гэты момант я не абмяняю мужа на 7 мільёнаў выбарнікаў», — сказала Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдатка Ціханоўская сустрэлася з галадоўніцамі пад СІЗА ў Менску. Яны патрабуюць вызваліць палітвязьня Фурманава. ВІДЭА

29 траўня ў Горадні на пікеце ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі ейнага мужа і кіраўніка ініцыятыўнай групы, а таксама некалькі ягоных прыхільнікаў.

Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ шэрагу асобаў прад’явілі абвінавачаньні паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). З санкцыяй пракуратуры ўзялі пад варту.

Беларускія праваабаронцы абвясьцілі Ціханоўскага, а таксама яго паплечнікаў, якія праходзяць у адной крымінальнай справе, палітычнымі вязьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская апублікавала перадвыбарную праграму. Сярод задач — новыя выбары і вяртаньне да Канстытуцыі 1994 году 

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію «Эўрарадыё» таксама запэўніла, што ў выпадку выбраньня кіраўніцай дзяржавы не плянуе праводзіць радыкальнай люстрацыі.

«Ёсьць урад, дзе людзі працуюць ужо доўгі час. Яны застануцца на сваіх пасадах, калі не парушалі груба закон і не аддавалі злачынных загадаў. Гэта ня значыць, што калі прыйдзе новы прэзыдэнт, мы ламаем усё, што было да таго створана, і будуем новую краіну. Адзінае, калі раней галоўным крытэрам была паслухмянасьць, то яна мусіць зьмяніцца на ініцыятыву», — адзначыла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа прынесьці прысягу на вернасьць Канстытуцыі 1994 году». Ціханоўская абяцае новыя выбары. Ці законна гэта?

Кандыдатка паўтарыла абяцаньне правесьці перавыбары прэзыдэнта праз паўгода пасьля ўступленьня на пасаду.

На пытаньне аб плянах у выпадку перамогі дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, Сьвятлана Ціханоўская адказала, што яе каманда будзе законнымі мэтадамі, маючы на руках неабходныя доказы, змагацца за абвяшчэньне «рэальных вынікаў выбараў».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.