Днямі стала вядома, што муж кандыдаткі на прэзыдэнта Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай Сяргей уключаны ў сьпіс украінскага сайта «Міратворац» як парушальнік дзяржаўнае мяжы Ўкраіны. Свабода разьбіралася, што гэта азначае і якія могуць быць наступствы.
Што такое цэнтар «Міратворац»
Цэнтар «Міратворац» створаны ў 2014 годзе групай навукоўцаў, юрыстаў, журналістаў, выкладчыкаў, вайскоўцаў і спэцыялістаў па вывучэньні прыкметаў злачынстваў супраць нацыянальнай бясьпекі, міру, бясьпекі чалавецтва і міжнароднага правапарадку.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце, цэнтар мае статус недзяржаўнай арганізацыі. Яна пачала дзейнічаць адразу пасьля таго, як Расея анэксавала Крым і ўвяла войскі на ўкраінскі Данбас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Штаб Ціханоўскай адказаў на «ўкід» пра Сяргея Ціханоўскага і КрымЯкую інфармацыю зьбіраюць
За шэсьць гадоў дзейнасьці цэнтар сабраў больш як 200 тысяч прозьвішчаў грамадзян розных краін, дзейнасьць якіх, паводле стваральнікаў сайта, мае прыкметы злачынстваў. Умоўна ўсіх іх можна падзяліць на пяць групаў:
- расейскія вайскоўцы, якіх абвінавачваюць у забойстве ўкраінскіх грамадзян. У базе ёсьць іхныя фатаздымкі, дакумэнты, зьвесткі пра разьмяшчэньне вайсковых частак
- тэрарысты, баевікі, найміты, удзельнікі незаконных узброеных фармаваньняў і прыватных армій, падкантрольных Расеі
- парушальнікі дзяржаўнае мяжы Ўкраіны (тыя, хто наведваў анэксаваны Расеяй Крым праз расейскую тэрыторыю)
- украінскія вайскоўцы, якія парушылі прысягу Ўкраіне і перайшлі на бок Расеі і кантраляваных ёю незаконных узброеных фармаваньняў
- прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і грамадзкіх арганізацый, якія ўдзельнічаюць у інфармацыйнай вайне, арганізаванай Расеяй супраць Украіны, апраўдваюць агрэсію і ваенныя злачынствы Расеі і яе грамадзян. «Журналістаў няма. Ёсьць прапагандысты і мэдыя-[далей нецэнзурнае слова]», — удакладніў Свабодзе выканаўчы дырэктар цэнтру «Міратворац» Раман Зайцаў, у мінулым супрацоўнік тэрытарыяльнага ўпраўленьня СБУ ў Луганскай вобласьці.
Беларусы пад пільнай увагай
Цяпер у базе «Міратворца» 264 беларусы.
«У асноўным гэта беларускія найміты, іх 113. Парушальнікаў мяжы — 99, антыўкраінскіх прапагандыстаў — 52, і сярод іх ня толькі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі», — паведаміў Раман Зайцаў.
Паводле яго, найбліжэйшым часам у сьпісы парушальнікаў украінскай мяжы ўнясуць 11 836 грамадзян Беларусі «за супрацу з кантраляванымі Расеяй тэрарыстычнымі арганізацыямі і незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Ўкраіны».
«Міратворац» пра Ціханоўскага: «Удзельнічаў у спробах легалізацыі анэксіі Крыму»
Сяргей Ціханоўскі трапіў у базу «Міратворца» пасьля расьсьледаваньня міжнароднага валянтэрскага праекту InformNapalm за «сьвядомае парушэньне дзяржаўнай мяжы Ўкраіны з мэтай пранікненьня ў захоплены расейскімі акупантамі Крым і ўдзел у спробах легалізацыі акупацыі Крыму расейскімі захопнікамі».
У той жа час Раман Зайцаў пераконвае, што муж кандыдаткі на прэзыдэнта Беларусі трапіў у сьпісы парушальнікаў не на падставе гэтага расьсьледаваньня. Але першакрыніцу ён адмовіўся назваць, як і тое, якім чынам пераправяралася ўся інфармацыя пра Ціханоўскага.
«Пра сілы, сродкі і мэтадалёгію працы з інфармацыяй — без камэнтароў. Яго запіс на „Міратворцы“ зьмяшчае дастаткова інфармацыі пра ягонае знаходжаньне на тэрыторыі Ўкраіны, акупаванай расейскімі захопнікамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская адказала, чый КрымКіраўнік цэнтру таксама зьвярнуў увагу на той аспэкт, што першыя паведамленьні аб унясеньні Сяргея Ціханоўскага ў іхную базу зьявіліся не ў Беларусі, а ў Расеі, дзе сайт «Міратворац» забаронены.
«Чамусьці здаецца дзіўным, што ў Беларусі, дзе можна свабодна адкрыць „Міратворац“, гэтага не пабачылі, а ў Расеі, дзе доступ забаронены, неадкладна адрэагавалі. І чамусьці яшчэ адзін кандыдат ад апазыцыі і дэмакрат уцёк у Маскву, а не ў Эўропу ці ЗША, дзе ёсьць гарантыі бясьпекі. Ня дзіўна?»
Паводле Рамана Зайцава, нават у выпадку перамогі Сьвятланы Ціханоўскай прозьвішча ейнага мужа застанецца ў базе: «Мы нікога не выдаляем. Мы фіксуем злачынствы і правапарушэньні супраць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці».
На пытаньне, якім чынам Служба бясьпекі і Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны рэагуюць на сьпісы «Міратворца», прадстаўнік цэнтру сказаў, што ня мае такой інфармацыі.
«Яны не абавязаныя перад намі трымаць справаздачу. У той жа час па некаторых прыкметах можна прыйсьці да высновы, што яны выкарыстоўваюць вынікі нашых дасьледаваньняў у сваёй дзейнасьці даволі актыўна. І ўсё гэта робіцца ў поўнай адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Пра ўсе іншыя наступствы для чалавека доўга расказваць, але яны ня менш эфэктыўныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне дастаткова пяці гадоў, і менчукі б не пазналі горад», — рэстаратар Пракопʼеў пра сваю палітычную амбіцыюСкандалы вакол «Міратворца»
Дзейнасьць цэнтру неаднойчы крытыкавалі за неправамоцнае выкарыстаньне асабістых дадзеных грамадзян. На гэтай падставе ў 2015 годзе закрыць сайт патрабавала тагачасная ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Валерыя Луткоўская.
Пазьней гэтага ж патрабавалі замежныя арганізацыі і кіраўнікі іхных прадстаўніцтваў ва Ўкраіне — ААН, АБСЭ, Эўразьвяз. У 2017 годзе Расея накіравала ноту ЗША з патрабаваньнем спыніць хостынг сайта на тэрыторыі ЗША.
Усе скандалы былі справакаваныя публікацыяй пэрсанальных дадзеных — вядомых палітыкаў, у тым ліку экс-прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі, лідэркі партыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі, былога канцлера Нямеччыны Герхарда Шрэдэра, жонкі Ўладзіміра Зяленскага Алены, замежных і ўкраінскіх журналістаў, акрэдытаваных на непадкантрольных Кіеву тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля перамогі Майдану «беркутаўцы» ўцякалі ў Беларусь, Расею і Крым. Як да гэтага ставяцца ва ЎкраінеПасьля шэрагу такіх скандалаў у сродках масавай інфармацыі зьяўлялася інфармацыя пра нібыта згортваньне дзейнасьці цэнтру. Але гэта, як пераконвае ягоны кіраўнік Раман Зайцаў, не адпавядае рэчаіснасьці:
«„Міратворац“ з 2014 году не спыняў сваёй дзейнасьці ніводнага разу і не плянуе гэтага рабіць. Можам толькі параіць не паддавацца спэцапэрацыям, накіраваным на дыскрэдытацыю цэнтру. Хаця зрэдку мы падыгрываем у інфармацыйным полі нашаму ворагу, каб неяк пераключыць увагу або для забавы, бо наша цяжкая дасьледніцкая праца напружвае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Майдан можа быць у любым горадзе». Аналітыкі пра шанцы Ціханоўскай і ЛукашэнкіДзяржаўныя органы выкарыстоўваюць інфармацыю з усіх адкрытых рэсурсаў
Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, інфармацыя на сайце «Міратворац» не зьяўляецца падставай, каб забараняць замежным грамадзянам наведваць Украіну.
«Мы не выкарыстоўваем гэтую інфармацыю як аснову, але вывучаем усю інфармацыю, якая існуе ў адкрытым доступе, пры пошуку канкрэтных людзей», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
У той жа час ён ня змог удакладніць, ці ўвядуць забарону на наведваньне Ўкраіны беларускаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму, якога нядаўна ўнесьлі ў базу «Міратворца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Цапкала: Калі ў Беларусі будзе горача, я прыеду раней за 9 жніўня